Ці падзяліла Таццяна Караткевіч сацыял-дэмакратаў на два лагеры?

10

– Самае галоўнае і цікавае пытанне – як ставіцца партыя да прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Таццяны Караткевіч? Афіцыйна падтрымкі партыяй няма, аднак некаторыя сцвярджаюць, што яе ў партыі падтрымлівае большасць.

– На гэта пытанне адкажу так: некаторыя мараць выдаць жаданае за сапраўднае. Думаю, што я нешта ведаю аб настроях аднапартыйцаў. Ведаю, што кажуць у рэгіёнах, а таксама што кажуць партыйныя інтэлектуалы.

Рашэнне аб падтрымцы кандыдатуры Таццяны Караткевіч Цэнтральны Камітэт партыі не прыняў. Некалькі сябраў ЦК, бачачы, што яе могуць падтрымаць з грубым парушэннем Статута БСДП, проста пакінулі пасяджэнне. Я таксама была супраць падтрымкі яе кандыдатуры, бо ні ЦК, ні Прэзідыум партыі не маюць права вырашаць пытанне аб падтрымцы ці непадтрымцы прэзідэнцкіх амбіцый таго ці іншага грамадзяніна. Такое рашэнне маем права прымаць толькі праз З’езд партыі. І абавязкова таемным галасаваннем. Гэта статутная норма.

Статут – канстытуцыя партыі. Калі мы хочам будаваць прававую дзяржаву, то павінны дакладна выконваць прадпісанні сваёй, партыйнай, канстытуцыі.

– Некаторыя сцвярджаюць, што калі ЦК не падтрымаў, то ёсць падтрымка Прэзідыума БСДП. Ці так гэта?

– Абсалютна не. Прэзідыум запусціў працэдуру (унёс прапанову) падтрымкі прэтэндэнткі, аднак яна не мела працягу на ўзроўні ЦК і З’езду. Таму казаць пра тое, што партыя падтрымала прэтэндэнтку, – поўная юрыдычная бязграматнасць. Паўтараю: Статут БСДП не дае права ні Прэзідыуму, ні ЦК партыі прымаць рашэнне аб падтрымцы кандыдата (прэтэндэнта) на пасаду Прэзідэнта.

Прывяду прыклад. Рыхтуючыся да З’езду, Прэзідыум рэкамендаваў (прапанаваў) кандыдатуру N на пасаду старшыні партыі, далей гэтую кандыдатуру рэкамендаваў Цэнтральны Камітэт. Але гэта не азначае, што N ужо стаў старшынёю партыі. Канчатковае рашэнне прымае З’езд шляхам таемнага галасавання. Рэкамендаванай кандыдатуры трэба набраць больш за 50% галасоў прысутных дэлегатаў.

Так і тут. Прэзідыум і ЦК БСДП могуць толькі даць рэкамендацыю падтрымаць прэтэндэнта на пасаду кіраўніка дзяржавы, а рашэнне аб падтрымцы прымае З’езд. І ніхто апроч З’езду.

Калі б кандыдатура Таццяны Караткевіч на З’ездзе БСДП была ўнесена ў бюлетэні для таемнага галасавання і па выніках галасавання яна атрымала больш за 50% галасоў дэлегатаў З’езду, то з гэтага моманту мы казалі б, што партыя падтрымала Караткевіч як прэтэндэнтку на пасаду Прэзідэнта.

– Тады чаму не праводзіўся З’езд?

– У адпаведнасці са Статутам БСДП З’езд прызначаецца не пазней, чым за тры месяцы да даты яго правядзення. Дату З’езду прызначае ЦК. Такая норма Статута. Першае пасяджэнне ЦК у гэтым годзе адбылося 15 сакавіка. На гэтым пасяджэнні размова вялася пра адзінства, пра адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл Беларусі, пра тое, што “сямёрка” яшчэ раз павінна абмеркаваць пытанне аб правядзенні Кангрэсу дэмсілаў. 15 сакавіка ніхто з сябраў ЦК не агучыў інфармацыю аб магчымым абвяшчэнні Таццяны Караткевіч прэтэндэнткай на пасаду Прэзідэнта.

Калі б Таццяна Караткевіч ці яе прыяцелі заявілі пра яе прэтэнзію на пасаду Прэзідэнта 15 сакавіка і прапанавалі склікаць З’езд БСДП, у нас была магчымасць правесці яго ў нядзелю 21 чэрвеня.

8 красавіка адбылася апошняя нарада “сямёркі”. Калі б яна прыняла рашэнне аб скліканні Кангрэсу дэмсілаў, у нас была магчымасць правесці партыйны З’езд 19 ліпеня. Але дзеячы грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” ідэю Кангрэсу пахавалі.

– Вам прапаноўвалі стаць кандыдаткай на пасаду Прэзідэнта?

– Прапаноўвалі. Апошняя размова на гэты конт у мяне адбылася з Алегам Трусавым у перапынку паміж пасяджэннямі партыйнага З’езду ў сакавіку мінулага года. Ён прапанаваў мне заявіць, што я хачу быць Прэзідэнтам, і заручыцца падтрымкай З’езду. Я ж кожны раз казала, што калі мы менш навылучаем прэтэндэнтаў, то будзе большы шанц прыйсці да адзінства дэмсілаў і вылучыць адзінага кандыдата. Таму я адхіліла прапанову Алега Трусава.

– І што цяпер атрымліваецца? Партыя нібыта не падтрымала Караткевіч, аднак некаторыя кіраўнікі яе падтрымліваюць. У камандзе Караткевіч актыўна працуюць першы намеснік старшыні БСДП Ігар Маслоўскі, намесніца старшыні Ганна Канюс, сябры Прэзідыума Алег Шабетнік і Таццяна Ладукас…

– Ні ЦК, ні Прэзідыум нікому з сябраў БСДП не забаранялі індывідуальна ўваходзіць у склад ініцыятыўнай групы Таццяны Караткевіч. Аднак з 45 сябраў ЦК у яе ініцыятыўную групу ўвайшлі 16 чалавек, а з 12 сябраў Прэзідыума – 6. Некаторыя ўваходзяць у ініцыятыўную групу намінальна.

Можна сказаць, што цяпер прэтэндэнтку на пасаду Прэзідэнта Таццяну Караткевіч падтрымліваюць пераважна сябры БСДП, якія ўваходзяць у кампанію “Гавары праўду”. А гэта не большасць нашых партыйцаў.

– Ці ёсць канфлікт унутры партыі ў сувязі з супрацьлеглымі пазіцыямі па гэтым пытанні?

– Разыходжанні ёсць толькі ў гэтым пытанні. Ва ўсіх астатніх пытаннях у нас паразуменне. Мы часам эмацыйна рэагуем на аргументацыю таго ці іншага боку, аднак нейкай брутальнасці ва ўзаемаадносінах не адчуваецца. Думаю, што і дадзенае пытанне будзе знята з парадку дня пасля выбараў. Партыя для таго і існуе, каб унутры яе ішла барацьба паміж прыхільнікамі розных ідэй і пазіцый.

Некаторыя “палітолагі” і іншыя персанажы звонку раз за разам спрабуюць справакаваць канфлікт унутры партыі, распаліць яго, аднак гэта ўсё марна. БСДП і надалей будзе весці сваю палітыку, кіруючыся нормамі свайго Статута, хоць некаму гэта і не падабаецца.

– Але ж некаторыя пішуць пра магчымы раскол, што Таццяна Караткевіч можа сысці з партыі са сваімі прыхільнікамі…

– Пра “сысці”, можа, нехта і заяўляе, але ж не сыходзіць. Дарэчы, на чэрвеньскім пасяджэнні ЦК БСДП выказвалася думка, што Таццяна Караткевіч павінна выйсці з партыі, але большасць паставілася да гэтай ідэі не сказаць каб прыхільна.

Калісьці ў нас ставілася пытанне рубам: актывісты “Гавары праўду” – направа, а тыя партыйцы, хто не ў “Гавары праўду”, – налева. Аднак нам удалося прыпыніць гэты працэс. Тыя, хто часова ўсё яшчэ працуюць у “Гавары праўду”, – усё адно нашы партыйцы. Некаторыя з іх у партыі ўжо два дзесяцігоддзі. Для іх партыя – вялікая каштоўнасць. Я нават не дапускаю такой думкі, каб яны ўзялі ды выйшлі з БСДП. Усе яны нашы людзі. Усе яны хутка пераканаюцца, што “Гавары праўду” Дзмітрыева – гэта не “Гавары праўду” Някляева. Паміж гэтымі двума лідарамі вялікая прорва. Гэта розныя метады вядзення палітыкі. 2015 год – гэта не паўтарэнне 2010-га. І лідары не тыя, і рэсурсы, у тым ліку маральныя рэсурсы, не тыя…

– Што цяпер будзе з “Народным рэферэндумам”? БСДП застанецца ў ім ці не?

– Ідэю “Народнага рэферэндума” выказаў наш таварыш Валеры Фралоў. Ідэя на старце была добрая, таму яе і падхапілі, у тым ліку і кампанія “Гавары праўду”. І ўсё ж рашэнне аб далучэнні да ініцыятывы “Народны рэферэндум” было падтрымана Прэзідыумам БСДП з перавагай толькі ў адзін голас, бо многія сацыял-дэмакраты прадбачылі, што можа быць у фінале. Я ж была аптымісткай і верыла, што гэта будзе карысна для партыі. Аднак атрымалася, што нас выкарысталі тыя, з кім мы працавалі разам у межах ініцыятывы. Ініцыятыва раптам, без нашага ведама, была абвешчана кааліцыяй. А гэта ўжо іншая рэч. Давер падарваны, маецца шмат пытанняў.

Хутчэй за ўсё, што пасля выбараў адбудзецца перафарматаванне апазіцыі. Ужо ідуць перамовы. Я думаю, што мы вырашым усе пытанні разам з партыйцамі і на карысць партыі.

– Ужо не адзін раз у СМІ прагучала, што Таццяна Караткевіч можа прэтэндаваць на пасаду старшыні БСДП на З’ездзе, які адбудзецца на пачатку 2016 года…

– Прэтэндаваць Таццяна можа, як і кожны іншы сябар партыі. Але ж яна не была кіраўніком раённай, гарадской, абласной арганізацыі. У снежні мінулага года яна адмовілася ўвайсці ў склад ЦК, хоць ёй гэта прапаноўвалі. Яна цалкам аддалася працы ў “Гавары праўду”, а цяпер захоча стаць старшынёй БСДП? Няхай. Я не трымаюся за сваю пасаду, аднак я даражу партыяй і хачу, каб БСДП і далей заставался паўнавартасным суб’ектам дэмакратычнай апазіцыі.

– Дык у чым жа галоўнае разыходжанне, чаму БСДП не падтрымала свайго партыйца?

– Ёсць такое паняцце – “лаяльнасць”. Таццяна Караткевіч павінна была перш зазірнуць у Статут БСДП і высветліць, які партыйны орган упаўнаважаны прымаць рашэнне аб падтрымцы прэтэндэнта на пасаду Прэзідэнта. Яна павінна была не таіцца са сваімі намерамі, а загадзя заявіць Прэзідыуму і Цэнтральнаму Камітэту партыі аб сваім намеры. І тыя, каму прыйшла ў галаву думка аб кандыдатуры Таццяны, таксама павінны былі зрабіць тое самае. А яны нават не падумалі, што ў партыі ёсць канстытуцыя – Статут. І Выбарчы рэгламент. Усё было зроблена ў разліку, што БСДП нікуды не падзенецца, што яна мусіць падтрымаць свайго аднапартыйца.

Паўтараю: 8 красавіка было крайняй датай. Калі б у гэты дзень было прынята рашэнне аб скліканні Кангрэсу дэмсілаў, мы правялі б 19 красавіка пасяджэнне Цэнтральнага Камітэта і прынялі б рашэнне аб скліканні З’езду 19 ліпеня. 8 красавіка насуперак Уладзіміру Някляеву два прадстаўнікі ГП не падтрымалі ідэю Кангрэсу. Гэта былі Сяргей Вазняк і Алег Мяцеліца. Андрэй Дзмітрыеў схаваўся за іх плячамі. У выніку Някляеў сышоў з кампаніі “Гавары праўду”.

Уся інтрыга была ў тым, што да 8 красавіка Дзмітрыеў і Вазняк ужо вызначыліся са сваёй намінанткай. Увечары 7 красавіка Вазняк даслаў на мой адрас электроннае пісьмо-зварот да кіраўніцтва БСДП, у якім гаварылася: “Рэспубліканская Рада кампаніі «Гавары праўду» звяртаецца да вас з просьбай падтрымаць Таццяну Караткевіч у якасці кандыдата ў прэзідэнты ад «Народнага рэферэндуму».

Падкрэсліваю: ад “Народнага рэферэндуму”. Але ніякага абмеркавання кандыдатуры Таццяны Караткевіч ў ініцыятыве “Народны рэферэндум” не было, галасаванне не праводзілася, пратакол не складаўся. І калі Караткевіч сцвярджае, што яна вылучана ініцыятывай НР, то такое яе цверджанне памылковае. Самае ж цікавае ў тым, што не сяброўка БСДП Таццяна прасіла партыю падтрымаць яе, а Дзмітрыеў.

– Някляеў ведаў пра тое, што будзе вылучана кандыдатура Таццяны Караткевіч?

– Пра тое, што рабілася ў ГП, я больш-менш дакладна даведалася толькі ў чэрвені. Някляеў быў не супраць вылучэння кандыдатуры Караткевіч, але з адной умовай: яе вылучэнне павінна адбыцца на Кангрэсе дэмсілаў. Іншыя варыянты ён не дапускаў. Але ж прыяцелі Таццяны ведалі, што на Кангрэсе ў яе будуць моцныя канкурэнты, і таму выступілі супраць Някляева, супраць Кангрэсу.

– 7 красавіка Вазняк даслаў Вам ліст. 19 красавіка магло адбыцца пасяджэнне Цэнтральнага Камітэта БСДП, але адбылося пасяджэнне Прэзідыума?

– Так. Трэба было спачатку правесці Прэзідыум. Многіх сацыял-дэмакратаў, у тым ліку сябраў ЦК, правал ідэі Кангрэсу і вылучэнне Таццяны Караткевіч, ды яшчэ ад “Народнага рэферэндуму”, збянтэжыў. Пасля абмеркавання сябры Прэзідыума вырашылі выдаць Таццяне крэдыт даверу і падтрымалі працэдуру вылучэння прэтэндэнтам яе на пасаду Прэзідэнта.

Падтрымка працэдуры вылучэння прэтэндэнтам не ёсць падтрымка прэтэндэнта. Далей належала склікаць ЦК, а ЦК павінен быў вызначыцца з датай З’езду. Калі б такая прапанова на пасяджэнні Прэзідыума 19 красавіка прагучала, у нас была магчымасць правесці З’езд 26 ліпеня. Але ніводзін член Прэзідыума не паставіў пытанне аб правядзенні партыйнага З’езду.

Падкрэсліваю: 19 красавіка ніводзін сябар Прэзідыума БСДП не паставіў пытанне аб правядзенні З’езду партыі. І ў маі, і ў чэрвені ніхто такое пытанне не ставіў.

– Чаму?

– Пра гэта трэба пытацца ў кожнага з сябраў Прэзідыума. Як на маю думку, дык у Таццяны былі малыя шанцы атрымаць падтрымку большасці на З’ездзе: у партыі яе мала хто ведаў, да таго ж, атрымаўшы ад Прэзідыума крэдыт, яна больш пазіцыянавала сябе не як сацыял-дэмакратка, а як актывістка кампаніі “Гавары праўду”, “Народнага рэферэндуму”.

