Ініцыятыўная група Статкевіча мае намер працаваць да вызвалення ўсіх палітвязняў

3

Як зазначаюць актывісты ініцыятыўнай групы, улады, рыхтуючыся да чарговых прэзідэнцкіх выбараў, нічога не зрабілі для дэмакратызацыі выбарчага працэсу. “Па-ранейшаму не ўключаюцца ў выбарчыя камісіі прадстаўнікі апазіцыйных партый і рухаў, праводзіцца прымусовы збор подпісаў у падтрымку кандыдата ўладаў. У такіх умовах мы наогул лічым бессэнсоўным удзел у выбарах, падтрымліваем заклік Мікалая Статкевіча да грамадзянскага супраціўлення”, — гаворыцца ў заяве групы, паведамляе БелаПАН.

Ініцыятыўная група заклікае ўсе дэмакратычныя арганізацыі і тых, хто жадае свабоды для Беларусі, падтрымаць іх ініцыятыву і, у прыватнасці, акцыі салідарнасці з палітвязнем. У заяве таксама ўтрымліваецца заклік да міжнародных арганізацый аб тым, каб “абавязковай умовай прысутнасці міжнародных назіральнікаў на беларускіх выбарах была адсутнасць палітвязняў у беларускіх турмах”.

Нагадаем, напярэдадні Мікалай Статкевіч, лідар аргкамітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, які знаходзіцца ў зняволенні без малога пяць гадоў, заклікаў людзей да грамадзянскага супраціўлення і выказаў удзячнасць усім, хто ўвайшоў у склад яго ініцыятыўнай групы.

“Я разумею, што ў нашым запалоханым грамадстве гэта — учынак, і ўдзячны ўсім, хто зрабіў гэты ўчынак. Такая падтрымка важная не толькі для мяне, але і для тых, хто знаходзіцца ў зняволенні з-за сваіх перакананняў”, — гаворыцца ў звароце апазіцыйнага палітыка, які ён перадаў сваёй жонцы Марыне Адамовіч падчас апошняй сустрэчы ў магілёўскай турме.

Вылучэнне Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты на гэтых выбарах падтрымалі прадстаўнікі аргкамітэтаў па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) і партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, міжнароднага аб’яднання “Малады фронт” (Чэхія), руху “За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі” і руху салідарнасці “Разам”. У ініцыятыўную групу Статкевіча ўвайшлі больш як 1,7 тысячы чалавек, узначаліла яе Марына Адамовіч.

20 ліпеня Цэнтрвыбаркам адмовіў у рэгістрацыі групы на падставе арт. 60 Выбарчага кодэкса, згодна з якім “кандыдатамі ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь не могуць быць вылучаныя грамадзяне, што не маюць права ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь займаць пасады ў дзяржаўных органах і іншых дзяржаўных арганізацыях у сувязі з наяўнасцю судзімасці”.

22 ліпеня Адамовіч падала скаргу ў Вярхоўны суд. “Мы лічым, і думаю, абгрунтавана лічым, што нерэгістрацыяй ініцыятыўнай групы парушаныя правы 1.700 грамадзян, якія ўваходзяць у склад ініцыятыўнай групы”, — заявіла яна. Аднак Вярхоўны суд адмовіў у разглядзе скаргі, бо ў адпаведнасці з законам скарга павінна быць падпісаная самім заяўнікам.

Мікалай Статкевіч быў асуджаны ў маі 2011 года на шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле абвінавачвання ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года. Адбывае пакаранне ў магілёўскай турме, павінен выйсці на волю ў снежні 2016 года. Міжнародныя арганізацыі прызналі Статкевіча палітычным зняволеным.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Поделиться ссылкой: