Яшчэ адзін сустаршыня партыі Віталь Рымашэўскі заявіў, што БХД не здымае з сябе адказнасць за тое, што апазіцыі не ўдалося дамовіцца аб вылучэнні адзінага кандыдата. “Мы лічым гэта сваім паражэннем”, — адзначыў ён.
Рымашэўскі падкрэсліў, што ў БХД ёсць прэтэндэнты, дастойныя вылучацца кандыдатамі ў прэзідэнты. “Але мы не будзем вылучаць свайго кандыдата ва ўмовах, калі Мікалай Статкевіч, Андрэй Саннікаў, іншыя кандыдаты на выбарах 2015 года не могуць абірацца”, — сказаў ён.
Разам з тым для адстойвання права беларусаў на свабодныя і справядлівыя выбары БХД удзельнічае ў кампаніі назірання “Права выбару”, мэта якой — фіксацыя рэальнай яўкі выбаршчыкаў і выяўленне фактаў прымушэння і фальсіфікацый.
Севярынец таксама заявіў, што БХД “рыхтуецца ўзяць у свае рукі ўладу”, хоць цяпер гэта зрабіць і не можа.
На сёння аб намерах удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2015 года заявілі сем патэнцыяльных кандыдатаў: Алена Анісім, Сяргей Гайдукевіч, Сяргей Калякін, Таццяна Караткевіч, Анатоль Лябедзька, Анатоль Ляўковіч, Юрый Шульган.
Чарговыя прэзідэнцкія выбары павінны прайсці ў Беларусі не пазней за 21 лістапада. Раней у якасці найбольш верагоднай даты іх правядзення называлася 15 лістапада.
Аднак 9 чэрвеня старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына заявіла, што ЦВК прапаноўвае правесці выбары 11 кастрычніка.