Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Як вядома, віцебскае адкрытае акцыянернае таварыства «КІМ» абвешчана банкрутам. Маёмасць прадпрыемства цяпер распрадаецца.
8:02 14 лістапада 2015
420
Памер шрыфта

Карэспандэнт «Народнай Волі» наведаў дзіцячы лагер “Чайка”, які ўжо два гады не працуе і які таксама будзе выстаўлены на аўкцыён. Ці не “абчысцілі” яго? У якім стане знаходзяцца не толькі будынкі, але і мэбля, абсталяванне? На гэтыя і іншыя пытанні атрыманы адказы.

Лагер размешчаны на беразе возера Стрэшна. З Віцебска да «Чайкі» 40 кіламетраў. Накіроўваюся ўглыб лесу і ўпіраюся ў вароты.

Яшчэ нейкіх пяць гадоў таму атрымаць пуцёўку ў «Чайку» для дзяцей работнікаў «КІМа» было вялікай радасцю. Апошні раз на аздараўленне сюды прыязджалі летам 2013 года.

Зараз лагер больш нагадвае закінуты гарадок, чым месца адпачынку. Нядрэнная фактура для здымак фільма пра канец свету. Праходжу праз брамку, якая не зашчэплена, і аказваюся на тэрыторыі лагера. Вакол адносны парадак – пад нагамі толькі апалае лісце. Піўных бутэлек і іншага смецця няма. Бачна, што сюды даўно не ступала нага чалавека.

Пакоі для жылля, сталовая і клуб – зачынены. Вокны ў пакоі, на маё здзіўленне, цэлыя. Памяшканні стаяць непафарбаваныя і аблезлыя ад часу. Яшчэ год-другі без эксплуатацыі – і трэба будзе брацца за капітальны рамонт.

Футбольнае поле і сцежкі паміж карпусамі зараслі быльнікам. Адным словам, на тэрыторыі даўно не праводзіліся гаспадарчыя работы, што і не дзіўна.

Віцебскі «КІМ», на балансе якога лічыцца лагер, апошнія гады знаходзіўся ў глыбокім эканамічным крызісе. Работнікам нярэдка затрымлівалі зарплату, з-за чаго здараліся страйкі.

У жніўні аб’яўлена аб банкруцтве прадпрыемства. У такой сітуацыі пра дзіцячы лагер, відаць, мала хто ўспамінаў.
Курсірую па лагеры з надзеяй сустрэць хоць адну жывую душу. Павінен жа хтосьці прыглядаць за ім! Вось бачу вартаўніка. Пенсіянер у гумовых ботах вельмі незадаволены тым, што я пракраўся на тэрыторыю лагера без дазволу.

– Хоць лагер і не працуе, але ахоўваць яго трэба, – кажа Уладзімір. –А то знясуць і вокны, і дзверы… Да апошняй цагліны раскрадуць п’яніцы з навакольных вёсак.

Паводле слоў вартаўніка-пенсіянера, касметычны рамонт памяшканняў і добраўпарадкаванне тэрыторыі «Чайкі» дазволілі б зноў прымаць дзяцей на аздараўленне. Але наўрад ці ў бліжэйшай будучыні ў лагеры з’явяцца будаўнікі. Работнікі “КІМа” з перабоямі атрымліваюць заробкі. Замест грошай ім часам выдаюць адзенне. Прапаноўваюць працу на іншых фабрыках і заводах Віцебска. Хто-ніхто звярнуўся ў суд з мэтай атрымаць матэрыяльную кампенсацыю ад збанкрутаванай фабрыкі.

Маёмасць віцебскага «КІМа» пакрысе распрадаецца. Хадзілі чуткі, што замест дзіцячага лагера на беразе возера Стрэшна з’явіцца прыватны санаторый.

– Улетку прыязджалі нейкія людзі на агледзіны, – гаворыць Уладзімір. – Але так і не дамовіліся з начальствам. Нешта не сышлося…

АФІЦЫЙНА

Колькі каштуе лагер?

Далейшым лёсам дзіцячага лагера «Чайка» «Народная Воля» пацікавілася ў антыкрызіснага кіраўніка ААТ «КІМ» Паўла Зайца.

– Так, «Чайка» прадаецца, – адказаў Павел Уладзіміравіч. – Прадпрыемства, якое збанкрутавала, не можа ўтрымліваць яшчэ нейкія аб’екты. Цікавасць у пакупнікоў да тэрыторыі лагера ёсць, але пакуль існуюць пэўныя праблемы з дакументамі. Па завяршэнні працы над паперамі будзе абвешчаны аўкцыён.

– Набыць лагер зможа любы, у каго ёсць грошы?

– Узяць удзел у аўкцыёне могуць усе жадаючыя. Інфармацыя пра дату, калі адбудуцца таргі, будзе даведзена да грамадскасці.

– А колькі каштуе лагер і ці зможа новы ўладальнік выкарыстоўваць тэрыторыю ў асабістых мэтах?

– Віцебскі інстытут нерухомасці і ацэнкі яшчэ не скончыў сваю працу, таму казаць аб кошце рана. Дакладных лічбаў яшчэ няма. Як толькі завершыцца праца над паперамі і аб’ект атрымае ацэнку, тады можна будзе размаўляць аб змене профілю і коштах. Аўкцыён будзе адкрыты.

Вось такі лёс напаткаў калісьці буйное прадпрыемства Віцебска. З-за безадказнай палітыкі кіраўніцтва «КІМа» супрацоўнікі фабрыкі засталіся без нармальных заробкаў і вымушаны шукаць працу. Усё ідзе, як кажуць, з малатка…

Фота аўтара.

Аўтар: Раман ВАСЮКОВІЧ 
Крынiца: Народная Воля
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Когда у белорусов будет средняя зарплата в 1000 рублей?

Экономист Леонид Заико рассказал «Народной Воле» о том, почему средняя зарплата в 500 долларов не более чем «политизированный вымпел».

Блиц

21 ноября на совещании по поводу экономической ситуации в 2017 году и планов на 2018-й, в котором приняли участие члены правительства, руководители Нацбанка, облисполкомов и Минского горисполкома, Але
24 лістапада 2017

Кредиторы прочат Беларуси беспросветное будущее

Власти надеются на ускорение роста экономики, а кредиторы прогнозируют в Беларуси хроническую стагнацию.