Напярэдадні, 14 ліпеня, у ЦВК паступілі дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе БелаПАН.
Групу Сяргея Калякіна ўзначаліў намеснік старшыні партыі “Справядлівы свет” Валерый Ухналёў, у яе уваходзяць 1 тысяча 513 чалавек.
Ініцыятыўнай групай Сяргея Гайдукевіча кіруе яго сын Алег Гайдукевіч — першы намеснік старшыні ЛДП, у склад групы ўвайшлі 2,5 тысячы чалавек.
Такім чынам, на гэты момант у ЦВК паступілі дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп трох прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта.
Усяго на сёння аб сваіх прэзідэнцкіх амбіцыях заявілі дзевяць чалавек: акрамя Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Калякіна і Сяргея Гайдукевіча гэта:
Анатоль Лябедзька — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі;
Таццяна Караткевіч — актывістка грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду”, якая плануе вылучацца ад кааліцыі “Народны рэферэндум”;
Юрый Радзькоў — дырэктар кампаніі “Цар-мёд”, аўтар міжнароднага праекта “Свет мёду і здароўя”;
Уладзіслаў Цітовіч — гендырэктар кампаніі Veduus, экс-кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу на выбарах 2012 года;
Віктар Цярэшчанка — эканаміст, экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года;
Юрый Шульган — беспрацоўны, якога падтрымлівае Беларуская партыя “Зялёныя”.
Акрамя таго, прадстаўнікі шэрагу апазіцыйных структур стварылі адзіны аргкамітэт па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты палітзняволенага Мікалая Статкевіча.
Чарговыя выбары прэзідэнта Беларусі прызначаныя на 11 кастрычніка. Апошні дзень падачы ў ЦВК дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты — 17 ліпеня.