Вялікая цікавасць да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі з боку краін як блізкага, так і далёкага замежжа выклікана перш за ўсё асобай галоўнага кандыдата на пасаду кіраўніка дзяржавы, якой з’яўляецца дзейны прэзідэнт, сказала Ярмошына.
Кіраўнік ЦВК падкрэсліла, што “за тымі хваляваннямі, якія правакуе правядзенне выбараў, заўсёды стаіць арганізацыя”.
“Калі мне кажуць, што ў Кіеве на Майдан народ сцякаўся па ўласнай волі, я гэта ўспрымаю як трызненне і глупства, якое выказваюць або наіўныя людзі, або дурні, — сказала яна. — Няма ніякай выпадковай, стыхійна сфарміраванай волі народа. Можа, там, дзе праходзяць галодныя бунты, дзе не хапае прадуктаў, нейкая частка хатніх гаспадынь могуць выйсці з каструлямі на вуліцу. Але, у прынцыпе, усе хваляванні, няхай і дастаткова сур’ёзныя, заўсёды арганізуюцца і адбываюцца за чые-небудзь сродкі, і да гэтага, вядома, прыцягваюцца міжнародныя сілы”.
Паводле слоў Ярмошынай, цікавасць да беларускіх выбараў перш за ўсё выкліканая тым, што знешніх партнёраў “заўсёды цікавіць, хто ж прыйдзе да ўлады і які курс будзе ў транзітнай краіны, краіны, якая займае важнае геапалітычнае становішча, найбліжэйшага саюзніка Расіі”.
“У гэтым і спроба паўплываць на гэтыя працэсы, прымусіць уладу дзейнічаць у тым ці іншым ключы, які будзе даспадобы еўрапейскім гульцам”, — дадала яна.