“Ёсць звесткі, што сярод пацярпелых у выніку тэракту ў Парыжы адзін грамадзянін Беларусі. Яму аказваецца меддапамога, пагрозы жыццю няма”, — адзначаецца ў паведамленні, перадае БелаПАН.

“Праводзіцца праверка. Чакаем афіцыйных даных французскага боку”, — удакладняе беларускае МЗС.

Знешнепалітычнае ведамства апублікавала тэлефон для экстраннай сувязі з пасольствам у Францыі: +33609784140. Тэлефанаваць могуць толькі грамадзяне, родныя якіх знаходзяцца ў Парыжы і не выходзяць на сувязь. Тэлефон гарачай лініі прэфектуры Парыжа для турыстаў +33(0)145558000.

МЗС “рэкамендуе грамадзянам нашай краіны, што знаходзяцца ў Францыі, выконваць указанні улад і выйсці на сувязь з роднымі і блізкімі ў Беларусі”. Пасольства ў Парыжы працягвае адсочваць сітуацыю.

Паводле апошніх даных, у выніку атак тэрарыстаў з “Ісламскай дзяржавы” ў ноч на 14 лістапада ў розных раёнах французскай сталіцы загінула больш за 150 і паранена больш як 200 чалавек. У краіне ўведзена надзвычайнае становішча, адноўлены пагранічны кантроль, аднак авія- і чыгуначныя зносіны не спынены.

Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуванні прэзідэнту Францыі Франсуа Аланду, французскаму народу, родным і блізкім загінулых і пацярпелых у сувязі з серыяй тэрактаў у Парыжы.