Парашэнка: Беларусь павінна выпрацаваць сваю пазіцыю адносна Крыма

0
Украінскага лідара папрасілі пракаментаваць інфармацыю аб тым, што Беларусь і Арменія адмовіліся падпісаць дэкларацыю саміта Усходняга партнёрства з-за фразы аб незаконнай анексіі Крыма Расіяй.

“Думаю, што сітуацыя з анексіяй Крыма з’яўляецца прызнанай усім светам, — сказаў Парашэнка. — Беларусь павінна выпрацаваць сваю пазіцыю. Калі яна дастаткова нерашучая, то гэта праблема Беларусі, а не Еўрасаюза і Украіны”.

Раней прэс-сакратар беларускага МЗС Дзмітрый Мірончык патлумачыў, што Мінск выступае за неканфрантацыйны характар Усходняга партнёрства з пазітыўным парадкам дня. “Праца над тэкстам дэкларацыі працягваецца. Што да пазіцыі Беларусі, то яна добра вядомая. Мы выступаем за неканфрантацыйны характар Усходняга партнёрства з пазітыўным парадкам дня, у тым ліку і для “суседзяў суседзяў”, — заявіў Мірончык.

Саміт Усходняга партнёрства пачнецца ў Рызе сёння вечарам нефармальнай вячэрай кіраўнікоў дэлегацый і працягнецца 22 мая. Па яго выніках плануецца прыняцце сумеснай дэкларацыі. Беларусь на саміце будзе прадстаўляць міністр замежных спраў Уладзімір Макей. 

Праект ЕС “Усходняе партнёрства” створаны з мэтай развіцця інтэграцыйных сувязей Еўрасаюза з шасцю краінамі былога СССР — Арменіяй, Азербайджанам, Беларуссю, Грузіяй, Малдовай і Украінай.

 
Фота: Еўрарадыё

Поделиться ссылкой: