Згодна з Выбарчым кодэксам Беларусі дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп павінны быць правераныя цягам пяці дзён, пасля чаго пачнецца чарговы этап выбарчай кампаніі — збор подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты, паведамляе БелаПАН.
Аляксандр Лукашэнка — дзейны кіраўнік дзяржавы;
Сяргей Гайдукевіч — старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі;
Таццяна Караткевіч — актывістка кампаніі “Гавары праўду”, якая вылучаецца ад кааліцыі “Народны рэферэндум”;
Мікалай Статкевіч — кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, палітвязень;
Сяргей Калякін — старшыня Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”;
Андрэй Канавец — бізнесмен з Наваполацка;
Анатоль Лябедзька — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі;
Жанна Раманоўская — настаўніца з Брэста;
Ірына Першына — спецыяліст па рэкламе з Мінска;
Сяргей Заблоцкі — прэтэндэнт, пра якога нічога невядома;
Тамара Бірукова — дзіцячы выхавацель з Мінска.
Віктар Цярэшчанка — эканаміст, кандыдат у прэзідэнты на выбарах-2010.
Аляксандр Юдаеў — фатограф з Наваполацка.
Мікалай Улаховіч — старшыня Беларускай патрыятычнай партыі, вярхоўны атаман рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускае казацтва”.
У адпаведнасці з заканадаўствам у склад ініцыятыўнай групы павінны ўваходзіць не менш як 100 чалавек. Самая шматлікая група — у Аляксандра Лукашэнкі (10,5 тыс. чалавек). Затым ідуць групы Сяргея Гайдукевіча (2,5 тыс. чалавек), Таццяны Караткевіч (больш за 1,9 тыс.), Мікалая Статкевіча (больш за 1,7 тыс.) і Сяргея Калякіна (больш за 1,5 тыс.). Ініцыятыўныя групы астатніх прэтэндэнтаў значна саступаюць па колькасці.
17 ліпеня адбылося пасяджэнне ЦВК, на якім былі зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Калякіна і Сяргея Гайдукевіча.
Пасля пасяджэння старшыня камісіі Лідзія Ярмошына заявіла журналістам, што пакуль яна бачыць прычыны для рэгістрацыі толькі пяці ініцыятыўных груп, тры з якіх ужо зарэгістраваныя. Удакладніць, чые яшчэ ініцыятыўныя групы пройдуць рэгістрацыю, Ярмошына адмовілася.
Наступнае пасяджэнне ЦВК намечана на 20 ліпеня — у гэты Дзень Цэнтрвыбаркам плануе разгледзець астатнія заявы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп.
На прэзідэнцкіх выбарах 2010 года ў ЦВК паступіла 19 заяў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп, з якіх былі зарэгістраваныя 17. Самая вялікая група была ў лідара ЛДП Гайдукевіча — 10.483 чалавекі. Ініцыятыўная група Лукашэнкі тады налічвала 8.403 чалавекі.
Пятыя па ліку прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прызначаныя на 11 кастрычніка.