Хто далучыцца да сённяшняга пікета Статкевіча за свабодныя выбары, а хто праігнаруе?

4

Уладзімір Някляеў, паэт, палітык: «На сваёй прэс-канферэнцыі Статкевіч казаў, што будзе працягваць барацьбу. І я паведаміў тады ж, што буду побач з ім. Таму, само сабой, на заўтрашні пікет я прыйду».

Анатоль Лябедзька, лідар АГП: «Канечне, я буду. Мы ж дамовiлiся пра пiкет як адзiн з пунктаў сумесных дзеянняў. Ёсць папярэдняя дамова аб супольным удзеле. У нас пра пiкет ёсць абвестка на сайце. АГП ужо заяўляла, што мы працягваем кампанiю ў ранейшым фармаце (пiкеты, паездкi у рэгiены, распаусюд iнфапрадукцыi па папулярызацыi праграмы Мiльён новых працоўных месцаў). А тэма сумленных, свабодных выбараў — адзiн з нашых прыярытэтаў».

Зміцер Дашкевіч, цясляр, былы палітвязень: «Я планаваў прыняць удзел у пікеце, але пакуль дакладна не магу сказаць, ці атрымаецца — шмат працы. Але я лічу, што такі пікет — рэч патрэбная і карысная. Бо тытульная апазіцыя не прэтэндуе на ўладу, заяўляе, што яны супраць Плошчы. А на перакладзе не нармальную мову, гэта значыць, што яны загадзя пагаджаюцца з тымі лічбамі, якія напішуць Лукашэнка з Ярмошынай. На Плошчу ж заўсёды выходзілі, каб дамагчыся нармальнага падліку галасоў, адэкватных лічбаў. А ініцыятыва Статкевіча нагадвае людзям, што нельга ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі без гэтага справядлівага падліку».

Аляксей Янукевіч, старшыня партыі БНФ: «Я сам не планую туды ісці. На сённяшні момант я не разумею, да якога выніку павінна прывесці гэтае мерапрыемства. А тая стратэгія, якая была агучаная, — дэлегітымізацыя выбараў праз пераўтварэнне іх у клаўнаду — мне не блізкая».

Пазіцыю Таццяны Караткевіч і кампаніі «Гавары праўду!» агучыў старшыня кампаніі Андрэй Дзмітрыеў: «Не, на пікет мы не пойдзем. У межах выбарчай кампаніі ў нас будзе шмат паездак і сустрэч, якія будуць цалкам легальныя, дзе не трэба нікога падстаўляць, не трэба ахвяраваць. Я лічу, што пікет Статкевіча можа быць трактаваны ўладамі вельмі па-рознаму. І калі ёсць магчымасць легальных пікетаў, трэба абіраць такі шлях. Калі пройдуць выбары і не будзе іншых магчымасцяў, тады можна будзе думаць, ці варта рабіць такія акцыі».

Юрый Губарэвіч, намеснік старшыні руху «За свабоду»: «Я пакуль не думаў над гэтым. Але хутчэй за ўсё не пайду, гэты пікет можа спрацаваць наадварот. Важная справа — нагадваць пра тое, што ў Беларусі выбары адбываюцца не згодна з нормамі міжнароднага права. Але пажадана рабіць гэта метадамі, якія не вядуць да павялічэння атмасферы страху. Я лічу, што, калі па выніках пікету адбудуцца затрыманні, то людзі яшчэ больш адвярнуцца ад апазіцыі і будуць мець яшчэ менш жадання выходзіць, штосьці рабіць, уплываць на штосьці».

Павел Севярынец, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні БХД: «На жаль, у мяне асабіста не атрымаецца, я буду ў Віцебску, на сямейным свяце. Але справа вартая, справа патрэбная, безумоўна трэба яе падтрымаць».

Алесь Міхалевіч, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010: «Я пакуль не вырашыў яшчэ. Маю пакуль мала інфармацыі і пра сам пікет, і пра тое, што ўвогуле сёння адбываецца ў Беларусі».

Уладзіслаў Швядовіч, nn.by

 

Поделиться ссылкой: