Лукашэнка даў інтэрв'ю недзяржаўным СМІ

4

Аляксандр Лукашэнка даў эксклюзіўнае інтэрв’ю незалежным журналістам Еўрарадыё, радыё “Свабода” і парталу TUT.BY. Сустрэча цягнулася 4,5 гадзіны.

Давайце Давыдзьку даручым, каб ён даў слова на тэлебачанні рок-музыкам (з т.зв. “чорных спісаў” ― заўв. Еўрарадыё)

Лукашук (Еўрарадыё): Ужо не першы раз пытаемся пра праблему з вядомымі беларускімі рокерамі, якія яшчэ ў 80-90-х былі вельмі папулярныя, іх увесь час паказвалі па тэлевізары, песні круцілі па радыё, было шмат канцэртаў. І вось у апошнія гадоў 15 іх няма на дзяржаўных каналах, канцэрты арганізаваць праблематычна. Можа аслабіць і наогул даць легендарным рок-музыкам званні народных артыстаў?

Лукашэнка: Шчыра кажучы, не ведаю, з якога боку падысці да гэтага. Можа, сапраўды кагосьці негалосна кудысьці не пускаюць. Можа, яны недзе і накасячылі. Можа, не час і не месца так да іх падыходзіць, можа, яны зменяць сваю пазіцыю, калі яна не правільная.

Мне міністр культуры казаў, што няма ў нас спісаў. Але бывае, што адмарожаныя дзесьці нахамілі, супраць дзяржавы. Можа, давайце Давыдзьку даручым, каб ён даў ім слова ў нейкім фармаце на тэлебачанні.

Пра зборы ў дзіцячых садках і школах: Нельга гэтага патрабаваць ад тых, хто не можа

Я ведаю гэтую праблему. Мы ж пакрываем выдаткі дзіцячага садка адсоткаў на 30. Астатняе гэта ж бюджэт. Калі нехта можа, то гэта не дорага абыдзецца, калі ён зарабляе шмат. Але агулам нельга гэта рабіць. А справа не ў тым, што там чагосьці не хапае, каб пафарбаваць школу. У нас няма старых школ. Дзяржава ж не сыходзіць ад гэтага. Мы вылучаем сродкі, але гэтага, вядома, не хапае. Таму ёсць людзі, якія могуць падставіць плячо. І яны гатовыя. Але нельга гэтага патрабаваць ад тых, хто не можа, таму што ў іх грошай няма.

Кавуны, якія я вырасціў, адвожу ў дамы састарэлых

Кавуны, якія вырасціў, я іх адвожу ў дамы састарэлых. Я пасылаю малога, яны вязуць з кімсьці аддаюць. Бульбу, вырашчаную ў Драздах, таксама раздаём. Я, як быў простым чалавекам-селянінам, такім і застаўся.

Ніякай інтэрвенцыі з тэрыторыі Беларусі ва Украіну не будзе

Абсалютна не падтрымліваю ніякіх войскаў ва Украіне. Ні расійскіх, ні якіх-небудзь іншых. Тое, як падаецца канфлікт у расійскіх СМІ, ― гэта пасмешышча. Тое самае робіцца з боку ўкраінскіх СМІ ― ідзе інфармацыйная вайна. Уварванне якіх бы там ні было войскаў і наймітаў не падтрымліваю. Я калі сустракаўся з Турчынавым, сказаў яму, што ніколі гэтага не адбудзецца. Ніколі з нашай тэрыторыі ніхто не будзе атакаваць Украіну, калі гэта не будзе супярэчыць нашым інтарэсам або калі Украіна сама нападзе на Беларусь. Але такога ніколі не будзе. Ніякай інтэрвенцыі з тэрыторыі Беларусі ва Украіну не будзе.

Пра расійскія ваенныя базы ў Беларусі: Самалётаў расійскіх у нас тут няма

На нашай тэрыторыі дзве абсалютна мірныя ваенныя базы. База ў Баранавічах ― там, напэўна, 3 чвэрці нашых людзей служаць. База ў Ганцавічах ― можна сказаць, інжынерная высокатэхналагічная станцыя, якая вядзе кантроль за пускам ракет. Яны могуць атакаваць Украіну? Не. У нас ёсць невялікая група мытнікаў і некалькі расійскіх памежнікаў, паколькі мяжы паміж Расіяй і Беларуссю няма. Я даў дабро, каб іх назіральнікі маглі з нашага ведама паглядзець. Гэта дзесяць чалавек.

Самалёты я ў іх прасіў: “Дайце ці прадайце за танна дзясятак самалётаў. Чэмпіянат свету мне трэба ў плане бяспекі забяспечыць. Яны сказалі, што могуць 3 самалёты даць. Я кажу: “Добра, адзін ваш лётчык і два нашыя”. Я не ведаю, нясуць яны цяпер дзяжурства ці не. Па-мойму, яны з’ехалі сёння. Самалётаў расійскіх у нас тут няма.

Пройдзе час, і нават Данбас будзе ўкраінскім, такім, як хочуць нацыянальна арыентаваныя ўлады Украіны

У Расіі канфліктам ва Украіне наеліся ўсе, асабліва кіраўнікі. Я не веру, што кіраўніцтва Украіны хоча, каб заўтра там быў мір. Трэба быць разумней і хітрэй, каб памежнікі ўкраінскія зачынілі мяжу. Ніхто не забудзе гэта, але з часам усё супакоіцца. 30 мільёнаў загінула ў Другой сусветнай вайне, у абдымках з немцамі ходзім. Вядома, трэба шмат часу, але трэба рабіць гэтыя крокі. Пройдзе час, і нават Данбас будзе ўкраінскім, такім нават, як хочуць нацыянальна арыентаваныя ўлады Украіны. З Крымам складаней, амаль немагчыма.

Калі выпускаць Статкевіча, то выпускаць да выбараў

Пытанне пра былога кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, асуджанага ў 2011 годзе на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, можа быць вырашана ў бліжэйшы час, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

“Я не стану хітрыць, гэта пытанне ў парадку дня. Вырашыць гэта магу толькі я. Але я не вызначаўся, калі гэта будзе. Я гэтае пытанне ў такім ключы не разглядаў. Калі яго выпускаць, то выпускаць да выбараў. Калі не выпускаць, то не выпускаць. У бліжэйшы час вы будзеце пра гэта ведаць. Калі іншы варыянт, то часу шмат”.

Разам з тым Лукашэнка распавёў, што даваў магчымасць Статкевічу напісаць прашэнне аб памілаванні.

“Ён хоча быць у турме і выйсці адтуль героем. Я яму даю такую магчымасць, а вы кажаце выпусціць. І што мне рабіць? Я магу выпусціць, калі чалавек звернецца да мяне з прашэннем, але ён не звяртаецца, таму што хоча быць героем”.

Нагадаем, кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч быў асуджаны на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за арганізацыю масавых беспарадкаў. Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Статкевіча вязнем сумлення. На вызваленні апазіцыйнага палітыка настойваюць Еўрасаюз і ЗША.

Наўрад ці я перамог бы на выбарах, калі б цяпер быў у апазіцыі

На пытанне Змітра Лукашука пра тое, ці змог бы Лукашэнка-апазіцыянер 1994 года перамагчы на выбарах Лукашэнку-прэзідэнта 2015 года, кіраўнік дзяржавы адказаў:

“Тады яшчэ больш жорстка было. Тады заплацілі людзям і сказалі: “Вось так вось павінна быць”. Але тады людзі валам ішлі за Лукашэнку галасаваць. Тады яшчэ больш жорстка лічылі. Не ў гэтым справа. Сітуацыя іншая і знешняя, і ўнутраная. Але наўрад ці б я перамог, калі б цяпер быў на іх месцы. Таму што людзі многае зразумелі. Цяпер у людзей ёсць, што губляць. Ніхто не хоча жыць у ваюючай краіне”.

Лукашэнка лічыць, што сённяшняя апазіцыя “занадта далёкая ад народа”.

“Ужо занадта далёкія яны ад народа. І вы ж не верыце ў сваю перамогу ― усюды пішаце, што Лукашэнка пераможа. Нават тыя, хто хацеў супраць мяне змагацца, думаюць: “Ну, Лукашэнка пераможа”.

Пра дэбаты: Назавіце прозвішча! Пра што я з імі буду размаўляць?

“Назавіце прозвішча. Пра што я з імі буду размаўляць? Кебіч быў прэм’ерам і ён зрабіў ласку, каб з Лукашэнкам дэбатаваць. Пра што мне гаварыць з Някляевым? Я не баюся з імі сесці і абмяркоўваць нешта”.

Вы будзеце мець магчымасць сачыць за падлікам галасоў. Я вам гэта гарантую

Адказваючы на пытанне пра гатоўнасць правесці адкрытыя выбары, Лукашэнка адзначыў:

“Я кажу: “Не чапайце ― хай збіраюць подпісы, дзе хочуць. Але калі вы ўпэўненыя ў тым, што мы можам перамагчы, ну навошта ствараць праблемы? Нават калі яны дзесьці парушылі правілы. Такую я даю ўстаноўку. Усе на роўных умовах.

Памятаю, з якой цяжкасцю я збіраў подпісы ў першую прэзідэнцкую кампанію. Я бегаў па камісіях, каб даказаць, што гэтыя подпісы рэальныя. 120 тысяч подпісаў нам залічылі са 170 тысяч. Напэўна, не паспелі нас такім чынам выбіць. Я не хачу, каб так было цяпер.

Вы будзеце мець магчымасць і сачыць за падлікам галасоў, і быць на ўчастках. І вы зможаце атрымаць усю інфармацыю. Я вам гэта гарантую”.

Мы далі сабе клятву, што за пяць гадоў вырашым праблему даўгоў

“Ва Уфе мы далі сабе клятву, што за пяць гадоў вырашым праблему даўгоў. Мы будзем праводзіць мадэрнізацыю больш спакойна і не пазычаць такія вялікія грошы. У гэтых даўгах шмат сродкаў, якія пайшлі толькі пад мадэрнізацыю. Гэтыя грошы не праядаюцца, мы іх выдаткавалі на мадэрнізацыю прадпрыемстваў”, ― адзначыў Лукашэнка, адказваючы на пытанне аб знешніх крэдытах.

На працягу года-двух мы вернемся на той узровень заробкаў, які быў учора

Лукашэнка: Ведаючы, што не можам павышаць зарплаты, мы сталі рэгуляваць кошты. І па многіх пытаннях, дзе дзяржава рэгулюе кошты, мы іх замарозілі фактычна. Сітуацыя складваецца такім чынам, што мы зарплаты павышаць не можам. Мы прывязалі зарплату да аб’ёмаў вытворчасці. Калі няма вытворчасці, то і заробак павышаць няма за што. Грошы друкаваць мы не будзем. Я ўпэўнены, што на працягу года-двух мы вернемся на той узровень заробкаў, які быў учора. Нават калі сітуацыя на нашых традыцыйных рынках будзе такая ж, як цяпер.

Лукашэнка даў інтэрв'ю недзяржаўным СМІ

Не мы былі ініцыятарамі 30%-й дэвальвацыі

Лукашук: У 2010 годзе вы абяцалі, што ў нас будзе суд прысяжных, была размова, што ў нас будзе будавацца шмат жылля… І зарплата, калі перавесці ў долары, павінна была вырасці.

Лукашэнка: Гэта абяцанні, якія павінны выконвацца вечна. Рост заробкаў павінен быць заўсёды. Тое, што зарплата не вырасла ў доларах, вы ж не за “даляры” купляеце прадукты і адзенне ў Беларусі. Я не аспрэчваю ваш тэзіс. Вы сказалі, што ў рублях зарплата ў нас вырасла, а вось у доларах скарацілася. Вы заўважылі, што не мы былі ініцыятарамі 30%-й дэвальвацыі. Гэта адбылося на нашых рынках: спачатку ў Расіі, потым у Казахстане. Мы не маглі па гэтых прычынах трымаць валюту. Таму мы не стрымліваем, ніякіх інтэрвенцый Нацбанка няма. Як складаецца курс, так і ёсць. І так будзе заўсёды.

Ідэя рускага свету ― гэта глупства, якое нехта прапанаваў прапагандзе. Я думаю, гэта пытанне знята з парадку дня

Лукашэнка адзначыў, што ідэя рускага свету ― гэта глупства, якое нехта прапанаваў прапагандзе. Паводле яго слоў, гэта надуманы і дурны тэзіс, а прэзідэнту Расіі не варта прыпісваць той пазіцыі, якой ён ніколі не прытрымліваўся.

“Гэта не праўда, што большасць за рускі свет. Я пытаўся ў пасла (расійскага ― заўв. Еўрарадыё): “Што значыць збіранне рускіх зямель і што такое рускі свет?”. Ніхто мне так і не патлумачыў. Але цяпер гэта так не гучыць у расійскіх СМІ. Я думаю, што яны пачулі маё крытычнае пытанне і знялі гэта з парадку дня”.

Лукашэнка даў інтэрв'ю недзяржаўным СМІ

Расія ніколі не будзе ваяваць з Беларуссю. Гэта будзе катастрофа для самой Расіі

“Расія ніколі не будзе ваяваць з Беларуссю. Гэта будзе катастрофа для самой Расіі. І вы ў гэта не верыце, я не ведаю, чаму вы пра гэта пішаце, што там ва Украіне, а мы наступныя. Беларусь засталася адзіным сумленным прыстойным саюзнікам Расійскай Федэрацыі, ― заявіў Лукашэнка, адказваючы на пытанне журналіста “Свабоды” Валерыя Каліноўскага. ― Ваша бяда ў тым, што вы не ведаеце, што адбылося ва Украіне і што адбываецца. СМІ стварылі нейкі трэнд таго, што адбываецца ва Украіне. Я ведаю сітуацыю больш глыбока. Не трэба было падстаўляцца. Можа, заўтра нехта захацеў бы адрэзаць кавалак Палесся. Вы ўяўляеце, якой была б мая рэакцыя і нашага народа? Мы б ваявалі за кожны кавалачак зямлі. Я Турчынаву казаў, што калі гэта ваша зямля, то чаму вы тады за яе не ваявалі. Тым больш там было шмат украінскіх войскаў. Чаму не ваявалі? Што, прызналі, што не ваша зямля? Занадта шмат там хітраспляценняў і глыбока закапаныя прычыны і таго, пра што не прынята казаць публічна. Але гэта не значыць, што мы гэта не абмяркоўваем ў закрытым рэжыме”.

Лукашэнка ў верасні паедзе ў Нью-Ёрк і выступіць з трыбуны ААН

25-27 верасня ў Нью-Ёрку пройдзе Саміт ААН па глабальным развіцці пасля 2015 года. Удзел у ім сярод іншых прыме і кіраўнік Беларусі. Генсакратар ААН Пан Гі Мун адзначыў, што план, які прымуць падчас саміту, скіраваны на ліквідацыю жабрацтва на планеце.

Мяркуецца, што ў саміце прымуць удзел каля 150 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў. У апошні дзень саміту плануецца Выступ Аляксандра Лукашэнкі. Як інфармуе ТАСС, беларускі кіраўнік выступіць 15-м па чарзе. 13-м у спісе значыцца прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў, 17-м — Уладзімір Пуцін, 19-м — Пётр Парашэнка.

Падчас інтэрв’ю 4 жніўня беларускі кіраўнік пацвердзіў Еўрарадыё, што рыхтуецца да выступу ў ААН.

“Прапанова была ўсім кіраўнікам дзяржаў. Мы разглядаем магчымасць візіту. Гэта будзе 28-29 верасня. Мы рыхтуемся да гэтага візіту на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. Таму што гэта такі саміт, дзе будуць збірацца кіраўнікі дзяржаў. Прапанавалі двойчы выступіць на саміце ААН: на агульнай дыскусіі і тэматычнай. Давядзецца ехаць, гэта будзе няправільна, калі кіраўніка дзяржавы там не будзе”, — сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка даў інтэрв'ю недзяржаўным СМІ

З малодшым сынам усё больш размаўляю па-беларуску

Журналіст Еўрарадыё Зміцер Лукашук прапанаваў Лукашэнку весці прэс-канферэнцыю па-беларуску.

“Вы мяне з першага кроку абмяжоўваеце. Гэта недэмакратычна. Я скажу шчыра, што больш размаўляю па-беларуску”.

Лукашэнка адзначыў, што з малодшым сынам пачынае ўсё больш гаварыць па-беларуску.

“Я заўсёды дэманстраваў сваю пазіцыю, што нікому нельга ўказваць, на якой мове размаўляць. Сваёй роднай мовай беларускую лічаць больш за 60% насельніцтва. Калі б мы пачалі ціснуць, было б наадварот”.

Лукашэнка даў інтэрв'ю недзяржаўным СМІ

Не баюся размаўляць са СМІ, якія мяне крытыкуюць

Аляксандр Лукашэнка пачаў прэс-канферэнцыю са слоў, што прычынай сустрэчы стала прапанова журналістаў, агучаная на прэс-канферэнцыі паўгода таму. Ён адзначыў, што не баіцца размаўляць са СМІ, якія яго крытыкуюць.

Лукашэнка дадаў, што называць СМІ недзяржаўнымі, на яго думку, не зусім правільна, бо СМІ могуць быць прыватнымі, але людзі там працуюць, якія жывуць у Беларусі.

Лукашэнка даў інтэрв'ю недзяржаўным СМІ

Фота: БелТА

Поделиться ссылкой: