Намеснік кіраўніка МЗС Гур'янаў: Тэхнічна Беларусь гатова далучыцца да СГА за год

18

Ён адзначыў, што ўсе партнёры Беларусі па Еўразійскім эканамічным саюзе ўжо далучыліся да СГА. “У Казахстана перамовы ўжо завершаны, — падкрэсліў Гур’янаў. — Ёсць пытанні, якім чынам будуць улічвацца абавязацельствы Казахстана па Еўразійскім эканамічным і Мытным саюзах. Нам неабходна сур’ёзна пагаварыць на ўзроўні Еўрапейскай эканамічнай камісіі”, паведамляе БелаПАН.

Паводле яго слоў, Беларусь атрымала сігнал аб гатоўнасці СГА “больш часу прысвяціць беларускаму пытанню”. “Спадзяемся, што актывізуецца праца рабочай групы па далучэнні Беларусі, — сказаў Гур’янаў. — Усе разумеюць, што нельга адну краіну — удзельніцу буйнога эканамічнага аб’яднання трымаць па-за СГА”.

Пры гэтым, падкрэсліў Гур’янаў, Беларусь разлічвае на падтрымку сваіх калег па ЕАЭС.

Беларусь падала заяўку на ўваходжанне ў СГА яшчэ ў 1993 годзе. У чэрвені 2009-га Беларусь, Казахстан і Расія раптоўна аб’явілі аб уваходжанні ў СГА адзінай мытнай тэрыторыяй. Усе тры краіны прыпынілі двухбаковыя перамовы аб далучэнні да арганізацыі на час правядзення кансультацый па фарміраванні адзінай пазіцыі Мытнага саюза. Аднак ужо ў кастрычніку 2009 года было заяўлена, што Беларусь, Казахстан і Расія адновяць перамовы аб далучэнні да СГА паасобку, але на ўзгодненых пазіцыях. Расія стала членам СГА ў жніўні 2012 года.

У кастрычніку таго ж года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што вострая неабходнасць уваходжання Беларусі ў СГА адпала пасля ўваходжання туды Расіі. “Мы фактычна працаваць будзем у межах Сусветнай гандлёвай арганізацыі, асабліва маю на ўвазе, што Расія — наш асноўны партнёр. Таму, можа быць, нават і лепш, што мы паступова прывыкнем да гэтых норм Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Ад гэтага нікуды нам не дзецца. Мы не можам адгарадзіцца ад усяго свету, маючы такую эканоміку экспартна арыентаваную, і мы залежым ад усяго свету, таму нам рана ці позна прыйдзецца ўвайсці ў СГА”, — сказаў ён у інтэрв’ю міждзяржаўнай тэлекампаніі “Мір” .

Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь ужо даўно спрабуе ўвайсці ў СГА. “Мы правялі перамовы, але сутыкнуліся з палітычнай агароджай. Нам кажуць, што гэта чыста гандлёвая, эканамічная арганізацыя — Сусветная гандлёвая арганізацыя. Нічога падобнага. Палітыка тут прэвалюе. І палітычную агароджу гэту выбудавалі перад намі Еўрасаюз і Злучаныя Штаты Амерыкі па вядомых вам прычынах: у нас няма правоў чалавека, у нас апошняя апора дыктатуры там і гэтай далей і да таго падобнае”, — заявіў Лукашэнка.

У пачатку 2013 года Аляксандр Гур’янаў паведаміў, што Беларусь адновіць перамовы аб уваходжанні ў СГА ў сакавіку—красавіку. Ён патлумачыў, што перапынак у перамовах быў звязаны са зменай старшыні рабочай групы па ўваходжанні Беларусі ў СГА. “Дакументарны аб’ём працы, даволі істотны, мы зрабілі”, — сказаў ён.

 
Фота з сайта  БелаПАН

Поделиться ссылкой: