Пачынаецца збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі

5

Для рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты ініцыятыўным групам трэба сабраць не менш як 100 тысяч подпісаў.

Падпісвацца ў падтрымку прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта маюць права асобы, што валодаюць выбарчым правам, — грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якім споўнілася 18 гадоў. Пры гэтым адзін чалавек можа падпісацца ў падтрымку некалькіх патэнцыяльных кандыдатаў, паведамляе БелаПАН.

Звесткі пра выбаршчыкаў уносяцца ў падпісныя лісты рукапісным спосабам — яны могуць запаўняцца як самімі выбаршчыкамі, так і членамі ініцыятыўных груп, якія збіраюць подпісы. Але выбаршчык павінен уласнаручна распісацца і ўказаць у падпісным лісце дату подпісу.

Акрамя серыі і нумара пашпарта выбаршчыка ў падпісны ліст могуць уносіцца рэквізіты ваеннага білета (для ваеннаслужачых тэрміновай службы) і даведкі, выдадзенай органамі ўнутраных спраў (для грамадзян, якія страцілі пашпарт).

Праводзіць збор подпісаў дазволена з 8.00 да 22.00.

Збор подпісаў выбаршчыкаў можа праводзіцца ў форме пікетавання. Атрымліваць дазвол на арганізацыю пікета не патрабуецца, калі ён праводзіцца ў месцах, дазволеных мясцовымі ўладамі. Спіс месцаў, забароненых для збору подпісаў у форме пікетавання, вызначаны мясцовымі ўладамі.

У Мінску, у параўнанні з прэзідэнцкімі выбарамі 2010 года, пералік забароненых месцаў дапоўніўся аб’ектамі чыгуначнага і паветранага транспарту, падземнымі пешаходнымі пераходамі, Прывакзальнай плошчай, а таксама плошчай Якуба Коласа і плошчай Дзяржаўнага сцяга.

Акрамя таго, перадвыбарныя пікеты нельга праводзіць на аб’ектах метрапалітэна, на тэрыторыі цэнтральных плошчаў (Кастрычніцкай, Незалежнасці і Перамогі), на адлегласці менш як 200 метраў ад будынкаў Адміністрацыі прэзідэнта, Нацыянальнага сходу, Савета міністраў, а таксама на адлегласці менш як 50 метраў ад будынкаў органаў дзяржкіравання і мясцовай улады, дыппрадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, судоў, органаў пракуратуры і арганізацый, якія забяспечваюць абараназдольнасць і бяспеку дзяржавы.

У той жа час, у адрозненне ад прэзідэнцкай кампаніі 2010 года, у спіс забароненых месцаў не ўвайшлі тэрыторыі арганізацый, якія забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва (грамадскі транспарт, водна-, цепла- і энергазабеспячэння, установы дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі, аховы здароўя). Са спісу забароненых месцаў таксама выключаныя тэрыторыі ядзерных установак, аб’ектаў і збудаванняў, прызначаных для захоўвання ядзерных матэрыялаў, адпрацаваных ядзерных матэрыялаў і эксплуатацыйных радыеактыўных адходаў.

Збор подпісаў у ваеннаслужачых, якія знаходзяцца у воінскіх часцях, можа праводзіцца па ўзгадненні з камандзірамі воінскіх часцей у пазаслужбовы час і ў вызначаным для гэтых мэт месцы.

Пры зборы подпісаў у выбаршчыкаў, якія пражываюць у інтэрнаце, члены ініцыятыўных груп павінны выконваць правілы ўнутранага распарадку інтэрната, што прадугледжваюць парадак наведвання інтэрната асобамі, якія не пражываюць у ім.

Падчас збору подпісаў члены ініцыятыўных груп могуць падаваць грамадзянам інфармацыйныя матэрыялы з біяграфічнымі данымі патэнцыяльных кандыдатаў для азнаямлення, але не раздаваць іх.

Нагадаем, збіраць подпісы выбаршчыкаў будуць восем ініцыятыўных груп, зарэгістраваных Цэнтрвыбаркамам. Гэта групы:

Аляксандра Лукашэнкі — дзейнага кіраўнікі дзяржавы;

Сяргея Калякіна — старшыні Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”;

Сяргея Гайдукевіча — старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі;

Таццяны Караткевіч — актывісткі кампаніі “Гавары праўду”, прадстаўніка кааліцыі “Народны рэферэндум”;

Анатоля Лябедзькі — старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі;

Віктара Цярэшчанкі — эканаміста, экс-кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года;

Жанны Раманоўскай — выкладчыка з Брэста, якая часова не працуе;

Мікалая Улаховіча — старшыні Беларускай патрыятычнай партыі, вярхоўнага атамана РГА “Беларускае казацтва”.

Самая шматлікая ініцыятыўная група — у Аляксандра Лукашэнкі (10,5 тыс. чалавек). Затым ідуць групы Сяргея Гайдукевіча (2,5 тыс. чалавек), Таццяны Караткевіч (больш за 1,9 тыс.), Сяргея Калякіна і Мікалая Улаховіча (прыкладна 1,5 тыс. у кожнай групе), Анатоля Лябедзькі і Віктара Цярэшчанкі (прыкладна тысяча чалавек). У ініцыятыўнай групе Жанны Раманоўскай, пра якую амаль нічога невядома, — 109 чалавек.

Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты працягнецца па
21 жніўня ўключна.

Пятыя выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначаны на 11 кастрычніка.

Поделиться ссылкой: