Мікалая Статкевіча зноў пераводзяць на турэмны рэжым

2

4 мая на пасяджэнні суда ў шклоўскай папраўчай калоніі № 17, дзе ўтрымліваецца апазіцыйны палітык, прынята рашэнне аб яго пераводзе на турэмны рэжым да канца тэрміну пакарання (1 год 7 месяцаў 15 дзён).

Як паведаміў БелаПАН са Шклова магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель, суд быў закрытым. На пасяджэнні прысутнічалі толькі адвакат і жонка Статкевіча Марына Адамовіч.

Рашэнне ўзмацніць Статкевічу рэжым адбывання пакарання прыняла 9 красавіка камісія шклоўскай калоніі. Палітыка абвінавачваюць у парушэнні правілаў унутранага распарадку і непадпарадкаванні патрабаванням кіраўніцтва калоніі.

Паводле інфармацыі Марыны Адамовіч, у Статкевіча больш за дзесяць спагнанняў, большасць якіх — за адмову ад працы па прыбіранні тэрыторыі. Такую працу павінны выконваць усе зняволеныя па чарзе і не больш за дзве гадзіны ў дзень, але ў дачыненні да Статкевіча гэтыя нормы не дзейнічалі, што ён расцэньвае як узаконены здзек, патлумачыла Адамовіч. 24 сакавіка палітык напісаў заяву аб адмове ад работ, пасля чаго ціск на яго ўзмацніўся.

Пяцідзесяцівасьмігадовы Мікалай Статкевіч — адзіны кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, які дагэтуль знаходзіцца ў няволі. У маі 2011-га ён быў прыгавораны да шасці гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Статкевіча палітычным зняволеным. 

Першапачаткова палітык адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі № 17, аднак у студзені 2012 года яму зрабілі больш жорсткія ўмовы і перавялі ў магілёўскую турму № 4 на тры гады. Пасля заканчэння названага тэрміну, 12 студзеня гэтага года, Статкевіча вярнулі ў шклоўскую калонію, дзе ў яго адразу пачаліся праблемы з адміністрацыяй. Паводле слоў Марыны Адамовіч, яе муж адразу выказаў меркаванне, што вярнуўся ў калонію ненадоўга.

Беларускія праваабаронцы звярталіся ў дэпартамент выканання пакаранняў МУС і адміністрацыю шклоўскай калоніі з патрабаваннем спыніць націск на Статкевіча і адмяніць незаконныя дысцыплінарныя спагнанні. На думку праваабаронцаў, дзеянні адміністрацыі калоніі “маюць мэтанакіраваны характар на прымушэнне Статкевіча да напісання прашэння аб памілаванні на імя прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”. Вядома, што палітыку неаднаразова прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, але ён катэгарычна адмаўляецца гэта рабіць.

У адказ ДВП паведаміў аб правядзенні адпаведнай праверкі, у ходзе якой фактаў прадузятага стаўлення да Статкевіча з боку адміністрацыі не ўстаноўлена.

Начальнік шклоўскай калоніі, дзе ўтрымліваецца Статкевіч, і яго намеснік унесеныя ў чорны спіс ЕС — ім забаронены ўезд на тэрыторыю краін Еўрасаюза.

Фота: tut.by
 
 

Поделиться ссылкой: