Беларуская арганізацыя з Літвы заклікае адмяніць санкцыі супраць Беларусі

3

Рада “Саюза беларускай моладзі Віленшчыны” звярнуўся да ўсіх беларускіх арганізацыяй свету з прапановай падтрымаць іх ініцыятыву — зварот да ЕС і ЗША аб адмене палітычных і эканамічных санкцый супраць Беларусі. Ліст быў надрукаваны ў газеце “СБ. Беларусь сегодня”. Яго падпісалі старшыня рады Валерыус Савенковас і сакратар Вітаўтас Арбатаўскас. Першы ўжо раней “засвяціўся” на старонках “СБ”, там не так даўно друкавалася інтэрв’ю з ім, праўда, як з Валерыем Савянковым. Сам ён даўно выйшаў з маладзёжнага ўзросту, але працягвае кіраваць арганізацыяй “беларускай моладзі”. Пра тое, колькі ў ёй чальцоў і які яна мае ўплыў, інфармацыі няма, паведамляе “Еўрарадыё”.

У звароце адзначаецца, што “грамадска-палітычная сітуацыя ў Беларусі  год ад года змяняецца да лепшага, дэмакратызаваныя дзяржаўныя інстытуцыі, практычна ў краіне не засталося асуджаных асобаў у месцах пазбаўлення волі, якіх праваабарончыя арганізацыі лічаць палітычнымі зняволенымі”. Як тут не згадаць хаця б экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, які са снежня 2010-га застаецца за кратамі.

Адзначаецца, што знешняя палітыка Лукашэнкі “арыентаваная на абарону дзяржаўнага суверэнітэту, незалежнасці і нацыянальнай ідэнтычнасці народу Беларусі”. Што большасць беларусаў падтрымліваюць абраную ўладамі тактыку “эвалюцыйнага эканамічнага развіцця без “шокавых тэрапіяў”. І вось толькі санкцыі з’яўляюцца перашкодай “для паспяховага эканамічнага развіцця рэспублікі”. Кіраўнікі арганізацыі з Літвы лічаць, што яны “вычарпалі сваё прызначэнне”, што ад іх “пакутуюць простыя людзі”.

У звароце адзначаецца, што трэба дамагчыся альбо адмены санкцый, альбо іх не працягнення ў кастрычніку сёлета.

Фота: AFP

Поделиться ссылкой: