Урад Вялікабрытаніі прызначыў новага кіраўніка амбасады ў Беларусі. Ім стане Фіёна Гіб, якая зменіць на гэтай пасадзе Бруса Бакнэла. Апошняга перавядуць на іншую дыпламатычную пасаду, паведамляе сайт брытанскага кабміна.
Фіёна Гіб пачала сваю кар’еру ў 1990 годзе і займала шэраг пасадаў у Лондане і за мяжой, працавала ў Берліне, Кіеве, Магадаша, Басры, а таксама ў Сане. Як адзначае сама дыпламатка, быць амбасадарам Яе Вялікасці ў Беларусі — найвышэйшы гонар. Фіёна Гіб з нецярпеннем чакае пачатку працы з беларускім урадам і няўрадавымі арганізацыямі, у тым ліку ў пытаннях дабрабыту, бяспекі і датрымання правоў чалавека.
Фота: gov.uk