Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Два тыдні таму Аляксандр Лукашэнка паклаў канец размовам пра размяшчэнне расійскай авіябазы ў Беларусі, заявіўшы, што гэты крок нашкодзіць і Беларусі, і Расіі. Але ці доўга Беларусь зможа супраціўляцца планам Расіі размясціць тут свае паветраныя сілы?
11:13 13 лістапада 2015
504
Памер шрыфта

Мяркуйце самі: Беларусь не закупала новыя баявыя самалёты ажно з часоў развалу Савецкага Саюзу. Апошнія абнаўленні айчыннага авіяпарку — гэта чатыры вучэбна­-баявыя самалёты Як­130, якія кампанія «Іркут» сёлета паставіла нашаму Міністэрству абароны. Падпісаны кантракт яшчэ на чатыры такія самалёты, піша «НН».

Што такое Як­-130? Вайскоўцы называюць яго «лятучым камп’ютарам», што праўда, бо самалёт бадай што найлепшы ў свеце па электроніцы. Але ягоная асноўная задача — гэта падрыхтоўка пілотаў да палётаў на розных тыпах самалётаў: Як­130 можа імітаваць палёт нават амерыканскіх F­16 i F­22 Raptor.

Што ж датычыць ягоных баявых здольнасцяў, то тут самалёт саступае той тэхніцы, якой сёння валодаюць беларускія ВПС: МіГ-­29, Су-­25, Су-­27 (Су-27 выведзеныя з шэрагаў Узброеных сілаў у 2013 годзе. Рэальна сёння ўся знішчальная авіяцыя краіны — гэта толькі дзве эскадрыльі МіГ-29).

Іншымі словамі, разглядаць Як-130 як паўнавартасную замену цяжкім знішчальнікам нельга.

І Беларусь, безумоўна, хацела б атрымаць больш баяздольную тэхніку, але нашыя баявыя «саюзнікі» нам яе проста не даюць!

Расія адмаўляецца пастаўляць Беларусі цяжкія знішчальнікі пакалення 4+ Су-­30, хоць пра гэта неаднаразова вяліся перамовы.

Асабліва паказальны выпадак 2013 года, калі, паводле папярэдняй дамовы, Індыя вяртала Расіі 18 Су­-30К, у абмен на Су-­30-МКІ.

Каб не плаціць пошліну, самалёты не ўвозілі ў Расію, а паветрам даставілі на 558­-ы авіярамонтны завод у Баранавічах, дзе самалёты меліся прайсці мадэрнізацыю. Далей расіяне хацелі іх прадаць па даволі прывабнай цане — каля 300 мільёнаў даляраў за 18 самалётаў! (Новы Су-­30 у залежнасці ад мадэлі каштуе ад 50 да 90 мільёнаў $ за адзінку.)

Індыйскія Су-30К

Найбольш імаверным купцом тады здавалася Беларусь, бо тут самалёты праходзілі мадэрнізацыю.

Але нам не далі тыя знішчальнікі, прадаўшы іх у… Анголу! Перыферыйную афрыканскую краіну, якой Крэмль яшчэ і даў крэдыт на закуп самалётаў. Беларусі ж не дасталося нічога.

Такім чынам, наш вайсковы «саюзнік» метадычна сабатуе дзейнасць ВПС Беларусі, заганяючы нас у прамую залежнасць ад расійскай авіяцыі, бо ўласная з кожным годам старэе і не можа адпавядаць выклікам часу.

Напрыклад, 558-­ы рамонтны завод у Баранавічах можа мадэрнізаваць самалёты, чым цяпер і займаецца. Але гэта датычыць толькі электронікі — зношаныя рухавікі Су і МіГ мы замяніць не можам, бо ў Беларусі іх не робяць.

Наступствы старэння авіяпарку ўжо бачныя — за мінулы год падчас трэніровачных вылетаў у Беларусі разбіліся два самалёты: штурмавік Су-­25 з лідскай авіябазы і знішчальнік Міг­-29 з баранавіцкай.

Відавочна, што Як-­130 не змогуць напоўніцу замяніць страчаныя самалёты і ўзмацніць айчынны авіяпарк.

Таму сам Лукашэнка перыядычна падкрэслівае патрэбу ў новай тэхніцы. Пасля сустрэчы з Шайгу ў 2013 годзе Лукашэнка сказаў, што яму, як галоўнакамандуючаму, «сёння не хапае двух дзясяткаў сучасных самалётаў». І што нам прапанавалі рускія? Размясціць тут свае войскі, а не дапамагчы тэхнікай.

Ваенны эксперт Аляксандр Алесін увогуле мяркуе, што Расія чакае, пакуль уся нашая авіятэхніка выйдзе з ладу, каб у Беларусі не было ніякіх варыянтаў, акрамя як пагадзіцца на размяшчэнне сучасных расійскіх самалётаў на сваёй тэрыторыі.

Наш адказ

Адзінае выйсце ў гэтай сітуацыі для Беларусі — гэта распрацоўка ўласнай зброі стрымлівання, і такая зброя ўжо ёсць. Гэта «Паланэз» — спалучэнне сістэмы рэактыўнага агню і аператыўна­тактычнага комплексу, зона паражэння якога складае 200 кіламетраў.

«Паланэзы» на парадзе 9 Мая ў Мінску.

«Паланэзы» распрацаваныя разам з кітайцамі, у якіх ёсць добрыя напрацоўкі ў галіне ракетабудавання.

Але нават стварэнне «Паланэзаў» Лукашэнку падаецца недастатковым — на пачатку лістапада, падчас наведвання завода дакладнай электрамеханікі ў Дзяржынскім раёне, Лукашэнка даручыў стварыць і паставіць у войска больш магутныя ракетныя комплексы.

Пра самалёты ж на час вырашана забыцца, пра што сведчаць словы галоўнакамандуючага ў духу «Што такое самалёт? Яго бачна з усіх бакоў у паветры. Пуск адной ракеты — і няма самалёта».

І насамрэч, сёння ў Беларусі ёсць чатыры брыгады С­-300, якія агулам могуць зрабіць каля 700 пускаў. Важным крокам ва ўмацаванні абараназдольнасці быў бы выпуск айчынных аналагаў С­-300. Але гэта вельмі складаная задача.

Беларускія Як-130.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Лукашенко: решение направить главу МИД в Брюссель было принято задолго до саммита

Решение направить в Брюссель главу МИД Владимира Макея было принято задолго до саммита "Восточного партнерства".

Макей: Базавае пагадненне аб партнёрстве ў Беларусі з ЕС будзе рана ці позна

Базавае пагадненне аб партнёрстве паміж Беларуссю і Еўрасаюзам будзе рана ці позна, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 24 лістапада журналістам у Бруселі перад пачаткам саміту Усхо

«Это маленький прорыв». В состав Брестской областной избирательной комиссии вошел представитель оппозиции

В облизбирком по выборам депутатов в местные Советы депутатов 28 созыва избрана Мария Волкова, член Белорусской партии левых «Справедиливый мир».