– А на пасяджэнні Цэнтральнага Камітэта 28 чэрвеня гучала прапанова склікаць партыйны З’езд?

– Не гучала такая прапанова, хоць у парадку дня і было і пытанне аб удзеле ў прэзідэнцкай кампаніі.

– Як праходзіла тое пасяджэнне?

– Былі ўнесены два праекты пастаноў па дадзеным пытанні. Адзін праект пастановы быў скіраваны на яшчэ адну спробу дасягнуць адзінства апазіцыі, другі – на падтрымку прэтэндэнткі на пасаду Прэзідэнта Таццяны Караткевіч. Першы праект сябрамі ЦК не быў падтрыманы. Другі праект прынялі за аснову. Належала абмеркаваць папраўкі і дапаўненні да праекту, а потым прыняць яго ў цэлым. Аднак далейшае абмеркаванне праекту, прынятага за аснову, не адбылося. Група сябраў ЦК пакінула пасяджэнне. Не стала кворуму – і ўжо нельга было ні абмяркоўваць праект пастановы, ні прымаць яе ў цэлым.

Думаю, што няма патрэбы тлумачыць, што такое “за аснову” і што такое “ў цэлым”. Пакуль дакумент не прынялі цалкам, ён не дакумент, а толькі праект дакумента.

Яшчэ раз падкрэсліваю, што ЦК не мае паўнамоцтваў на вырашэнне пытання аб падтрымцы прэтэндэнта (кандыдата) на пасаду Прэзідэнта. У адпаведнасці са Статутам такія паўнамоцтвы мае толькі З’езд партыі. 27 чэрвеня заяву пра гэта прыняў Мінскі гарадскі камітэт БСДП. Калі б ЦК вырашыў падтрымаць Таццяну Караткевіч, Мінскі гарадскі камітэт звярнуўся б у Цэнтральную Рэвізійную Камісію партыі са скаргай аб грубым парушэнні Статута. А ЦРК ў такім разе мае права патрабаваць, каб на працягу шасці тыдняў быў скліканы З’езд. Толькі неабходна, каб патрабаванне ЦРК падтрымала 1/3 сябраў Цэнтральнага Камітэта, або 15 чалавек.  

– І што было б, калі б такое рашэнне прынялі?

– Нават тым сябрам партыі, якія падтрымалі Таццяну Караткевіч, давялося б не прэзідэнцкай кампаніяй займацца, а правядзеннем сходаў, абласных партыйных канферэнцый, выбарамі дэлегатаў на канферэнцыі і на З’езд…

– Дык што атрымліваецца? Тыя, хто сышоў з пасяджэння ЦК, далі магчымасць прыхільнікам Караткевіч спакойна весці кампанію?

– Атрымліваецца так.

– Караткевіч лічыць, што З’езд БСДП можна правесці зараз і на З’ездзе вырашыць пытанне аб яе падтрымцы. Карэспандэнту “Белорусской правды” яна сказала, што “руководство не хочет проводить партийный съезд”, што “руководитель партии занимается саботажем”.

– Не ведаю, чаму Таццяна Мікалаеўна не чытае Статут БСДП. Сёння 18 жніўня. У адпаведнасці са Статутам, калі сёння праходзіць пасяджэнне ЦК, то партыйны З’езд можа быць прызначаны не раней, як на 18 лістапада. А асноўны дзень галасавання на прэзідэнцкіх выбарах 11 кастрычніка.

– На сайце “Белорусской правды” можна было прачытаць такое выказванне Таццяны Караткевіч: “Социал-демократы, которые отказались меня поддержать, подписались за победу Лукашенко” .

– Някепска было б, калі б Таццяна Мікалаеўна назвала прозвішчы і імёны тых “падпісантаў”.

Прэс-служба БСДП

Поделиться ссылкой: