МЗС — пра расійскія авіяўдары ў Сірыі: Беларусь падтрымлівае намаганні міжнароднай супольнасці па барацьбе з тэрарызмам

5

Заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Дзмітрый Мірончык 1 кастрычніка на брыфінгу ў Мінску, каментуючы пачатак Расіяй ваеннай аперацыі ў Сірыі, паведамляе БелаПАН.

“Беларускі бок аператыўна, практычна праз некалькі гадзін пасля прыняцця рашэння Савета Федэрацыі, атрымаў адпаведную афіцыйную інфармацыю ад нашых расійскіх партнёраў, — сказаў Мірончык. — Зыходзячы з міжнароднага права, і ў першую чаргу Статута ААН, прымяненне ўзброеных сіл за мяжой можа быць ажыццёўлена толькі ў выпадку звароту ад афіцыйнага ўрада дзяржавы ці ў выпадку прыняцця адпаведнага рашэння Саветам бяспекі”.

У гэтым выпадку, падкрэсліў Мірончык, да Расіі паступіў зварот прэзідэнта Сірыі. “Як ужо адзначалася МЗС Беларусі, імклівы рост тэрарыстычнай актыўнасці на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы і яго наступствы, якія выходзяць далёка за межы рэгіёну, актуалізуюць пытанне аб калектыўных мерах процідзеяння тэрору, — сказаў Мірончык. — Выкарыстанне для гэтага пляцоўкі ААН з’яўляецца асабліва запатрабаваным у цяперашняй сітуацыі”.

30 верасня Расія пачала ваенную аперацыю ў Сірыі. Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін заявіў, што авіяўдары наносяцца па просьбе афіцыйнага Дамаска.

У прыватнасці, расіяне атакавалі пазіцыі баевікоў у правінцыях Хомс і Хама. Як паведамляе Мінабароны РФ, расійскія самалёты нанеслі кропкавыя ўдары па васьмі аб’ектах групоўкі “Ісламская дзяржава” ў Сірыі, выканаўшы прыкладна 20 баявых вылетаў. “Усе ўдары наносіліся пасля правядзення паветранай разведкі і ўдакладнення даных, атрыманых ад штаба сірыйскай арміі”, — растлумачылі ў ведамстве.

Масква сцвярджае, што па аб’ектах грамадзянскай інфраструктуры і паблізу іх узбраенне расійскіх самалётаў не прымянялася. Аднак сірыйскія апазіцыянеры размясцілі ў інтэрнэце відэакадры, дзе бачна, што ад налётаў пацярпела грамадзянскае насельніцтва Хомса, паведамляе тэлеканал “Еўраньюс”. Кіраўнік Нацыянальнай кааліцыі сірыйскіх рэвалюцыйных і апазіцыйных сіл Халед Хаджа паведаміў, што загінулі 36 мірных грамадзян. Паводле яго слоў, удары наносілі па тэрыторыі, якая не кантралявалася ІДІЛ і Аль-Кайдай.

“Усе гэтыя раёны год таму паспяхова ваявалі з ІДІЛ і іншымі экстрэмісцкімі групоўкамі. Усе загінулыя, на жаль, цывільныя асобы, сярод іх пяцёра дзяцей і адзін чалавек з “Белых касак” — сірыйскай грамадзянскай самаабароны”, — заявіў кіраўнік кааліцыі.

Расійскі бок сцвярджае, што былі разбітыя склады боепрыпасаў і ўзбраенняў, ваенная тэхніка і камандныя пункты баевікоў у горнай мясцовасці.

Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры заявіў, што ЗША гатовыя вітаць аперацыю Расіі ў Сірыі, але толькі ў тым выпадку, калі ўдары ВПС будуць наносіцца сапраўды па групоўцы “Ісламская дзяржава”. Таксама Вашынгтон адзначыў, што Масква пачала аперацыю да запланаваных кансультацый ваенных ведамстваў, хоць і апавясціла ЗША і НАТА аб рашэнні распачаць захады супраць тэрарыстаў. Раней Вашынгтон ахарактарызаваў дзеянні Расіі як “небяспечныя, калі яны робяцца без мірных перамоў у самой Сірыі”.

Поделиться ссылкой: