Мікалай Статкевіч: “Не імкнуся ў героі, але хачу застацца прыстойным чалавекам”

8

Як паведамляе ПЦ “Вясна“, палітвязень піша:

…Але цяпер я ізноў у Магілёўскай турме, куды мяне накіраваў суд да канца тэрміну, і пісаць тут куды болей зручна J. Таму збіраюся адказваць на ўсе лісты.

Тое, што я ізноў на турэмным рэжыме, чакалася ад самага пачатку. Мабыць, нехта палічыў, што калонія няздатная мяне пераканаць напісаць тое “прашэнне”. Насамрэч, хоць калонія – гэта непрыемнае, цяжкое і дэпрэсіўнае месца, але нічога “шокавага” там няма. Вельмі нагадвае войска – такія ж казармы (толькі без збройні), перамяшчэнне строем у калонію і г. д. Толькі праца замест вайсковай падрыхтоўкі. Турма ж з’яўляецца сур’ёзным выпрабаваннем для фізічнага і псіхічнага здароўя з-за пастаяннага знаходжання толькі ў замкнёнай прасторы. Ну а другая “крытая” запар прызначаецца найбольш небяспечным і непакорлівым арыштантам і мае на мэце зламаць іх фізічна і маральна. Спадзяюся вытрымаць, але цвёрда ведаю толькі адно – здрады ад мяне не дачакаюцца. Не імкнуся ў героі, але хачу застацца прыстойным чалавекам. На жаль, у нашай краіне гэта можа каштаваць даволі дорага. Гатовы плаціць.

Вырашыў сядзець адзін, бо ўсе “афіцыйныя” сродкі ўціску (ШІЗА, ПКІ, цяжкая праца) на мне ўжо неаднаразова апрабавалі. Застаюцца толькі “неафіцыйныя” – праз адмыслова падабраных сукамернікаў. Мяне гэта асабліва не палохае – я і сам магу націснуць J. Але пастаянна кантраляваць паводзіны суседзяў не хачу. Надакучыла.

Газет не бачыў з красавіка. Адзіная крыніца інфармацыі тут – 1-я праграма беларускага радыё з рэпрадуктара ў камеры”…

Свой ліст бялыніцкаму журналісту Мікалай Статкевіч напісаў у магілёўскай турме 10-га мая. Па словах Барыса Вырвіча, з пісьма зразумела, што ў красавіку падчас знаходжання ў Шклоўскай калоніі да палітвязня дайшлі не ўсе лісты з волі. Таксама палітвязень у лісце напісаў пра апошні час свайго знаходжання ў калоніі, што “з канца сакавіка апынуўся ў ШІЗА, а потым у ПКТ, дзе пісаць доўга не вельмі зручна – цёмна і нават нармальна прысесці няма як”, ды падзяліўся сваімі меркаваннямі наконт планаў да выбараў і стану спраў у апазіцыйных арганізацыях.

Фота: euroradio.fm

Поделиться ссылкой: