КПБ падтрымае на выбарах Лукашэнку і мае намер актыўна супрацьстаяць апазіцыі

2

Такое рашэнне камуністы прынялі 27 чэрвеня на XI пазачарговым з’ездзе ў Мінску, паведамляем БелаПАН.

“Камуністычная партыя Беларусі з’яўляецца адной з нешматлікіх на еўрапейскай палітычнай прасторы, хто падтрымлівае палітычнае кіраўніцтва краіны. Гэтая падтрымка грунтуецца на супадзенні стратэгічных мэт і задач нашай партыі і сацыяльна-эканамічнай палітыкі па пабудове сацыяльна арыентаванай дзяржавы для народа”, — заявіў, выступаючы на з’ездзе, першы сакратар ЦК КПБ Ігар Карпенка, паведамляе прэс-служба партыі. 

Камуністы ўпэўненыя, што перадвыбарная кампанія — перыяд, які падыходзіць для таго, каб паказаць, што Беларусь “без якіх-небудзь энергетычных і прыродных рэсурсаў выглядае больш стабільнай ва ўсіх адносінах дзяржавай, чым некаторыя суседнія дзяржавы, а тым больш Украіна”. 

КПБ лічыць адзіным правільным рашэннем адмову ад вылучэння ўласнага кандыдата і падтрымку дзейнага кіраўніка. Камуністы маюць намер не толькі актыўна ўдзельнічаць ва ўсіх этапах электаральнай кампаніі, збіраць подпісы ў падтрымку Лукашэнкі і назіраць за выбарамі, але і займацца “выкрыццём задум апазіцыі”. 

“Выбарчы працэс неабходна выкарыстоўваць для згуртавання і папаўнення радоў партыі, для асветы працоўных ва ўсіх кірунках палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця на аснове марксісцка-ленінскай метадалогіі, практыкі сацыялістычнага будаўніцтва”, — сказаў Карпенка. Пры гэтым ён нагадаў, што, з пункту гледжання камуністаў, “у міжнароднага капіталу ёсць велізарны арсенал ідэалагічных і інфармацыйных сродкаў і спосабаў масіраванага ўздзеяння на грамадскую свядомасць з мэтай палітычнага маніпулявання масамі”. 

“З улікам наяўнага становішча наша партыя павінна разгарнуць сістэму контрпрапагандысцкіх мерапрыемстваў у дачыненні да “апазіцыйных кандыдатаў”, іх агітатараў і давераных асоб на ўсіх этапах выбарчай кампаніі. Беларускія выбаршчыкі павінны добра ведаць, куды клічуць народ палітычныя дыназаўры, выгадаваныя Дзярждэпам ЗША яшчэ з часоў гарбачоўскай перабудовы”, — заявіў галоўны камуніст краіны, які з’яўляецца намеснікам старшыні Мінгарвыканкама. 

“Неабходна сістэмна і папулярна даносіць да грамадзян сапраўдныя мэты, якія ставіць “пятая калона” ў адпаведнасці з планамі ЦРУ па ператварэнні Беларусі ў Самалі, Лівію, Ірак, Афганістан ці Украіну”, — лічыць Карпенка. 

Паводле яго слоў, камуністы маюць намер “мабілізаваць усе наяўныя рэсурсы і не дапусціць спроб правядзення дэструктыўнымі сіламі апазіцыі не санкцыянаваных упаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі пікетаў, сходаў, мітынгаў, шэсцяў і іншых мерапрыемстваў пасля закрыцця выбарчых участкаў”. 

Чакаецца, што дата прэзідэнцкіх выбараў будзе вызначана на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў 30 чэрвеня. Цэнтрвыбаркам па ініцыятыве старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай прапанаваў правесці выбары 11 кастрычніка. Раней магчымай датай правядзення галасавання называлася 15 лістапада.

 
 

Поделиться ссылкой: