Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Уяўляю, якімі клоўнамі пачуваюцца беларускія ўрадоўцы перад місіяй МВФ, што пачала працаваць у Мінску 9 лістапада.
16:12 11 лістапада 2015
579
Памер шрыфта

Бо, каб атрымаць ад фонду крэдыт на тры мільярды долараў, трэба пакласці на бочку праграму структурных рэформаў, прычым змацаваную гарантыямі на самым высокім узроўні. Між тым галоўны беларускі начальнік, выступаючы на ўласнай інаўгурацыі ў мінулую пятніцу, змяшаў ідэю тых рэформаў з брудам. 

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, рэформы нам падкідваюць ворагі, што хочуць скрышыць палітычны лад. Ён заклікае развіваць існуючую беларускую мадэль. Між тым яна на вачах “згортваецца”: сёлета за дзевяць месяцаў валавы ўнутраны прадукт упаў на 3,7%, сярэдні заробак у верасні апусціўся да 389 долараў, хоць яшчэ напрыканцы 2014 года перавышаў 620 долараў.

Гэта не развіццё, а класічная дэградацыя, паўтор дэградацыі савецкай сістэмы. Спрабаваць удыхнуць новае жыццё ў казённую эканоміку (у тым ліку праз прымітыўна трактаваную мадэрнізацыю) – тое самае, што сцябаць дохлага каня. “Беларуская мадэль” трымалася на індустрыяльнай базе часоў СССР, нафтавай дурніцы ад Расіі. Выпетраў стары прамысловы патэнцыял, скончылася дурніца – і тая мадэль капітальна села на мель, як некалі савецкая эканоміка. Без рэформаў, даводзяць сёння Мінску крэдыторы, з ямы не выкараскацца.

Беларускі кіраўнік прывык, што яму шалёна шанцуе, што праблемы неяк рассмоктваюцца (ну і плюс пераканаўся, што “народзец” надта ж цярплівы). Але зараз дурніцы не будзе. Расія – жыватворная крыніца субсідый для беларускага рэжыму – надоўга апынулася ў рэцэсіі, адраджэння нафтавага афшору Мінск не дачакаецца ўжо ніколі.

Зрэшты, калі Лукашэнка наракае, што эканамічныя рэформы пагражаюць палітычнаму ладу Беларусі, ён мае рацыю. Пераўтварэнні базісу рана ці позна закрануць і надбудову. Такім чынам, гаворка ідзе пра рызыкі для жорсткай аўтакратыі, якую першы прэзідэнт адбудаваў у сінявокай краіне дзеля ўтрымання свайго крэсла. І заява на інаўгурацыі, што ён гатовы служыць народу да апошніх дзён, чытаецца адназначна: пасаду Лукашэнка нікому не збіраецца саступаць да свайго фізічнага канца, а мо і спадзяецца перадаць у спадчыну.

Іначай кажучы, афіцыйны кіраўнік, разважаючы пра рэформы, найперш пераймаецца за лёс уласнага самадзяржаўя, фактычна створанай манархіі.

І гэта азначае, што інтарэсы нязменнага прэзідэнта прыйшлі ў жорсткую супярэчнасць з інтарэсамі развіцця Беларусі, якое немагчыма без трансфармацыі эканамічнага (а ў перспектыве, натуральна, і палітычнага) ладу.
Чаму ж народ не абураецца і не выходзіць на вуліцы? Праблема не толькі ў сілавым кулаку рэжыму. Ягоны правадыр іграе на патэрналізме ладнай часткі беларусаў, іх боязі перамен. Кіроўныя вярхі, прапаганда спекулююць на ўкраінскіх падзеях: во, бачыце, захацелі паўднёвыя суседзі ў Еўропу – у выніку кроў, разадраная краіна.

Беларусам нахабна хлусяць пра нейкі сусветны крызіс, хоць і ў ЗША, і ў Еўрасаюзе, і ў Кітаі эканоміка расце, у мінусе збольшага толькі постсавецкія аўтакратыі, што з’ядналіся ў застойны Еўразійскі эканамічны саюз.
У прамове на інаўгурацыі Лукашэнка палохаў суайчыннікаў жахамі капіталізму. Але дастаткова зірнуць на Польшчу, што перамучылася ў свой час рэформамі. Некалі палякі змяталі ўсё з нашых прылаўкаў, сёння ж беларусам беластоцкія крамы падаюцца казкай – такія там выбар і цэны. У нас жа нармальнага капіталізму няма, а вось жахлівая абдзіралаўка – на кожным кроку. Дзе тая бясплатная адукацыя, якой казырае галоўны начальнік? Вывучыць студэнта сёння азначае для многіх бацькоў пакласці зубы на паліцу. І так амаль што ва ўсім: ад сацыяльнай дзяржавы засталася адна назва.

І гэта толькі кветачкі, бо дзеля грошай ад замежных крэдытораў улады, пэўна ж, пойдуць на рэзкае павышэнне кошту камуналкі, праезду ў транспарце. Беларусы атрымаюць шок без тэрапіі.

Хтосьці кажа: дэмакратыю на хлеб не намажаш. Але ж відавочна, што самыя развітыя краіны свету – гэта менавіта дэмакратыі. Зрэшты, гісторыя мае і прыклады “дыктатур развіцця”. Іспанскі каўдыльё Франка на пачатку 1960-х даў тэхнакратам магчымасць разняволіць эканоміку, што забяспечыла яго краіне імклівы рост. З галечы на пік сусветнага дабрабыту вывеў Сінгапур жалезнай рукой Лі Куан Ю.

Але праўда і тое, што эканамічнае развіццё падточвае дыктатуру. Лукашэнка выдатна гэта адчувае, і таму наіўна чакаць, што пасля 21 года кіроўнага рэтраградства ён ператворыцца ў беларускага Лі Куан Ю. Лукашэнка хоча руляваць усім. І таму беларусам пры яго кіраванні наканавана “дыктатура дэградацыі”. Калі ў самога народа не стане волі змяніць хаду падзей.

Спецыяльна для “Народнай Волі” Аляксандр КЛАСКОЎСКІ

Фота: belaruspartisan.org

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Беларусь не планирует уходить со своей молочной продукцией с российского рынка — Русый

Беларусь не планирует уходить со своей молочной продукцией с российского рынка, заявил заместитель премьер-министра Михаил Русый в программе "Главный эфир" телеканала "Беларусь 1".

У Беларусі пачалі перапрацоўваць скарыстаныя батарэйкі

У Беларусі пачалася перапрацоўка скарыстаных батарэек. Адпаведную лінію запусцілі на прадпрыемстве “БелВІТ”, якое размяшчаецца ў вёсцы Станок-Вадзіца пад Мінскам.  
20 лістапада 2017

Бери, сколько хочешь. Нацбанк снимает валютные препоны

Иностранную валюту предприятия смогут покупать без ограничений.