Вячаслаў Сіўчык: мусім стварыць масавую ініцыятыўную групу Мікалая Статкевіча

6
З ініцыятывай вылучыць кандыдата на выбарах 2010 года, які дагэтуль знаходзіцца ў турме, выступілі некалькі палітычных сілаў. „Спадзяюся, што людзі актыўна далучацца да стварэння гэтай групы”, – адзначае ў гутарцы са Змітром Косціным лідар Руху Салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык, перадае Беларускае Радыё Рацыя.

 

Вячаслаў Сіўчык: Вельмі каштоўна для ўсёй беларускай нацыі тое, што гэты чалавек не ўратаваў сваю ўласную свабоду праз паданне прашэння дыктатару. Дзясяткі людзей ішлі па крымінальных справах пасля Плошчы 2010 года. Трапілі пад ціск усе кандыдаты ў прэзідэнты. І вось як раз толькі адзін з тых людзей, якія прымалі ўдзел у тым выбарчым фарсе, устаяў і трымаецца. Беларуская “Грамада” павінна гэта зразумець, бо Мікалай Статкевіч робіць адзін больш, чым уся апазіцыя за апошнія тыя чатыры гады, калі ён знаходзіцца ў вязніцы. Але, варта не забываць, што Мікалай Статкевіч – гэта вельмі вядомы беларускі палітык. Вядомы як у Беларусі, так і ў свеце. Я асабіста пазнаёміўся з Мікалаем Віктаравічам, калі было ГКЧП і калі малады падпалкоўнік савецкай арміі ў адкрытую выступіў на мітынгу і заклікаў вайскоўцаў не выконваць злачынныя загады хунты. Гэта быў, натуральна, вельмі моцны ўчынак, таму што ў той момант ніхто не ведаў, якая далей будзе гісторыя. Гэта зараз мы ведаем, што праз некалькі дзён ГКЧП не стала, а Беларусь атрымала незалежнасць. У той момант, калі Статкевіч прымаў рашэнне звярнуцца да вайскоўцаў, гэтага ніхто не ведаў. Гэта крок чалавека, які мае асабістую мужнасць. Гэта крок чалавека, які цалкам адданы Беларусі. І далейшая ягоная палітычная кар’ера, самыя галоўныя моманты, дастаткова вядомыя. Мы святкуем штогод 8 верасня як Дзень беларускай вайсковай славы. І калі не ўзгадваць Мікалая Статкевіча, то гэта не будзе поўная гісторыя нашага вялікага свята, таму што ў 1992 годзе менавіта ён быў ініцыятарам вельмі важнага для беларусай дзяржавы працэса – прыняццё беларускай прысягі. На жаль, і тады не вельмі добра было з беларускай дзяржавай, і беларускія афіцэры, якія прынялі прысягу на вернасць Беларусі, былі звольненыя з беларускага войска. Але ж такіх крокаў Статкевіч рабіў вельмі шмат, і ў Беларусі ён досыць вядомы. Я глыбока перакананы, што беларуская нацыя можа яго падтрымаць. Праблема з апазіцыяй. Таксама ў яго добрыя сувязі, у адрозненні ад іншых беларускіх палітыкаў, з палітыкамі Захаду. Я нагадаю, што партыя Міколы Статкевіча – Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Народная Грамада” – уваходзіць у Сацінтэрн. Гэта дастаткова сур’ёзная і ўплывавая сіла. І яна таксама мусіць быць задзейнічана пры нашай барацьбе ў гэтым годзе. Таму што ўвосень будзе страшна. Не трэба забываць, што два аспекты адрозніваюць гэты выбарчы фарс, ад тых чатырох фарсаў, якія Лукашэнка праводзіў раней. І тады выбараў не было ніякіх. Гэта ўсе разумеюць. Гэта два фактары. Адзін асабісты: тое, што Мікалай Статкевіч знаходзіцца ў турме. Ніколі так не было, каб кандыдаты праводзілі ўвесь час у турме ад аднаго выбарчага фарсу да другога. І ёсць яшчэ адна страшная рэч – гэта пуцінская рэальная палітыка, гэта агрэсія Расейскай Федэрацыі ва Украіне. Натуральна, плануючы тое, што будзе адбывацца, мы мусім звяртаць увагу на гэтую рэальнасць. І адзіны шанец для беларускага грамадства – утрымацца, не дапусціць вайны на нашай тэрыторыі, уратаваць нашую дзяржаву, якая вельмі цяжка нам далася. Дзяржаву трэба ўтрымаць. І ўтрымаць можна толькі адным шляхам – шляхам мірнага пратэсту. Мы сёння, як нацыя, у такім стане, што нам трэба рабіць простыя, ясныя рэчы мірным шляхам. І вось фармаванне ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча – гэта як раз ёсць мірны шлях, дзеля будучыні Беларусі. Таму што ў кожнага чалавека мусіць быць сумленне. Кожны чалавек можа зразумець, што Статкевіч у турме, гэта не правільна, гэта азначае – што ніякіх выбараў у Беларусі быць не можа. І на гэтай пазіцыі трэба стаяць. Я заклікаю ўсіх, хто мяне чуе, хто мае смеласць, хто не баіцца, хто разумее, што трэба ратаваць сваю краіну і сваю нацыю, запісвацца ў ініцыятыўную групу па вылучэнні Мікалая Статкевіча.

 
РР: Шмат хто апошнімі днямі заяўляе, пачынаючы ад Лідзіі Ярмошынай, што гэта нерэальна, зарэгістраваць Статкевіча. Ці пра рэгістрацыю Міколы Статкевіча вядзецца ў гэтай справе – у ставарэнні гэтай ініцыятыўнай групы?
 
Вячаслаў Сіўчык: У нас сёння амаль адныя блазны. “Клаунада”. І адзін з самых вялікіх “клоунаў” – гэта Лідзія Ярмошына, якая была нелігітымна пастаўлена яшчэ ў далёкім 1996 годзе, якая ўжо стала пенсіянеркай, якая як і раней займаецца маніпуляцымі і фальсіфікацыямі.
 
РР: Ёсць порах у парахаўніцах…
 
Вячаслаў Сіўчык: Ды няма ніякага пораху. І парахаўніц там ужо даўно няма. Але ёсць пасада, за якую добра плоцяць, ёсць ахова, і нічога не залежыць ад гэтага “клоуна”. Што ёй скажуць, тое яна і зробіць. Не факт, што ініцыятыўную групу Мікалая Статкевіча не зарэгіструюць. Гэта будзе палітычнае рашэнне. І зусім думку Ярмошынай ніхто пры гэтым пытаць не будзе. Яе роля іншая. Яна мусіць, як казаў Мікалай Статкевіч, заводзіць свой “вясёлы балаганчык”, для таго каб усе неяк вось так круціліся, і была імітацыя таго працэсу, які ў іншых краінах правільна называецца выбарамі. Толькі не ў Беларусі.
 
РР: Вы заклікалі далучацца да ініцыятыўнай групы. Дзе можна знайсці, дзе можна запісацца ў гэтую ініцыятыўную групу?
 
Вячаслаў Сіўчык: Гэта не ёсць праблема. Зараз створаныя штабы практычна ва ўсіх палітычных суб’ектах, якія падтрымалі ідэю вылучэння Мікалая Статкевіча. Трэба звяртацца альбо да актывістаў партый, якія падтрымалі Мікалая Статкевіча – гэта і “Народная Грамада”, і АГП, і БХД, гэта і прафсаюз РЭП, партыя “Свабоды і Прагрэса” і натуральна Рух Салідарнасці “Разам”. Як вядома, штаб пагадзіўся ачоліць Мікола Аўтуховіч. Мы таксама фарміруем ініцытыўную групу. Хто не можа знайсці нашых актывістаў, заходзьце га сайт statkevich.org і там можаце знайсці магчымасць далучыцца да ініцыятыўнай групы. А таксама можна звяртацца, напрыклад, праз мой профіль у Фэйсбуку. Я з вялікім задавальненнем адкажу на пытанні і таксама магу далучыць людзей у ініцыятыўную групу Мікалая Статкевіча. Выкарыстоўваце любую магчымасць, каб гэтая група стала як мага больш масавай. Сёння шмат хто баіцца рэпрэсій. Дык вось, адзіная абарона людзей – гэта масавасць. Калі атрымаецца ў нас стварыць нармальную ініцыятыўную групу Мікалая Статкевіча, то тады мы зможам абараніць тых людзей, якія запісаліся. Таму – не бойцеся. Будзем баяцца – будуць вельмі страшныя рэпрэсіі. Страх заўсёды выклікае ў катаў не жаданне пашкадаваць, а жаданне знішчаць. Трэба ратаваць Беларусь, трэба змагацца. І таму запісвайцеся ў ініцыятыўную групу Мікалая Статкевіча.
 
З лідарам Руху Салідарнасці “Разам” Вячаславам Сіўчыкам гутарыў Зміцер Косцін. Спісы ініцыятыўных групаў па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты можна падаваць у ЦВК да 17 ліпеня.

 Цалкам гутарка ў гукавым файле

Поделиться ссылкой: