Фінансавыя сакрэты выбараў-2015: што хаваюць ЦВК і ўлады

2
Крыніцы папаўнення выбарчых фондаў

“Ваша просьба не заснаваная на нормах выбарчага заканадаўства, якое ўстанавіла канкрэтны аб’ём звестак, якія абнародваюцца, аб паступленнях у выбарчыя фонды кандыдатаў у прэзідэнты”, — гэта фрагмент афіцыйнага адказу ЦВК на запыт Еўрарадыё з просьбай прадаставіць звесткі аб тым, хто і ў якім аб’ёме пералічвае грошы ў выбарчыя фонды кандыдатаў.

І справа тут не толькі ў залішняй цікаўнасці да чужой кішэні — выбарчыя фонды не маюць права папаўняць дзяржаўныя установы і прадпрыемствы, а таксама замежныя грамадзяне і кампаніі, якія заснаваныя пры іх ўдзеле. Іншымі словамі, праверыць законнасць фармавання фондаў пры жаданні можа толькі Цэнтрвыбаркам. Ці будзе ён правяраць кожную з сотняў, а то і тысяч юрыдычных ці фізічных асобаў, якія пералічвалі грошы — яшчэ пытанне.

Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што ЦВК не супраць публікацыі такіх звестак пры згодзе саміх выбарчых штабаў. Аднак тыя кандыдаты, з якімі атрымалася пагаварыць на гэты конт, раскрываць інфармацыю адмовіліся.

Паходжанне некаторых агітацыйных матэрыялаў

Акрамя нешматлікай агітацыі, якую выпусцілі штабы, і матэрыялаў, разасланых ЦВК, на вуліцах можна знайсці яшчэ шмат цікавага. У прыватнасці — вялікія каляровыя плакаты з выбарчым лозунгам Аляксандра Лукашэнкі: “За будучыню незалежнай Беларусі!”. Нядрэнны выраз. Але ўсё ж палітычны, і ў гэтай кампаніі канкрэтна асацыюецца з кампаніяй дзейнага кіраўніка краіны. “Гэтыя плакаты нам прынеслі з выканкама”, — расказваюць у адной з кнігарняў на праспекце Незалежнасці ў Мінску. У тэрытарыяльнай выбарчай камісіі Ленінскага раёна сталіцы, патупіўшы вочы, пацвярджаюць — узоры плакатаў маюць з адміністрацыі. Аднак і ў выканкаме, і на паліграфкамбінаце імя Якуба Коласа, які друкаваў дзіўнаватую прадукцыю, пра плакаты з выбарчым лозунгам размаўляць адмаўляюцца. Маўляў, “камерцыйная таямніца”. Не кажуць таксама, колькі грошай пайшло на такую прыгажосць. Аздобленую, дарэчы, фотаздымкамі дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА.

Сапраўдны кошт выбараў

Здавалася б, тут усё проста. Лідзія Ярмошына яшчэ некалькі месяцаў таму агучыла лічбу памерам у 181 мільярд, якія запланаваныя ў бюджэце на першы тур выбараў (быццам нехта верыць у другі). Але не ўсё так проста. Удзел ва ўскосным фінансаванні выбарчай кампаніі бяруць і мясцовыя ўлады. “Пано на педагагічным універсітэце? Гэта “Мінгарвыканкам”, не мы”, — расказваюць ў фінансавым аддзеле ЦВК. У дадатак “Мінгарвыканкам” аплачваў усе гэтыя чырвона-зялёныя плакаты з надпісам “11 кастрычніка выбары прэзідэнта Беларусі” і яшчэ шмат чаго іншага. Замовы ішлі праз агенцтва “Мінскрэклама”. Яго галоўны мастак Аляксей Мартынаў пералічвае спіс з некалькіх пазіцый прадукцыі, але не больш. Называць кошты і наклады адмаўляецца катэгарычна.

У прэс-службе Мінгарвыканкама спасылаюцца на Упраўленне ідэалагічнай працы. Маўляў, пытанні па вырабе выбарчай інфармацыйнай прадукцыі — гэта да іх. Ідэолагі з нявінным выразам твару пасылаюць у прэс-службу. Д’яблава кола, з якога можна паспрабаваць выйсці толькі з дапамогай некалькіх афіцыйных пісьмовых запытаў. “Але дасылайце іх пасля выбараў. Цяпер вам дакладна ніхто нічога не скажа”, — паведамляюць у Мінгарвыканкаме.

Дэкларацыі аб прыбытках кандыдатаў

Яны нібыта публікуюцца. Нават можна даведацца пра агульны прыбытак кандыдата Лукашэнкі за 2014 год (і нечакана дазнацца, што ён не атрымлівае пенсіі). Але акрамя прыбыткаў кандыдатаў мы можам даведацца толькі пра маёмасць і заробкі самых блізкіх родных. У большасці выпадкаў — мужоў і жонак. Публікаваць інфармацыю нават пра маёмасць і прыбыткі дзяцей Цэнтрвыбаркам у 2015 годзе не лічыць патрэбным. Але яшчэ ў 2001 годзе свабодна публікаваліся дадзеныя аб прыбытках унучак кандыдата Лукашэнкі. Не кажучы пра маёмасць сыноў і бацькоў кандыдатаў.

Фота: euroradio.fm

Поделиться ссылкой: