Таццяна Караткевіч першай з кандыдатаў у прэзідэнты правяла ў Мінску агітацыйны пікет

1

Падчас пікета Караткевіч заявіла пра неабходнасць выбарнасці кіраўнікоў беларускіх гарадоў. “Надышоў час выбіраць, — сказала кандыдат у прэзідэнты. — Самым лепшым падарункам, як мне здаецца, для горада Мінска ў наступным годзе сталі б выбары мэра”.

Паводле слоў Караткевіч, у гісторыі Беларусі “ёсць добрыя прыклады працы мясцовага самакіравання”, і “гэту традыцыю трэба працягваць”. Яна, у прыватнасці, нагадала, што ў 1499 годзе Мінск атрымаў магдэбургскае права. “Сёння мы таксама ўпэўненыя, што выбары мэра прывядуць да таго, што ў нас улада пачне паважаць людзей, людзі адчуюць, што ўлада ім падсправаздачная”, — сказала Караткевіч, паведамляе БелаПАН.

Паводле яе слоў, выбарнасць мэраў будзе садзейнічаць развіццю мясцовых ініцыятыў, “дапаможа вывесці нас з крызісу, развіваць эканоміку гарадоў”.

Пікет праводзіўся пад бел-чырвона-белым сцягам і сцягам кампаніі “Гавары праўду”. Акцыя доўжылася каля гадзіны, з 12.00 да 13.00, і прыцягнула ўвагу прахожых. Многія, у асноўным моладзь, размаўлялі і фатаграфаваліся з кандыдатам у прэзідэнты. Караткевіч раздавала прахожым сваю перадвыбарную праграму і прапаноўвала ставіць подпісы ў падтрымку правядзення выбараў мэра.

За пікетам назіралі некалькі супрацоўнікаў праваахоўных органаў у цывільным, адзін з іх вёў відэаздымку.

Пасля завяршэння пікета да ўдзельнікаў акцыі падышоў член выбарчай камісіі Цэнтральнага раёна Мінска Міхаіл Гайдучонак, прадстаўнік “Беларускага фонду міру”. Ён пацікавіўся, ці ёсць у актывістаў каманды Караткевіч пасведчанні давераных асоб кандыдата ў прэзідэнты, сцвярджаючы, што толькі давераныя асобы, згодна з Выбарчым кодэксам, могуць праводзіць агітацыйныя пікеты. У дыскусію з ім уступіў кіраўнік выбарчага штаба Караткевіч Андрэй Дзмітрыеў, паводле слоў якога заяўку на правядзенне агітацыйных пікетаў павінны падаваць давераныя асобы кандыдата, а браць удзел могуць усе ахвотныя.

Гайдучонак таксама зрабіў заўвагу наконт таго, што на пікеце прысутнічала незарэгістраваная сімволіка — сцяг кампаніі “Гавары праўду”.

Фота з сайта БелаПАН

Поделиться ссылкой: