Мікалаю Статкевічу спаўняецца 59 гадоў

10
Мікалай Статкевіч нарадзіўся ў Слуцкім раёне Мінскай вобласці. Скончыў Мінскае вышэйшае інжынернае зенітнае ракетнае вучылішча супрацьпаветранай абароны (1978). Кандыдат тэхнічных навук (1986). Вучыўся ў дактарантуры (1990—1993).

Стваральнік і кіраўнік (1991—1995) грамадскага аб’яднання “Беларускае згуртаванне вайскоўцаў”.

З 1995 года ўзначальваў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Народная Грамада). У канцы 2004 года ў партыі адбыўся раскол, і ў студзені 2005-га Мінюст прызнаў факт выключэння Статкевіча з шэрагаў партыі. У 2005 годзе Статкевіч заявіў пра намер зноў заснаваць БСДП (Народная Грамада).

У маі 2005 года палітык быў прыгавораны да трох гадоў абмежавання волі за арганізацыю 18—19 кастрычніка 2004 года ў Мінску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парламенцкіх выбараў і рэферэндуму. Пакаранне Статкевіч адбываў у Баранавічах Брэсцкай вобласці і вёсцы Блонь Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці, піша БелаПАН.

У маі 2011-га суд Ленінскага раёна Мінска прыгаварыў Статкевіча да шасці гадоў пазбаўлення волі, прызнаўшы яго вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень выбараў прэзідэнта 19 снежня 2010 года.

У дачыненні да Статкевіча двойчы быў узмоцнены рэжым адбывання пакарання за парушэнне правіл унутранага распарадку і непадпарадкаванне патрабаванням кіраўніцтва калоніі. Першы раз ён быў пераведзены на тры гады са шклоўскай калоніі № 17 у магілёўскую турму ў студзені 2012 года. У студзені 2015-га палітыка вярнулі ў шклоўскую калонію, а ў маі — зноў зрабілі больш жорсткім рэжым пакарання, адправіўшы ў магілёўскую турму. Там ён мусіць знаходзіцца да канца тэрміну пакарання, які заканчваецца ў снежні 2016 года.

Міжнародныя арганізацыі прызналі яго палітычным зняволеным.

Сёлета прадстаўнікі шэрагу апазіцыйных структур сфарміравалі ініцыятыўную групу па вылучэнні Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты Беларусі. ЦВК не зарэгістравала групу, матываваўшы адмову судзімасцю Статкевіча.

Палітзняволенаму неаднаразова прапаноўвалі напісаць просьбу аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, аднак асуджаны палітык катэгарычна адмаўляецца гэта рабіць.

Тыдзень таму падчас інтэрв’ю “Еўрарадыё”, “Радыё Свабода” і парталу tut.by Лукашэнка заявіў, што пытанне пра Статкевіча можа быць вырашанае найбліжэйшым часам. “Я не стану хітраваць, гэтае пытанне на парадку дня. Вырашыць гэта магу толькі я. Але я не вызначаўся, калі гэта будзе. Я гэта пытанне ў такім ключы не разглядаў. Калі яго выпускаць, то выпускаць да выбараў. Калі не выпускаць, то не выпускаць. Найбліжэйшым часам вы будзеце пра гэта ведаць”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Поделиться ссылкой: