Спіс прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта павялічваецца

0

Кандыдат эканамічных навук Віктар Цярэшчанка збіраецца чацвёрты раз балатавацца на пасаду прэзідэнта. Ён браў удзел у прэзідэнцкіх кампаніях 1994, 2001 і 2010 гадоў, але толькі адзін раз — у 2010-м — быў зарэгістраваны кандыдатам. Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, за Цярэшчанку прагаласавалі 1,19% выбаршчыкаў.

Я літаральна два-тры дні таму прыняў гэта рашэнне. Яго матыў зразумелы — гэта цяперашні стан беларускай эканомікі“, — заявіў Цярэшчанка БелаПАН. У аснову яго перадвыбарнай праграмы будуць пакладзены тэзісы, з якімі ён ішоў на прэзідэнцкія выбары ў 2010 годзе. “Прыкладна на 70% праграма будзе супадаць з папярэдняй, але ў ёй з’явяцца дапаўненні, актуальныя для сённяшняга дня“, — сказаў ён. 

Цярэшчанка таксама заявіў, што мае агульныя задачы з прадстаўнікамі апазіцыі, якія заявілі пра сваё вылучэнне кандыдатамі ў прэзідэнты. Ён паведаміў, што ўжо сустракаўся з патэнцыяльным кандыдатам у прэзідэнты ад кампаніі “Народны рэферэндум” Таццянай Караткевіч і кіраўніком яе выбарчага штаба Андрэем Дзмітрыевым, а таксама ўступіў у ініцыятыўную групу па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты палітвязня Мікалая Статкевіча. У хуткім часе Цярэшчанка мае намер сустрэцца з лідарам Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам і абмеркаваць з ім магчымае супрацоўніцтва.

Юрый Радзькоў, дырэктар кампаніі “Цар-мёд”, аўтар міжнароднага праекта “Свет мёду і здароўя”, сказаў, што рашэнне прэтэндаваць на пасаду прэзідэнта прыняў даўно. “Гэта рашэнне было мною сфарміравана яшчэ больш як 10 гадоў таму, калі мы пачалі праект “Здаровая Беларусь”. Мы планамерна, паэтапна знаёмілі грамадзян з нашай пазіцыяй, з маім стаўленнем да здаровага ладу жыцця. Сёння нацыя, самі ведаеце, у якім становішчы: звыш мільёна знаходзяцца ў алкагольнай залежнасці, гэта вельмі сур’ёзная праблема“, — сказаў Радзькоў.

Больш падрабязна пра свае погляды ён абяцае расказаць на прэс-канферэнцыі, якую мае намер правесці найбліжэйшымі днямі ў “Прэзідэнт-гатэлі”. “Мяркую, што ЦВК павінен даць пляцоўку, дзе могуць праводзіць прэс-канферэнцыі ўсе прэтэндэнты на прэзідэнцкую пасаду. У нас дастаткова багатая краіна, каб даць такую пляцоўку. Мяркую, лепшае для гэтага месца — “Прэзідэнт-гатэль“, тым больш ён сёння пустуе”, — зазначыў Радзькоў.

Чарговыя выбары прэзідэнта Беларусі прызначаныя на 11 кастрычніка. Пра свой намер балатавацца на вышэйшую дзяржаўную пасаду на гэты час заявілі таксама актывістка грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” Таццяна Караткевіч, якая плануе вылучацца ад кааліцыі “Народны рэферэндум”, лідары Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін і беспрацоўны Юрый Шульган. Апрача таго, прадстаўнікі шэрагу апазіцыйных структур стварылі адзіны аргкамітэт па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты палітвязня Мікалая Статкевіча.

 
 

Поделиться ссылкой: