Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Усе члены былога ўрада пакуль застаюцца на сваіх месцах, але хто-ніхто ўжо выносіць асабістыя рэчы з кабінетаў. Аляксандр Лукашэнка заступіў на пяты прэзідэнцкі тэрмін, а гэта значыць, што ён павінен прызначыць новы склад урада. Зразумела, што ў кулуарах у першую чаргу абмяркоўваецца, хто ў такі адказны, крызісны перыяд узначаліць Савет міністраў.
7:59 14 лістапада 2015
1196
Памер шрыфта

Варыянт першы

На гэтай пасадзе застанецца Андрэй КАБЯКОЎ.

Прыхільнікі гэтай версіі сцвярджаюць, што Кабякоў не нарабіў вялікіх памылак, не выйшаў, так бы мовіць, з ценю Аляксандра Лукашэнкі (як, напрыклад, Сяргей Сідорскі ці Уладзімір Ярмошын), таму ён можа захаваць пасаду. Тым больш што, нягледзячы на вялікую адказнасць, у беларускай іерархіі ўлады пасада прэм’ер-міністра, можна сказаць, тэхнічная: ён павінен браць пад казырок і выконваць загады з Адміністрацыі прэзідэнта. Хто бліжэй да Аляксандра Лукашэнкі, хто часцей нашэптвае яму на вуха тую ці іншую інфармацыю – той і мае сапраўдны ўплыў. А Кабякоў паспяхова спраўляецца з функцыямі дысцыплінаванага выканаўцы і на большае не прэтэндуе. Іншая справа, што вынікі гэтай працы мы бачым па зменшаных заробках і зменшаным працоўным тыдні на многіх прадпрыемствах. Хаця Аляксандр Лукашэнка, гэтак жа як і большая частка, упэўнены, што ўсё вышэйпералічанае не памылкі эканамічнай палітыкі, а наступствы сусветнага эканамічнага крызісу.

У той жа час хто-ніхто ўсё-такі прагназуе адстаўку Андрэя Кабякова. Кажуць, што Аляксандру Лукашэнку быццам не даспадобы кабінетная мяккасць Кабякова, які добра ўмее ўсё патлумачыць, але рэдка калі можа прапанаваць, што ж рабіць.

Варыянт другі

Урад можа ўзначаліць банкір Васіль МАЦЮШЭЎСКІ.

Ён доўгі час працаваў у Нацыянальным банку намеснікам старшыні праўлення, потым узначальваў “БПС-банк”, апошнім часам быў першым намеснікам прэм’ер-міністра. Мае рэпутацыю вельмі даверанай асобы.
Прыхільнікі гэтай кандыдатуры сцвярджаюць, што Аляксандр Лукашэнка добра разумее, у якой складанай сітуацыі апынулася айчынная эканоміка, таму даверыцца можа толькі чалавеку, цалкам лаяльнаму і цалкам праверанаму. Гэта з аднаго боку.

А з другога боку, на першы план выйшла неабходнасць прыцягнення ў краіну знешніх пазык – грошай, якія дазволяць перажыць цяжкія часы. А ў такіх перамовах Мацюшэўскі – што рыба ў вадзе, як кажуць, ці не ўсё жыццё толькі гэтым і займаўся. Прычым як на заходнім накірунку, адказваючы за супрацоўніцтва з МВФ і прыцягненне інвестыцый у банкаўскую сферу, так і на ўсходнім, кіруючы тут, у Беларусі, фактычна расійскім банкам.

Мацюшэўскі цудоўна валодае англійскай мовай, скончыў Лонданскую школу бізнесу, кандыдат эканамічных навук. Але ён ніколі не меў ніякіх спраў з рэальнай вытворчасцю (калі не лічыць працу на будоўлях у складзе студэнцкіх атрадаў). І гэта сур’ёзны мінус ягонай кандыдатуры, бо ўсё ж такі размова ідзе не пра пасаду кіраўніка Нацбанка, а пра пасаду кіраўніка ўрада. Да таго ж за час працы ў “БПС-банку” ён стаў занадта ангажаваным у расійскі алігархічны бізнес. Што можа разглядацца не як плюс, а як вялікі мінус.

Дарэчы, калі прэм’ерам будзе прызначаны Васіль Мацюшэўскі, то мы маем шанц амаль нічога не даведацца пра дзейнасць урада. Ён маўчун, і такое ўражанне, што нават баіцца нейкіх публічных выступленняў ці каментарыяў. Нядаўна Мацюшэўскі павінен быў выступіць на “Кастрычніцкім эканамічным форуме” ў Мінску (і гэтага даклада беларускія і міжнародныя эксперты вельмі чакалі), але … не прыйшоў, паведаміўшы, што яго выклікалі ў “высокія кабінеты”. Можа, і так. І не выключана, што выклікалі ўзгадніць прызначэнне.

Варыянт трэці

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта па эканамічных пытаннях, былы міністр эканомікі Мікалай СНАПКОЎ – гэта трэці з тых, каго таксама называюць у якасці магчымага прэм’ера.

Па ўладных кабінетах упарта ходзіць пагалоска, што самы вялікі плюс гэтай кандыдатуры … жонка. Мы гэтага адназначна сцвярджаць не можам, бо пасведчанняў аб нараджэнні не бачылі, але, па чутках, адзін з тых, хто найбольш прыбліжаны да Лукашэнкі, і Мікалай Снапкоў жанаты на родных сёстрах. Карацей, сваякі…

У любым выпадку Мікалай Снапкоў досыць даўно “ў сістэме”: працаваў у Магілёўскім аблвыканкаме, потым у Адміністрацыі прэзідэнта, затым – міністрам эканомікі, потым – зноў у Адміністрацыі прэзідэнта… Мае рэпутацыю чалавека адэкватнага і нават рыначніка. Ён сапраўды не аднойчы выказваўся аб неабходнасці сур’ёзных рэформаў беларускай эканомікі і гаварыў пра сур’ёзныя хібы існуючай сістэмы. Але літаральна падчас інаўгурацыі Аляксандр Лукашэнка не вельмі далікатна прайшоўся па тых сваіх дарадцах, якія “нашэптваюць пра рэформы”. Верагодна, у тым ліку і Снапкова меў на ўвазе. Так што паглядзім, як яно будзе.

Зразумела, што вышэйпералічанымі кандыдатурамі спіс прэтэндэнтаў на пасаду старшыні Савета міністраў не абмяжоўваецца. Сярод магчымых кандыдатур называюць і Сямёна Шапіру, і Сяргея Румаса, і нават чалавека, які сыходзіць з улады, ды толькі ніяк не сыдзе, – Міхаіла Мясніковіча. Наша “тройка лідараў” – гэта тыя, чые прозвішчы на сённяшні дзень называюцца найчасцей. Але рашэнне прыме Аляксандр Лукашэнка, і яно, як ужо не аднойчы было, можа быць самым нечаканым.

ДАСЛОЎНА

Аляксандр ЛУКАШЭНКА (на нарадзе па пытаннях развіцця дзяржаўных органаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі):

– Усе, хто жадае працаваць ва ўрадзе, павінны даказаць сваю здольнасць прэзідэнту, каб я вас не фармальна прызначаў, перапрызначаў. (…) Я не хацеў бы аўтаматам падпісваць указы аб прызначэнні, у тым ліку членаў урада, якія тут прысутнічаюць. Тады мной была пастаўлена задача: кожны на працягу трох-чатырох хвілін павінен выкласці сваё бачанне развіцця той ці іншай структуры. Будзе яна глыбока рэфармавана, ажно да злому некаторых аспектаў (я гэта абсалютна не выключаў і не выключаю), альбо яна будзе спакойна ўдасканальвацца, паколькі мы ўжо дастаткова глыбінныя рэформы здзейснілі на цяперашні час.

Аўтар: Алена НОВІКАВА 
Крынiца: Народная Воля
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Лукашенко: решение направить главу МИД в Брюссель было принято задолго до саммита

Решение направить в Брюссель главу МИД Владимира Макея было принято задолго до саммита "Восточного партнерства".
24 лістапада 2017

Макей: Базавае пагадненне аб партнёрстве ў Беларусі з ЕС будзе рана ці позна

Базавае пагадненне аб партнёрстве паміж Беларуссю і Еўрасаюзам будзе рана ці позна, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 24 лістапада журналістам у Бруселі перад пачаткам саміту Усхо
24 лістапада 2017

«Это маленький прорыв». В состав Брестской областной избирательной комиссии вошел представитель оппозиции

В облизбирком по выборам депутатов в местные Советы депутатов 28 созыва избрана Мария Волкова, член Белорусской партии левых «Справедиливый мир».