Дэпутат Самасейка: правядзенне рэферэндуму аб адмене смяротнай кары зараз немэтазгоднае

3

Такую думку выказаў старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па міжнародных справах Мікалай Самасейка, адказваючы на пытанне БелаПАН, ці не лічыць ён мэтазгодным правесці рэферэндум па пытанні смяротнай кары.

“Для поўнай адмены смяротнай кары, магчыма, і патрэбны рэферэндум. Але наконт гэтага яшчэ ідуць спрэчкі. Чаму? Таму што пытанне смяротнай кары знаходзіцца ў тым раздзеле Канстытуцыі, які можа быць зменены толькі шляхам рэферэндуму. Але там жа, у гэтым жа раздзеле, і напісана, што смяротная кара захоўваецца да яе адмены. Такім чынам, нібыта ўжо і закладзеная (яе адмена. — БелаПАН.)”, — растлумачыў Самасейка, які з’яўляецца кіраўніком рабочай парламенцкай групы па вывучэнні праблематыкі смяротнай кары.

Дэпутат падкрэсліў, што з’яўляецца прыхільнікам паэтапнага падыходу да вырашэння пытання аб смяротнай кары. “Спачатку абвясціць мараторый на смяротную кару, для гэтага рэферэндум не патрэбны, гэта вырашае прэзідэнт ці парламент”, — сказаў ён.

Пры гэтым Самасейка зазначыў, што пытанне аб увядзенні мараторыя на смяротную кару знаходзіцца “на стадыі абмеркавання яго мэтазгоднасці”. “Рашэнне можа быць прынятае, калі зменіцца меркаванне — і грамадскае, і дэпутатаў у тым ліку, — сказаў Самасейка. — У заключэнні Канстытуцыйнага суда сказана, што ўвядзенне мараторыя можа быць ініцыяванае або прэзідэнтам, або парламентам. Меркаванне прэзідэнта вы ведаеце. Меркаванне дэпутатаў, будзем шчырыя, у нейкай ступені залежыць ад меркавання прэзідэнта. Апрача таго, дэпутаты, як выразнікі волі народа, грамадства, якое іх выбрала, далёка не ў большасці за ўвядзенне мараторыя. Таму трэба працаваць з дэпутатам і грамадствам”.

Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе дагэтуль існуе смяротная кара. Гэта з’яўляецца адной з галоўных прычын, з-за якой Беларусь не ўваходзіць у Савет Еўропы. Закранаючы праблему смяротнай кары, беларускія ўлады спасылаюцца на вынікі рэферэндуму 1996 года, падчас якога большасць грамадзян выказаліся за захаванне гэтага віду пакарання.

Выступаючы ў красавіку гэтага года на пасяджэнні камітэта па палітычных пытаннях і дэмакратыі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) у Страсбургу, Самасейка заявіў, што Беларусь гатовая да абмеркавання з Саветам Еўропы пытання адмены смяротнай кары.

Між тым намеснік генпракурора Беларусі Аляксей Стук 25 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску сказаў, што Беларусь не мае патрэбы ў адмене смяротнай кары. Ён таксама прывёў статыстыку смяротных прысудаў. У 2009 годзе, паведаміў Стук, у Беларусі былі пакараныя смерцю два чалавекі, у 2010-м — таксама два, у 2011 годзе — трое, у 2013-м — чацвёра. У 2012 і 2014 гадах смяротныя прысуды ў выкананне не прыводзіліся. У 2015 годзе адзін смяротны прысуд ужо вынесены, але яшчэ не набыў моц, асуджаны мае намер яго абскардзіць.

Поделиться ссылкой: