Кіеўскі палітоляг: "Лукашэнка ня можа быць шчырым сябрам Украіны"

2

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей у рамках 5-дзённага візыту ва Ўкраіну правёў 12 жніўня сустрэчу з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Па выніках сустрэчы Пятро Парашэнка адзначыў:

«Украінска-беларускія адносіны перажываюць добрыя часы, і мы цэнім дасягнуты ўзровень узаемадзеяньня паміж нашымі краінамі».

Парашэнка падзякаваў Беларусі за падтрымку сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, а таксама за перамоўную пляцоўку для Трохбаковай кантактнай групы і яе падгрупаў дзеля дээскаляцыі сытуацыі на Данбасе.

Кіеўскі палітоляг Віктар Каспрук на “Радыё Свабода” адзначае: такія заявы ўкраінскага лідэра ня сьведчаць пра тое, што Беларусь лічаць шчырай у палітычных заявах:

«У вялікай палітыцы ня можа быць сяброў, а могуць быць толькі інтарэсы. Украіна трапіла ў вельмі сур’ёзную і безвыходную сытуацыю, калі нават дыктатарскі рэжым, які ёсьць у Беларусі, можа працаваць на карысьць Украіны. Відавочна, што ня толькі ў Беларусі крытычна ўспрымаюць такія „братаньні“ Парашэнкі з прадстаўніком дыктатара Лукашэнкі — вялікая частка людзей ва Ўкраіне таксама разумее, што Лукашэнка ня можа быць сябрам Украіне, бо ён на 100% „завязаны“ на Расею, на яе рэсурсы».

Кіеўскі палітоляг лічыць, што ў выпадку зьмены беларускага прэзыдэнта на прадстаўніка апазыцыі Крэмль анэксуе Беларусь, як тое адбылося з Крымам:

«Калі ўявіць, што 11 кастрычніка ў Беларусі пераможа не Лукашэнка, а апазыцыйны кандыдат, на другі дзень у Беларусь зойдуць расейскія войскі. Як мы можам гаварыць пра самастойную палітыку Беларусі, калі ў вас расейскія вайсковыя базы, а сам Лукашэнка моцна залежыць ад паставак расейскага газу, нафты і грашовых крэдытаў? У Кіеве разумеюць, што маюць справу з прэзыдэнтам — марыянэткаю Расеі, з чалавекам, які ня ёсьць незалежным у сваіх дзеяньнях. Лукашэнка намагаецца імітаваць, а не рэалізоўваць нейкую незалежную палітыку адносна ня толькі Ўкраіны, але і Эўрапейскага Зьвязу. Відавочна, што Лукашэнка шукае сабе нейкі пляцдарм для адступленьня на выпадак, калі рэжым Пуціна зрынецца. Калі такое адбудзецца, то Лукашэнка таксама не ўтрымае сваю ўладу. Таму яму трэба праводзіць нейкія кулюарныя дамоўленасьці з Захадам. Тут можа прыдацца Ўкраіна, якая мае добрыя стасункі з Захадам».

У межах візыту ва Ўкраіну кіраўнік дыпляматычнага ведамства Беларусі Ўладзімер Макей наведае Адэсу, дзе чакаецца яго сустрэча з губэрнатарам Адэскай вобласьці Міхаілам Саакашвілі. Віктар Каспрук адзначае, што гэты палітык адзначаецца жорсткай пазыцыяй што да рэжыму ў Беларусі, аднак агучваць яе ня будзе:

«Бачаньне прэзыдэнта Пятра Парашэнкі і губэрнатара Адэскай вобласьці Міхаіла Саакашвілі можа супасьці што да візыту міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея, які сёньня кіруецца ў Адэсу. Чаму? Справа ў тым, што яны абодва скончылі факультэт міжнародных адносінаў Кіеўскага ўнівэрсытэту. Яны прайшлі адну школу дэмакратычных падыходаў у дыпляматыі. Таму цяпер, нават пры ўсёй сваёй рэзкасьці і відавочнасьці нэгатыўнага стаўленьня да беларускага дыктатара, Саакашвілі павязаны адной камандай з прэзыдэнтам Парашэнкам і ня будзе рабіць яўна рэзкіх заяваў, якія б ішлі ў дысананс з агульнай афіцыйнай пазыцыяй»

Поделиться ссылкой: