Беларусь атрымала статус назіральніка ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва

2

Да гэтага Беларусь на працягу пяці гадоў мела ў арганізацыі статус партнёра па дыялогу. “Мы зацікаўленыя ў тым, каб удзел Беларусі быў забяспечаны ў арганізацыі на больш высокім узроўні, — заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 8 чэрвеня ў Маскве на прэс-канферэнцыі па выніках сустрэчы са сваім расійскім калегам Сяргеем Лаўровым. — Таму спадзяемся, што мы бліжэйшым часам забяспечым прыняцце палітычнага рашэння аб павышэнні статусу Беларусі ў ШАС да назіральніка і завяршым неабходныя прававыя фармальнасці”. 8 ліпеня падчас сустрэчы ва Уфе Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным апошні заявіў, што пытанне аб наданні Беларусі статусу назіральніка ў ШАС можна лічыць вырашаным, паведамляе БелаПАН.

Сёння таксама прынятае рашэнне аб пачатку працэдуры прыёму Індыі і Пакістана ў члены арганізацыі. Арменія, Азербайджан, Камбоджа і Непал атрымалі статус партнёраў па дыялогу ШАС.

Кіраўнікі дзяржаў — членаў ШАС падпісалі Уфімскую дэкларацыю і стратэгію развіцця арганізацыі да 2025 года. У ёй падкрэсліваецца неабходнасць поўнага і безумоўнага выканання бакамі канфлікту на Данбасе мінскіх дамоўленасцяў, вітаюцца намаганні па ўрэгуляванні праблемы іранскай ядзернай праграмы.

Акрамя таго, удзельнікі саміту зацвердзілі праграму супрацоўніцтва краін ШАС у барацьбе з тэрарызмам, сепаратызмам і экстрэмізмам на 2016—2018 гады.

На сённяшнім саміце ва Уфе кіраўнікі дзяржаў ШАС выказаліся таксама за ўрэгуляванне крызісаў на Блізкім Усходзе і Паўночнай Афрыцы без знешняга ўмяшання, а таксама заявілі, што аднабаковае стварэнне і нарошчванне сістэм проціракетнай абароны наносіць урон сусветнай бяспецы.

Вырашана, што наступны саміт ШАС пройдзе ў верасні 2016 года ва Узбекістане.

ШАС — рэгіянальная міжнародная арганізацыя, заснаваная ў 2001 годзе Кітаем, Расіяй, Казахстанам, Таджыкістанам, Кыргызстанам і Узбекістанам. За выключэннем Узбекістана ўсе гэтыя краіны з`яўляліся ўдзельніцамі “Шанхайскай пяцёркі”, заснаванай у выніку падпісання ў 1996—1997 гадах пагадненняў аб умацаванні даверу ў ваеннай галіне і аб узаемным скарачэнні ўзброеных сіл у раёне мяжы.

© Фотохост-агентство

Поделиться ссылкой: