У тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі уключана толькі 12% вылучаных прадстаўнікоў апазіцыі

4

Як паведамілі каардынатары кампаніі, арганізацыямі, што ўваходзяць у кампанію назірання “Права выбару”, было вылучана 25 прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльных выбарчых камісій, у тым ліку 19 — ад партый і грамадскіх аб`яднанняў і шэсць — шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў. Ад Партыі БНФ вылучаныя 15 чалавек, ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) — пяць, ад аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” і руху “За Свабоду” — па два чалавекі, і адзін прадстаўнік быў вылучаны ад прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, пишет БелаПАН.

Кампанія “Права выбару” адзначае, што на этапе вылучэння ў тэрытарыяльныя камісіі вялікую адмоўную ролю адыгралі абмежаванні на рэгістрацыю грамадскіх аб`яднанняў і палітычных партый. Вылучэнне ў склад камісій прадугледжанае ад арганізацыйных структур партый і грамадскіх аб`яднанняў (і для гэтых суб`ектаў прадугледжаная квота не менш як 1/3 складу камісіі). Таму тыя партыі і аб`яднанні, што сутыкаюцца з адмовамі ў рэгістрацыі, пазбаўленыя магчымасці афіцыйна прэтэндаваць на ўдзел у выбарчых камісіях, а значыць, не могуць свабодна браць удзел у выбарчым працэсе.

Напрыклад, паведамляюць каардынатары, удзельнік кампаніі “Права выбару” ад БХД неаднаразова сутыкаўся з адмовамі ў рэгістрацыі. Таксама ўлады адмаўляюць у рэгістрацыі мясцовых арганізацыйных структур руху “За Свабоду”, Партыі БНФ ды іншых дэмакратычных аб`яднанняў.

З 25 вылучаных у тэрытарыяльныя камісіі прадстаўнікоў арганізацый — удзельніц кампаніі “Права выбару” ў склад камісій былі ўключаныя толькі тры асобы: прадстаўнікі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў і Зміцер Каспяровіч увайшлі адпаведна ў Віцебскую абласную і Мінскую гарадскую камісіі, прадстаўніца БСДП (Грамада) Надзея Шомчанка ўвайшла ў склад Заводскай раённай выбарчай камісіі ў Мінску. Такім чынам, толькі 12% ад вылучаных прадстаўнікоў кампаніі “Права выбару” ўключаныя ў склад тэрытарыяльных камісій.

“У абсалютнай большасці выпадкаў пры фармаванні камісій адмовы ва ўключэнні прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў ніякім чынам не матываваліся, пасяджэнні органаў, што фармуюць камісіі, адбываліся без абмеркавання вылучаных кандыдатураў, а праз зацвярджэнне загадзя падрыхтаваных спісаў”, — паведамляе кампанія.

“Прадстаўнікі апазіцыйных партый толькі ў адзінкавых выпадках былі ўключаныя ў склад камісіяў, пры гэтым заявы ад лаяльных уладам партый і грамадскіх аб`яднанняў былі ў большасці выпадкаў задаволеныя, — адзначаюць каардынатары кампаніі. — Створаныя тэрытарыяльныя камісіі ў абсалютнай большасці выпадкаў будуць працаваць без удзелу прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партый, а прадстаўнікі партый і грамадскіх аб`яднанняў, якія падтрымліваюць дзеючую ўладу, атрымалі абсалютную большасць у складзе камісій”.

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Ірына Вештард лічыць, што дэмакратычныя партыі і арганізацыі мусяць найбольш сваіх прадстаўнікоў вылучаць у склад участковых выбарчых камісій, бо ўсе фальсіфікацыі вынікаў выбараў адбываюцца менавіта там: “Можна крытыкаваць апазіцыю, што мы мала вылучылі сваіх актывістаў у склад тэрытарыяльных і абласных выбарчых камісій, аднак варта разумець, што гэтыя камісіі не маюць такога вялікага значэння, як участковыя. На ўчастках ідзе падлік галасоў, а ў тэрытарыяльныя паступаюць звесткі і зводзяцца бюлетэні. Калі ж аналізаваць апошнія 20 год беларускіх выбараў, то большая частка грамадзян не давярае выбарам. Апатыя як да кандыдатаў, так і да выбараў, бо нічога не мяняецца, і гэта ўплывае таксама на вылучэнне сябраў у камісіі”.

Яна падкрэсліла, што ўключэнне сябра іх партыі ў склад тэрытарыяльнай выбарчай камісіі не з’яўляецца нейкім прарывам і дасягненнем, а тры дэмакраты на 130 месцаў у мінскіх камісіях — гэта “ўзровень статыстычнай памылкі, на якую можна не звяртаць увагі падчас працы”.

“Паколькі згодна з заканадаўствам фармаванне выбарчых камісій з`яўляецца прэрагатывай органаў мясцовай улады, ужо на першым этапе выбарчай кампаніі ўлады груба парушылі прынцып роўнасці правоў палітычных партый і аб`яднанняў, незалежна ад іх палітычнай накіраванасці, на ўдзел у арганізацыі і правядзенні выбараў”, — робіць выснову кампанія “Права выбару”. Яна адзначае, што сфарміраваныя тэрытарыяльныя камісіі “амаль выключна складаюцца з максімальна лаяльных да дзейснай улады асобаў, гатовых выканаць любы яе загад”. “У гэтых умовах магчымасць забеспяч
эння празрыстасці і дэмакратычнасці выбарчых працэдураў камісіямі ў такім складзе, а таксама ўвогуле правядзення свабодных і справядлівых выбараў пры захаванні роўнасці правоў усіх кандыдатаў у прэзідэнты выклікае вялікія сумневы”, — лічаць прадстаўнікі кампаніі.

“Ужо на этапе фарміравання тэрытарыяльных камісій выбарчая кампанія ідзе па звыклым для Беларусі сцэнары і не прадугледжвае ўдзелу апазіцыйных партыяў і аб`яднанняў у працы органаў, што забяспечваюць падрыхтоўку і правядзенне выбараў. Гэта сведчыць пра няроўнасць умоваў у гэтай выбарчай кампаніі, падрывае давер да працэдуры выбараў з боку грамадства і служыць падставай для недаверу вынікам выбараў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Нагадаем, у кампанію па назіранні за выбарамі “Права выбару — 2015” уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, кампанія “Гавары праўду”, рух “За Свабоду”, Партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу. Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзян праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаванне на іх.

Поделиться ссылкой: