Лукашэнка зноў сумняваецца ў сваім народзе

0

Лукашэнка падкрэсьліў, што галоўны прынцып ягонай палітыкі цягам дваццаці гадоў — «усё павінна быць спакойна, без рэвалюцыяў», асабліва ў эканоміцы. Ён адзначыў, што калі ў палітыцы, заканадаўстве яшчэ можна прымаць радыкальныя законы, то эканоміка ніколі не пацерпіць, калі яе будуць ламаць праз калена:

«Ня сёньня-заўтра гэта адгукнецца.Таму я ішоў эвалюцыйным шляхам, нават калі ведаў, што гэты эвалюцыйны шлях не адразу выведзе нас на вынік, але я разумеў, што гэта не балюча будзе народу».

Лукашэнка падкрэсьліў, што гатовы на любыя рэформы, але сумняваецца, ці трэба гэта народу.

«Адна справа сказаць „давайце наперад“, а, калі наперад пойдзем, хто дойдзе? Таму пытаньне не ўва мне. Я гатовы на любыя пераўтварэньні і рэформы, рэвалюцыйныя ў тым ліку, хоць гэта ня мой прынцып. Я гатовы зрабіць так, як вы хочаце. Ніхто мяне не папракне, што я дзейнічаў гэтыя гады насуперак думцы народа».

Лукашэнка заўважыў, што абяцаў беларусам, што будзе паступаць так, як яны хочуць. «Я так і дзейнічаю. Калі вы мне дасьце карт-блянш на любую ломку і рэвалюцыйнае пераўтварэньне, калі вы гэтага захочаце — калі ласка. Мы гэта зробім. Пытаньне не ўва мне — пытаньне ў грамадзтве», — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы сказаў, што лепш ісьці спакойна эвалюцыйным шляхам бяз ломкі і без рэвалюцыяў.

Таксама ён заявіў, што калі ў Захаду ёсьць імкненьне палепшыць адносіны зь Беларусьсю, ніхто і нішто перашкодзіць ня зможа.

Ён падкрэсьліў, што гэтыя выбары, і ня толькі выбары, могуць паспрыяць паляпшэньню стасункаў Беларусі з Захадам толькі пры жаданьні самога Захаду.

«Усё, што Захад пажадаў, усё, што Захад захацеў бачыць напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, прызнаюся шчыра, мы зрабілі. Таму, калі ў Захаду ёсьць імкненьне ўсталяваць з намі адносіны, ніхто і нішто перашкодзіць ня можа», — падкрэсьліў Лукашэнка.

Аднак Лукашэнка заявіў, што Расея — гэта самая блізкая краіна Беларусі, і ў гэтым можна не сумнявацца. Таксама ён адзначыў, што не абмяркоўваў з прэзыдэнтам Расеі пытаньне аб разьмяшчэньні ў Беларусі расейскай авіябазы.

Поделиться ссылкой: