Макей запэўніў Парашэнку, што з беларускай тэрыторыі не будзе ніякай пагрозы для Украіны

4

Парашэнка адзначыў, што ўкраіна-беларускія адносіны «перажываюць добрыя часы». Ён выказаў падзяку Беларусі за падтрымку суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, а таксама за прадастаўленне перамоўнай пляцоўкі для правядзення пасяджэнняў трохбаковай кантактнай групы і яе падгруп, скіраваных на дээскалацыю сітуацыі ў Данбасе. 

Парашэнка «звярнуў увагу на беспрэцэдэнтную атаку баевікоў на Старагнатаўку 10 жніўня з выкарыстаннем цяжкага ўзбраення, танкаў, БТРаў, а таксама пастаянныя спробы тэрарыстаў перашкодзіць працы назіральнікаў місіі АБСЕ, запалохаць яе супрацоўнікаў, каб яны не маглі выконваць свае функцыі ў раёнах, якія кантралююцца незаконнымі ўзброенымі групоўкамі». Абуральным пацвярджэннем гэтаму, заявіў Парашэнка, з’яўляецца падпал чатырох аўтамабіляў Спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ ў Данецку. 

Са свайго боку Макей выказаў занепакоенасць пагаршэннем сітуацыі ў Данбасе і парушэннем мінскіх дамоўленасцяў. Міністр падкрэсліў, што беларускі бок гатовы і ў далейшым аказваць неабходнае садзейнічанне пошуку шляхоў мірнага ўрэгулявання сітуацыі. 

Суразмоўцы абмеркавалі таксама ключавыя пытанні актуальнага парадку дня двухбаковых адносін. У прыватнасці, яны ўхвалілі актывізацыю дзейнасці міжурадавай змешанай камісіі па пытаннях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, апошняе пасяджэнне якой адбылося ў Чарнігаве 24 ліпеня. 

Парашэнка і Макей «выказалі зацікаўленасць дзвюх дзяржаў у далейшым развіцці супрацоўніцтва ў энергетычнай, аграпрамысловай, машынабудаўнічай і авіяцыйных галінах». Асобная ўвага была нададзена далейшаму паглыбленню супрацоўніцтва ў транспартна-лагістычнай сферы. Кіраўнік МЗС Беларусі паведаміў пра зацікаўленасць яго краіны ў павелічэнні выкарыстання марскіх партоў Украіны. 

Адбыўся таксама абмен меркаваннямі аб перспектывах развіцця ўзаемадзеяння Украіны і Беларусі ў кантэксце супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам і ўдзелу дзвюх краін у рэгіянальных інтэграцыйных працэсах, у прыватнасці ў ініцыятыве «Усходняе партнёрства». 

Як гаворыцца ў паведамленні прэс-службы беларускага МЗС па выніках сустрэчы, было адзначана, што збліжэнне Украіны з ЕС і членства Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе неабходна не супрацьпастаўляць, а выкарыстоўваць у інтарэсах развіцця беларуска-ўкраінскага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. 

Візіт Макея ва Украіну праходзіць з 12 па 16 жніўня.

Поделиться ссылкой: