Уладзімір Някляеў прапанаваў кангрэсу за незалежнасць стварыць сумесную грамадскую ініцыятыву

2

З такой прапановай палітык выступіў на другой сесіі кангрэса, якая прайшла 7 чэрвеня ў Мінску, паведамляе БелаПАН.

Някляеў адзначыў, што ў беларускага дэмакратычнага руху заўсёды была адзіная мэта — стварэнне “дэмакратычнай незалежнай дзяржавы Беларусь”, і гэтая мэта з’яўляецца “асновай для адзінства”. “Але ў той грызні, якая пачалася ў апазіцыі пасля развалу БНФ, нават адзіная мэта была разарваная на кавалкі”, — сказаў ён. 

Менавіта таму палітык заклікаў кангрэс да аб’яднання, тым больш што, паводле яго слоў, “арганізацыйна гэта зрабіць зусім не складана, было б жаданне”. 

“Унутры руху мы ствараем аналітычны цэнтр, — падкрэсліў Някляеў. — Трэба асэнсаваць хоць бы тое, што дагэтуль не зроблена, што за краіну мы стварылі за чвэрць стагоддзя. Зыходзячы з гэтага, трэба акрэсліць перспектывы развіцця. Вось гэтым і можа заняцца кангрэс, тым больш што ён заяўлены як дыскусійная, пастаянна дзейная пляцоўка для абмеркавання найважнейшых праблем”. 

“Прапаную разам правесці ўстаноўчы сход грамадскай ініцыятывы, якую можна назваць “Незалежная Беларусь” і пачаць стваральную працу, а не разбураць тое, што ўжо ёсць, не змагацца адзін з адным, робячы выгляд, быццам змагаемся за Радзіму”, — дадаў экс-кандыдат на прэзідэнцкае крэсла. 

Ён растлумачыў, што ў гэтай структуры кангрэс будзе “галавой”, а рух “За незалежнасць і дзяржаўнасць Беларусі” — “рукамі і нагамі”. 

Алег Трусаў, старшыня грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”, якое разам з Радай беларускай інтэлігенцыі з’яўляецца ініцыятарам кангрэса, на прапанову Някляева адказаў: “Я за тое, каб не ператвараць наш кангрэс ні ў якія рухі і партыі”. 

“Наша мэта была не ператвараць кангрэс у чарговую кішэнную партыю ці рух, не вылучаць на кангрэсе ніякіх кандыдатаў у прэзідэнты, тады ён будзе дзейнічаць як пляцоўка, на якой прысутнічаюць розныя партыі і рухі, — сказаў Трусаў. — Галоўная памылка БНФ была ў стварэнні партыі. Пакуль не было партыі, мы ўсе былі разам, а як яна з’явілася… канец усёй нашай дэмакратыі”. 

Кіраўнік ТБМ выказаўся катэгарычна супраць аб’яднання, але падкрэсліў, што гэта толькі яго асабістае меркаванне. Трусаў адзначыў, што рашэнне адносна прапановы Някляева прымуць сямнаццаць членаў савета кангрэса за незалежнасць Беларусі на пасяджэнні, якое павінна адбыцца найбліжэйшымі тыднямі.

 
Фото: belapan.by

Поделиться ссылкой: