Цярэшчанка: мяне ад выбараў 2010 года “прэсуюць”, і я невыязны з краіны

4

Даведка Еўрарадыё: Віктар Цярэшчанка — кандыдат эканамічных навук, удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС, дэпутат Вярхоўнага Савета 13 склікання, на выбарах 1994 і 2010 вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты.

Еўрарадыё: Ужо колькі часу як апазіцыя ажыла: даты прэзідэнцкіх выбараў абмяркоўваюць, імёны будучых кандыдатаў называюць, узроўнем падтрымкі мераюцца, а Віктар Цярэшчанка, пастаянны ўдзельнік прэзідэнцкіх кампаній, загадкава маўчыць. Рыхтуеце інфармацыйную бомбу?

Віктар Цярэшчанка: Я не буду гэтым разам удзельнічаць. Тут ёсць тры моманты. Першае: таго, што я атрымаў ад улады за гэтыя 5 гадоў пасля выбараў, нікому не пажадаю: да гэтага часу не маю працы, затое маю праблемы ад судоў, пракуратуры і рознай іншай хрэні, якую толькі можна прыдумаць! Другі момант звязаны з апазіцыяй, мая віна таксама ў гэтым ёсць: да гэтага часу мы не падтрымалі адно аднаго, не кажучы ўжо пра адзінага кандыдата. І трэцяе: ну, будуць піярыцца хлопцы, вырашылі стаць проста кандыдатамі. У гэтую гульню гуляць у мае гады?! Ну не хачу я гэтым займацца. Апазіцыя дасёння не прыйшла ні да чога, толькі сексотцва адно на аднаго.

Еўрарадыё: Здаецца, вы ніколі раней не бралі ўдзелу ў спробах апазіцыі абраць адзінага кандыдата, ні з кім не аб’ядноўваліся, ішлі асобна — чаму цяпер гэта так хвалюе?

Віктар Цярэшчанка: Мы заўжды разам былі, толькі мелі розныя погляды. Я быў супраць Плошчы, і цяпер вы дакладна ведаеце, што гэта была “падстава”. Я заўжды выказваўся канструктыўна, і нехта са мной пагаджаўся, з кімсьці я пагаджаўся ў нечым, але мы былі адзіныя ў 2010 годзе. Ну, больш-менш адзіныя. Але ж цяпер зусім рыба-жаба! Мой сусед Лябедзька добры хлопец, але сусед — і ўсё! Мы гаворым пра краіну, народ, будучыню нашых дзяцей, але пра што можна гаварыць і з кім, калі нявызначанасць ва ўсім? Як можна сёння ісці на амбразуру, калі няма адзінства? Зразумела, што сілавыя структуры зрабілі ўсё, каб раскідаць гэтую невялікую апазіцыю, але….

Цярэшчанка: мяне ад выбараў 2010 года “прэсуюць”, і я невыязны з краіны

Еўрарадыё: На Плошчу не заклікалі, не “вялі людзей да Дома ўрада” — якія да вас прэтэнзіі маюць улады?

Віктар Цярэшчанка: Сітуацыя такая, што да гэтага часу мяне “прэсуюць”, да гэтага часу я невыязны з краіны. Рашэнне суда было тры гады таму, але я нікому пра гэта не казаў.

Еўрарадыё: Чым займаецеся і на якія грошы?

Віктар Цярэшчанка: Я ўжо на пенсіі, і гэтага хапае, каб плаціць за кватэру. Не, работу заўжды знайсці можна, але я кажу пра працу па кваліфікацыі і ўзроўні майго апошняга месца — я чытаў лекцыі ў ВНУ. Цяпер мяне ва ўніверсітэт узяць не могуць, чытаць лекцыю па эканоміцы і не сказаць праўды пра рэальную сітуацыю ў краіне немагчыма. Можна схлусіць, але заўтра яны здадуць экзамены і пойдуць у рэальнае жыццё. І лепш ім казаць пра яго праўду. Але сказаўшы праўду, адразу атрымліваеш пад…

Еўрарадыё: Лідары апазіцыі спрабавалі выбіраць адзінага кандыдата. Безвынікова, але ж спробы былі…

Віктар Цярэшчанка: Колькі тая група перамоўшчыкаў па адзіным аб’ядноўвае выбаршчыкаў? Ну, можа 0,1 адсотка выбаршчыкаў — і што, які б у іх атрымаўся адзіны? Нам трэба ўсім — левым, правым, цэнтрыстам — аб’яднацца. Але мяне ніхто не клікаў — хаваюцца! Я — дэпутат Вярхоўнага Савета 13 склікання. Лябедзька — такі ж дэпутат. Чаго мяне не клічуць? Бо я магу заняць нечае месца і паехаць у Брусель ці Вільню? Так што, калі б гэтая групка людзей і выбрала нейкага адзінага, то гэта быў бы не адзіны, а погляд пэўнай часткі людзей.

Еўрарадыё: Вы не верыце, што імаверныя кандыдаты ў прэзідэнты хочуць перамагчы на выбарах?

Віктар Цярэшчанка: Я вось не так даўно гаварыў з Кастусёвым (экс-кандыдат у прэзідэнты, намеснік старшыні Партыі БНФ — Еўрарадыё), і такое адчуванне, што ўсе наўкол — ваўкі-самотнікі. А гэта ж выбары, і такі падыход несур’ёзны. Да такіх мерапрыемстваў неабходна рыхтавацца, шукаць аднадумцаў паўсюль. Спроб такіх не было. Якое маральнае права я маю сказаць сваім людзям: “Я ўдзельнічаць не буду, але вы падтрымайце Калякіна”? Ніякага права так казаць не маю, бо я сам у Калякіну не ўпэўнены — Сярожа ёсць Сярожа, якім быў, такім і застаўся. Ну, прапіярыцца ён, і што далей? Навошта заклікаць яго падтрымліваць, калі ён і не збіраецца перамагаць, а хоча, у найлепшым выпадку, новых прыхільнікаў партыі за час кампаніі знайсці?

Еўрарадыё: У Калякіну вы такой кандыдатуры не бачыце, у Лябедзьку, відаць, таксама — а ў кім бачыце?

Віктар Цярэшчанка: Хто яшчэ вылучыўся? Жанчына — я не ведаю яе! Адкуль яна выйшла, кім працавала? Хай яна і далей вучыць дзяцей (Таццяна Караткевіч псіхолаг па адукацыі — Еўрарадыё). Не магу я падтрымаць чалавека, які не мае вопыту працы на вытворчасці, не ведае, выбачайце, колькі цыцак у каровы! Калі яна не ведае сферу матэрыяльнай вытворчасці, эканоміку — хто за яе прагаласуе? Ну, была яна намеснікам у Някляева, але гэта ўсё несур’ёзна.

Еўрарадыё: Навошта прэзідэнту ведаць, колькі цыцак у каровы? Ён прызначыць міністра, які будзе ведаць.

Віктар Цярэшчанка: Ваша праўда, але менеджарам нараджаюцца ці падчас працоўнай дзейнасці ім становяцца. А гэты чалавек нічога не мае, апроч дыплома настаўніка. Магчыма, яна харошы чалавек, прыгожая, фігура ў яе добрая — мяне гэта не цікавіць. Мяне цікавіць, што за ёй стаіць. Някляеў ці хто іншы? А сама яна з сябе што ўяўляе? Галасаваць за чалавека, які падпіша тое, што яму падсунуць? У нас проста чарговы раз скрадуць 5 гадоў, як гэты скраў 20 гадоў.

Цярэшчанка: мяне ад выбараў 2010 года “прэсуюць”, і я невыязны з краіны

Еўрарадыё: Атрымліваецца, “толькі Лукашэнка, бо больш няма за каго”?

Віктар Цярэшчанка: Ні ў якім разе! Думаю, што яшчэ можа заявіцца на выбары нармальны чалавек. Калі не — страцім яшчэ 5 гадоў. Але я ў сённяшняй сітуацыі свайго ўдзелу ў выбарах не бачу. З улікам таго, што я за мінулы ўдзел атрымаў. А яшчэ і Лябедзька некалі ў мой адрас мяўкнуў: “Гэта другі Гайдукевіч”. Каб гаварыць на тэму “хто такі Цярэшчанка”, трэба пра яго хоць нешта ведаць: што ён не метр пяцьдзясят з кепкай, а 1 метр 84 — хаця б гэта! Гэта проста нейкія выпадковыя людзі ў палітыцы…

Еўрарадыё: Вось вы кажаце пра неаб’яднаную апазіцыю, іншыя высокія матэрыі, а нехта падумае: “Грошы на кампанію не знайшоў і вешае локшыну”…

Віктар Цярэшчанка: Грошы можна знайсці. Галоўнае, каб асноўная група лідараў, якія збіраюцца ісці кандыдатамі, была адзіная. Гэтага няма, і проста так удзельнічаць дзеля ўдзелу я не хачу.

Фота: naviny.by i bymedia.net

Поделиться ссылкой: