Лукашэнка адпраўляецца на саміты ШАС і БРІКС

3

Плануецца, што ва Уфе, куды беларускі кіраўнік прыбудзе вечарам, адбудзецца яго двухбаковая сустрэча з Уладзімірам Пуціным. Як паведаміла напярэдадні агенцтва ТАСС, асноўную ўвагу падчас сустрэчы плануецца надаць гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву дзвюх краін, паведамляе БелаПАН.

Раней паведамлялася, што Беларусь на саміце спадзяецца атрымаць статус назіральніка ў ШАС. “Беларусь ужо на працягу пяці гадоў мае статус партнёра па дыялогу з ШАС. Мы зацікаўленыя ў тым, каб удзел Беларусі быў забяспечаны ў арганізацыі на больш высокім узроўні, — заявіў кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей 8 чэрвеня ў Маскве на прэс-канферэнцыі па выніках сустрэчы са сваім расійскім калегам Сяргеем Лаўровым. — Таму мы спадзяемся, што нам ўдасца ў хуткім часе забяспечыць прыняцце палітычнага рашэння аб павышэнні статусу Беларусі ў ШАС да назіральніка і завяршыць неабходныя прававыя фармальнасці”.

Заяўку на атрыманне статусу назіральніка ў ШАС Беларусь падала ў 2005 годзе, а ў 2010-м — атрымала статус партнёра па дыялогу. Гэта дазваляе прадстаўнікам краіны быць запрошанымі да ўдзелу ў шэрагу мерапрыемстваў ШАС.

У інтэрв’ю ТАСС 6 ліпеня намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валянцін Рыбакоў зазначыў: адрозненне паміж статусамі назіральніка і партнёра па дыялогу ў тым, што назіральнік уцягнуты ў большую колькасць мерапрыемстваў больш высокага ўзроўню. “Асноўныя з іх — адкрыццё пасяджэнняў Савета кіраўнікоў дзяржаў або Савета кіраўнікоў урадаў дзяржаў — членаў ШАС, а таксама магчымасць прысутнасці на адкрытых пасяджэннях Савета міністраў замежных спраў і шырокім коле нарадаў кіраўнікоў міністэрстваў і арганізацый дзяржаў — членаў ШАС”, — удакладніў Рыбакоў.

ШАС — рэгіянальная міжнародная арганізацыя, заснаваная ў 2001 годзе Кітаем, Расіяй, Казахстанам, Таджыкістанам, Кыргызстанам і Узбекістанам. За выключэннем Узбекістана ўсе гэтыя краіны з’яўляліся ўдзельніцамі “Шанхайскай пяцёркі”, заснаванай у выніку падпісання ў 1996—1997 гадах пагадненняў аб умацаванні даверу ў ваеннай сферы і аб узаемным скарачэнні ўзброеных сіл у раёне мяжы.

БРІКС — група з пяці буйных краін, якія хутка развіваюцца: Бразілія, Расія, Індыя, Кітай, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка. Практычнае ўзаемадзеянне ў межах БРІКС пачалося ў верасні 2006 года, калі па ініцыятыве прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна “на палях” сесіі Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку адбылася першая сустрэча кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў у гэтым фармаце. Яе вынікам стала пацвярджэнне ўдзельнікамі зацікаўленасці ў развіцці шматпланавага чатырохбаковага супрацоўніцтва для фарміравання шматпалярнага свету.

Поделиться ссылкой: