Лукашэнка заклікае правесці выбары "на найвышэйшым узроўні"

3
Ён адзначыў, што выбарчыя кампаніі любога ўзроўню маюць вельмі важнае значэнне як форма волевыяўлення народа. “А выбары прэзідэнта — гэта галоўная грамадска-палітычная падзея для любой краіны, тым больш для нашай, дзе паўнамоцтвы прэзідэнта вельмі вялікія. Аддаючы свой голас на карысць таго ці іншага кандыдата, грамадзяне Беларусі вызначаюць лёс дзяржавы, куды і як мы будзем рухацца далей, які шлях развіцця пры гэтым выберам”, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта, перадае БелаПАН.

“Перад намі стаяць сур`ёзныя і адказныя задачы. Нам неабходна падрыхтаваць і правесці прэзідэнцкія выбары, па-першае, адкрыта, па-другое, сумленна, па-трэцяе, спакойна, і самае галоўнае — строга ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам і тымі абавязацельствамі, якія мы ўзялі перад міжнароднымі арганізацыямі”, — падкрэсліў ён.

Сёлетнюю палітычную кампанію Лукашэнка назваў экзаменам улады перад народам. Вынікі выбараў прадэманструюць стаўленне людзей да вынікаў гэтай працы, а таксама стануць асновай стратэгіі далейшага развіцця краіны, дадаў ён.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, асноўную ролю ў правядзенні вырабаў у адпаведнасці з заканадаўствам будзе адыгрываць Цэнтрвыбаркам. “ЦВК з часу абвяшчэння прэзідэнцкіх выбараў, і толькі яна, будзе займацца ў краіне арганізацыяй і правядзеннем выбарчай кампаніі. Усе астатнія — і я ў тым ліку — будуць удзельнічаць у ёй толькі столькі, колькі гэтага запатрабуе ЦВК. Усялякія заявы, ініцыятывы павінны ўзгадняцца са старшынёй Цэнтрвыбаркама”, — заявіў Лукашэнка. Ён заклікаў ЦВК стварыць роўныя ўмовы для ўсіх кандыдатаў.

Лукашэнка таксама запэўніў, што нікому не будзе забаронена назіраць за выбарамі — “ні ўнутраным назіральнікам, ні замежным”. “Палітычную стабільнасць, мір і згоду” Лукашэнка назваў “краевугольнымі элементамі паслядоўнага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны”. “Мір, спакой і стабільнасць значна важнейшыя за любыя электаральныя кампанія, любыя прэзідэнцкія, парламенцкія і іншыя выбары”, — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на асаблівую важнасць арганізацыі бяспекі ва ўмовах “трывожных падзей, якія адбываюцца на міжнароднай арэне і непасрэдна каля межаў Беларусі”. Ён заклікаў кіраўнікоў усіх органаў улады забяспечыць дакладнае, бесперабойнае функцыянаванне дзяржапарату, жорсткую выканальніцкую дысцыпліну, максімальную скаардынаванасць дзеянняў вертыкалі ўлады і сілавых структур.

“Але пры гэтым хачу папярэдзіць: без усялякіх празмернасцяў, без усялякіх неразумных, бесталковых, непатрэбных ініцыятыў кшталту: не туды пайшоў, не там стаў, хапаць, цягнуць і гэтак далей. Працуйце на папярэджанне, тлумачце, прасіце. Мы не павінны дапусціць пры гэтым і найменшай дэстабілізацыі становішча ў краіне” — сказаў Лукашэнка.

 
Фото: mdom.biz

Поделиться ссылкой: