Лукашэнка абяцае правесці выбары "дастойна і паводле Канстытуцыі"

4

Ён нагадаў, што ў канцы 2014 года было шмат меркаванняў аб датэрміновым правядзенні прэзідэнцкіх выбараў. “Пісання ў канцы мінулага года было шмат: Лукашэнка правядзе выбары ў лютым, сакавіку, пакуль тут не наступілі горшыя часы, скарыстае сітуацыю ва Украіне і гэтак далей і да таго падобнае. Я тады сказаў, што мы сумленна правядзем гэтыя прэзідэнцкія выбары і ў тэрмін. Мы гэтае слова трымаем”, — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Лукашэнка зазначыў, што прапановы па даце правядзення выбараў павінен выказаць ЦВК, а канчатковае рашэнне будзе прымаць парламент. “Каб потым нас не папракалі па дробязях. Я не хачу ў белых пальчатках паўстаць перад народам. Вядома, мы разам будзем абмяркоўваць, калі мы правядзем гэтыя прэзідэнцкія выбары. Але ўсё будзе дастойна і паводле Канстытуцыі”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, паведамляе БелаПАН.

Паводле яго слоў, нікому не будзе забаронена назіраць за выбарамі. “Мы нікому не будзем забараняць назіраць за выбарамі, у тым ліку і з боку, і ўнутраным назіральнікам. Адзінае, хачу папрасіць, каб мы не абяцалі таго, чаго не можам зрабіць, і не эксперыментавалі па-за законамі. У нас ёсць законы, нармальныя законы — не горш, чым у іншых, якія могуць забяспечыць стабільнасць і спакойнае правядзенне ўсёй гэтай электаральнай кампаніі, і ў тым ліку пасля прэзідэнцкіх выбараў”, — заявіў Лукашэнка.

Абмяркоўваючы пытанні фінансавання выбарчай кампаніі, ён падкрэсліў, што лішніх грошай няма, але ўсё павінна быць дастойна, як і раней. “У нас ніколі не было перабораў. У нас не траціліся сотні мільёнаў, мільярды долараў на гэтыя кампаніі. Ніякага хабару, ніякіх пабораў. Наконт гэтага мы можам узорам служыць для любой дзяржавы”, — лічыць Лукашэнка.

Ён паведаміў, што ў найбліжэйшы час правядзе нараду са службовымі асобамі, якія будуць займацца арганізацыяй выбарчай кампаніі.

Лідзія Ярмошына са свайго боку заявіла, што ЦВК рыхтуецца да правядзення выбараў увесь апошні год. Так, паводле яе слоў, метадычныя тлумачэнні для выбарчых камісій, якія ўтвараюцца ў першыя дні пасля прызначэння выбараў, ужо знаходзяцца ў друкарні. Тым не менш, застаецца яшчэ шэраг пытанняў, якія неабходна вырашыць да пачатку выбарчай кампаніі, дадала старшыня ЦВК.

Пасля сустрэчы з кіраўніком дзяржавы Ярмошына паведаміла вузкаму колу журналістаў, што ЦВК прапаноўвае правесці выбары 11 кастрычніка. Гэтая дата, паводле яе слоў, апраўданая, бо не прыйдзецца збіраць пазачарговую сесію парламента. “Парламент, працуючы цяпер, да таго як пайсці на канікулы, можа аб’явіць гэтую выбарчую кампанію”, — сказала Ярмошына.

Чарговыя прэзідэнцкія выбары павінны прайсці ў Беларусі не пазней за 21 лістапада. Раней у якасці найбольш верагоднай даты іх правядзення Ярмошына называла 15 лістапада — пра гэта яна заяўляла, выступаючы на міжнароднай канферэнцыі “Выбарчыя працэсы на прасторы СНД” у Мінску ў лістападзе мінулага года, а таксама ў інтэрв’ю часопісу “Беларуская Думка” ў студзені гэтага.

БелаПАН.

Поделиться ссылкой: