Макей: калі будзе падпісанае пагадненне па змяншэнні кошту віз, невядома

0

Беларусь і ЕС выйшлі на фінальную стадыю перамоў па падпісанні Пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму, але нявырашаныя пытанні застаюцца, паведамляе “Еўрарадыё”.

Пра гэта міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў журналістам ў Рызе па заканчэнні афіцыйнай часткі саміту Усходняга партнёрства.

Макей: “Было праведзена некалькі кансультацый, мы дастаткова паспяхова прасунуліся па пытаннях заключэння гэтых пагадненняў (спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. — Еўрарадыё.). І я магу сказаць, што фактычна мы знаходзімся блізка да фінальнай стадыі. Мы нават пачалі па просьбе нашых партнёраў працэдуру ўнутраных узгадненняў, каб узважыць, наколькі яны адпавядаюць нашым нацыянальным інтарэсам”.

Па словах беларускага міністра, на пэўным этапе прадстаўнікі Еўрасаюза знайшлі тэхнічныя зачэпкі, якія не дазволілі выйсці на парафіраванне гэтых пагадненняў на Рыжскім саміце. Макей адзначыў, што праца над гэтымі пагадненнямі запатрабуе пэўнага часу, але будзе працягвацца.

Калі можа быць падпісанае пагадненне па візах, Макей дакладна не сказаў. Толькі адзначыў, што не трэба падпісанне сумяшчаць з нейкай святочнай датай ці падзеяй: калі ўсё будзе гатова, тады ўсё і падпішуць.

Поделиться ссылкой: