Прэс-сакратар МЗС: Спадзяемся, найбліжэйшым часам ЕС прыме рашэнне аб адмене санкцый

4
“Санкцыі як інструмент знешняй палітыкі адносна любой дзяржавы контрпрадуктыўныя і не спрыяюць дасягненню мэтаў, якія ў іх закладваюцца”, — заявіў прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык 24 верасня на брыфінгу ў Мінску на просьбу пракаментаваць інфармацыю аб магчымым пераглядзе ў найбліжэйшы час санкцый ЕС адносна Беларусі, паведамляе БелаПАН.

Ён падкрэсліў, што аднабаковыя санкцыі супярэчаць міжнародным і прававым нормам і прынцыпам, у тым ліку замацаваным у статуце ААН і Хельсінкскім заключным акце АБСЕ.

“Мы неаднаразова заяўлялі, што рашэнні Еўрапейскага саюза аб увядзенні абмежавальных мер адносна Рэспублікі Беларусь непрымальныя і ў корані памылковыя. Нельга з партнёрам і суседам размаўляць мовай санкцый і ўльтыматумаў”, — сказаў Мірончык.

Ён падкрэсліў, што такія меры хутчэй падрываюць давер да ЕС, чым наносяць рэальны ўрон Беларусі і “неяк уплываюць на сітуацыю”. “Спадзяемся, што кіраўніцтва еўраструктур і краін-членаў ЕС нарэшце ўсвядоміць бесперспектыўнасць і марнасць санкцый і абмежаванняў адносна нашай краіны, і ўжо ў найбліжэйшы час будуць прынятыя адпаведныя рашэнні аб іх адмене, што адкрые дарогу для нармалізацыі нашых адносінаў з Еўрасаюзам”, — заявіў прэс-сакратар МЗС.

 

Поделиться ссылкой: