У Беларусі дагэтуль няма палітычнай фігуры, супастаўнай з Лукашэнкам

3
Аб гэтым заявіў старшыня арганізацыі Аляксандр Радзькоў, выступаючы 11 ліпеня ў Мінску на пашыраным пасяджэнні рэспубліканскага савета аб’яднання.
 
“Ключавым звяном, якое забяспечвае згуртаванасць і салідарнасць беларускага народа, з’яўляецца наш лідар — прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. Члены РГА “Белая Русь” з’яўляюцца яго паслядоўнымі прыхільнікамі, патрыётамі сваёй радзімы. Усведамляючы сваю гістарычную адказнасць за сучаснасць і будучыню беларускага народа і дзяржавы, мы гатовы прыкласці ўсе намаганні для захавання стабільнасці, міру і згоды на нашай зямлі”, — падкрэсліў ён.

Паводле слоў Радзькова, “агульнай адказнасцю” “Белай Русі” з’яўляецца “захаванне галоўных каштоўнасцей: незалежнасці, палітычнай стабільнасці, міру і спакою ў грамадстве”. “Дасягненне гэтых высокіх мэтаў магчыма толькі на базе захавання дзяржаўнага суверэнітэту, удасканальвання сацыяльна-эканамічных адносінаў, павышэння канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі, а таксама захавання адзінства грамадзян краіны, кансалідацыі ўсіх структур грамадзянскай супольнасці”, — сказаў ён.

“За гады незалежнасці ў Беларусі сцвердзілася мудрасць, што мір і згода — гэта галоўны агульнанародны набытак. Яго трэба абараняць і ўмацоўваць штодзённай працай. Стабільнасць, мір і згода — гэта наш айчынны выбар, гэта галоўная формула паспяховага развіцця нашай Айчыны”, — заявіў Радзькоў.

На яго думку, у Беларусі дагэтуль няма палітычнай фігуры, супастаўнай з Лукашэнкам, “падабаецца гэта камусьці альбо не”. “Белая Русь” мае намер за пяць дзён сабраць 100 тысяч подпісаў у падтрымку яго вылучэння прэзідэнтам на сёлетніх выбарах.

У РГА “Белая Русь” уваходзіць больш за 155 тысяч чалавек. На прэзідэнцкіх выбарах 2010 года Радзькоў узначальваў перадвыбарны штаб Лукашэнкі.

 
Фота з сайта тут.by

Поделиться ссылкой: