Сыцін: Перамовы ў Мінску — перадумовы актывізацыі ваеннага абвастрэння

4
Спробы знайсці палітычнае рашэнне “ўкраінскага канфлікту” з дапамогай “мінскай пляцоўкі” працягнуцца. Паводле інфармацыі МЗС Беларусі, чарговае пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы пройдзе ў бліжэйшы час. “Цягам бліжэйшых 10 дзён”, — удакладняе афіцыйны прадстаўнік самаабвешчанай “ДНР”, так званы “віцэ-спікер Народнага Савету” Дзяніс Пушылін.

Нагадаю, гаворка пра правядзенне бліжэйшым часам у Мінску пасяджэння кантактнай групы па ўрэгуляванні крызісу ва Украіне адбылася ў беларускім МЗС па ініцыятыве краін “тройкі” АБСЕ – Швейцарыі, Сербіі і Нямеччыны. На думку ўкраінскага палітолага Дзмітрыя Левуся, гэта не выпадковасць, паведамляе Еўрарадыё.

Дзмітрый Левусь: “Склад удзельнікаў гэтай сустрэчы падаецца выпадковым толькі на першы погляд. Як вядома, Сербія зараз старшынюе ў АБСЕ, Нямеччына – бярэ актыўны ўдзел у перамоўным працэсе (перамовы ў “Нармандскім фармаце”, якія прайшлі ў Мінску 12 лютага і ў якіх бралі ўдзел канцлер Нямеччыны Ангела Меркель, прэзідэнты Францыі, Украіны і Расіі Франсуа Аланд, Пётр Парашэнка і Уладзімір Пуцін – Еўрарадыё). Швейцарыя ад пачатку выступала “майданчыкам” перамоў. Увогуле, мы назіраем за фармаваннем новага, больш эфектыўнага фармату перамоў. таму, любыя сустрэчы не з’яўляюцца лішнімі, а наадварот – актывізуюцца і з’яўляюцца лагічнымі”.

Сыцін: Перамовы ў Мінску — перадумовы актывізацыі ваеннага абвастрэння

 Дзмітрый Левусь

Але ці ёсць сэнс у такіх сустрэчах, калі нават рашэнні, прынятыя лідарамі Нямеччыны, Францыі, Украіны і Расіі падчас сустрэчы ў Мінску ў “Нармандскім фармаце”, не выконваюцца? Не адбылося нават поўнага спынення агню, што прадугледжваецца першым пунктам пагаднення.

Украінскі палітолаг Віталь Портнікаў раіць не параўноўваць сустрэчу ў “Нармандскім фармаце” з пасяджэннямі трохбаковай Кантактнай групы.

Віталь Портнікаў: “Нармандскі фармат — гэта фармат не ўрэгулявання, а замірэння. Таму, працяг сустрэч у гэтым фармаце на фоне жадання Захаду і Украіны пазбегнуць вялікай вайны, уяўляецца мне лагічным”.

Сыцін: Перамовы ў Мінску — перадумовы актывізацыі ваеннага абвастрэння

Віталь Портнікаў

Хаця б таму, кажа Портнікаў, што пытанне эфектыўнасці выканання прынятых рашэнняў знаходзіцца па-за дужкамі “Нармандскага фармату” ў адрозненне ад фармату “трохбаковай кантактнай групы”.

Украінскага палітолага падтрымлівае расійскі палітычны аглядальнік “Эксперт-online” Геворг Мірзаян. Праўда, не забывае адзначаць расійскае бачанне вінаватага ў канфлікце. Ну, як жа без “кіеўскай хунты”!

Геворг Мірзаян: “Размаўляць заўжды трэба. І мірны працэс павінен працягвацца. Гэта лепш, чым страляць, асабліва з улікам таго, што аднаўленне Кіевам вайны на Данбасе ўсё яшчэ можа пры пэўных умовах выліцца ў халодную вайну ці нават у агульнаеўрапейскі канфлікт. Такі расклад не патрэбны ні Расіі, ні ЗША, ні ЕС. Па-другое, незалежна ад таго, працягне Парашэнка зрываць “мінскія пагадненні” ці не, сам факт правядзення перамоўнага працэсу ў Мінску выгадны Беларусі, бо падвышае яе статус”.

Сыцін: Перамовы ў Мінску — перадумовы актывізацыі ваеннага абвастрэння

Геворг Мірзаян

Ага, асабліва ён карысны для падвышэння гэтага статусу на фоне блізкіх прэзідэнцкіх выбараў, жадання афіцыйнага Мінска наладзіць адносіны з Захадам і складанасцяў у беларускай эканоміцы.

Хто ж не хоча міра, задае рытарычнае пытанне дэпутат Вярхоўнай Рады Барыслаў Берэза. Вось толькі ключы ад яго знаходзяцца ў Крамлі, упэўнены суразмоўца Еўрарадыё:

Барыслаў Берэза: “Сэнс у сустрэчы Кантактнай групы будзе, калі гэта дапаможа зберагчы жыцці ўкраінцаў і якасна зменіць сітуацыю на ўсходзе Украіны. Але без палітычнай волі Расіі, без спынення фінансавання Крамлём сепаратыстаў і без вываду расійскіх акупацыйных войскаў з Данбаса мір ва Украіне не наступіць. Кантактная група — гэта хутчэй прагаворванне ўзаемных дамоўленасцяў, чым дзейсная сіла. Рашэння з боку баявікоў прымаюцца ў Крамлі”.

Сыцін: Перамовы ў Мінску — перадумовы актывізацыі ваеннага абвастрэння

Барыслаў Бярэза

А рашэнні па “ўкраінскім канфлікце” ў Крамлі прынятыя зусім не на карысць яго мірнага ўрэгулявання, упэўнены расійскі палітолаг Аляксандр Сыцін.

Аляксандр Сыцін: “Я цалкам упэўнены ў тым, што праблема ўсходу Украіны не мае палітыка-дыпламатычнага рашэння. Прынамсі, у зададзеных дужках палітычных каардынатаў і ў фармаце сённяшняй расійскай дзяржаўнай сістэмы. Мяркую, што штучная актывізацыя перамоўнага працэсу з’яўляецца перадумоваў актывізацыі ваеннага абвастрэння. Тым не менш, Захад упарта робіць усё, каб прадэманстраваць высілкі па палітычным урэгуляванні”.

Сыцін: Перамовы ў Мінску — перадумовы актывізацыі ваеннага абвастрэння

 Аляксандр Сыцін

Асаблівую ўвагу суразмоўца Еўрарадыё звяртае на “беларускі бок” такіх сустрэч.

Аляксандр Сыцін: “Рэспубліка выступае ўдзельнікам перамоўнага працэсу, што, безумоўна, падвышае яе суб’ектнасць у міжнародных еўрапейскіх справах. З іншага боку, мы бачым пастаянныя спробы знайсці кропкі сутыкнення і кампрамісу з расійскім рэжымам. Што абумоўлена імкненнем захаваць рынкі збыту і пастаўкі энерганосьбітаў. Але ўся бяда ў тым, што Масква такія дэмаршы Мінска ўспрымае з пункту гледжання ўласнай імперскай ідэалогіі — як гатоўнасць да поўнай еўразійскай інтэграцыі, ажно да адмовы ад суверэнітэту. Нічога іншага ў Крамлі бачыць і заўважаць не здольныя. Маўляў, беларусы — гэта адзін народ з рускімі, частка “рускага свету”.

На думку Аляксандра Сыціна, “любыя спробы выступіць пасярэднікам паміж Масквой, Кіевам і Вашынгтонам-Бруселем для Мінска будуць правальнымі і пагражаюць у будучым сур’ёзнымі рэпутацыйнымі стратамі напярэдадні будучай непазбежнай еўрапейскай інтэграцыі Беларусі”.

Фота: Змітра Лукашука, з архіву Аляксандра Сыціна, Віталя Портнікава, Дзмітрыя Левуся, Геворга Мірзаянаuapress.info

Поделиться ссылкой: