Міністар абароны Раймандс Веёніс(Саюз „зялёных” і сялян) на паседжаньні Сэйма ў сераду 3 чэрвеня абраны прэзыдэнтам Латвіі. Падчас апошняга галасаваньня Веёніса падтрымалі 55 дэпутатаў. Паўнамоцтвы цяперашняга прэзыдэнта Андрыса Бэрзіньша мінаюць 7 ліпеня.

Супраць Веёніса былі 42 парлямэнтары, адзін бюлетэнь быў прызнаны несапраўдным, а адзін дэпутат не ўдзельнічаў у галасаваньні, перадае Польскае радыё.

У папярэдніх турах выбараў прэзыдэнта з барацьбы выбылі спачатку кандыдат ад апазыцыйнага Аб’яднаньня рэгіёнаў Латвіі Марціньш Бондарс, затым – кандыдат ад апазыцыйнай „Згоды” Сяргей Далгаполаў, а пасьля чатырох галасаваньняў у барацьбе за пасаду прэзыдэнта Латвіі застаўся адзін кандыдат – Веёніс.

Веёніс стане пятым прэзыдэнтам Латвіі з моманту аднаўленьня незалежнасьці краіны.

Раней ён заявіў, што яго прыярытэтамі на пасадзе прэзыдэнта будуць нацыянальнае адзінства, патрыятызм і сацыяльная справядлівасьць.

Веёніс на працягу многіх гадоў займаў пасаду міністра аховы навакольнага асяродзьдзя, а затым быў прызначаны міністрам абароны. Ён займае пасаду сустаршыні Латвійскай Зялёнай партыі.

delfi.lv/аз

– See more at: http://www.radyjo.net/4/28/Artykul/209161,%D0%9F%D1%80%D1%8D%D0%B7%D1%8B%D0%B4%D1%8D%D0%BD%D1%82%D0%B0%D0%BC-%D0%9B%D0%B0%D1%82%D0%B2%D1%96%D1%96-%D0%B0%D0%B1%D1%80%D0%B0%D0%BD%D1%8B-%D0%A0%D0%B0%D0%B9%D0%BC%D0%B0%D0%BD%D0%B4%D1%81-%D0%92%D0%B5%D1%91%D0%BD%D1%96%D1%81#sthash.zqIGsNsS.dpuf

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»