Дэшчыца: Лукашэнка ведае, што данбаскі канфлікт можа перакінуцца на Беларусь

1

Акрамя таго, амбасадар і былы міністар замежных справаў расказаў, ці знойдзе Украіна замену расійскаму газу ды расійскім рынкам збыту.

Спадар амбасадар, як Украіна ўспрымае Беларусь і яе кіраўніцтва падчас вайны на Данбасе й канфлікту з Расіяй? Беларусь – гэта надзейны партнёр ці падазроная краіна? Ці давяраеце вы Аляксандру Лукашэнку?

А. Дэшчыца: Мы лічым, што Беларусь стараецца стабілізаваць сітуацыю ў рэгіёне і не дапусціць да далейшай эскалацыі гэтага канфлікту. Я думаю, прэзідэнт Лукашэнка ўсведамляе, што гэты канфлікт можа пашырыцца і на Беларусь. Менавіта таму ён займае такую пазіцыю, якая накіравана на мінімізацыю яго наступстваў і супрацьдзеяння яго пашырэнню.

Сёння вы выступілі перад украінскімі студэнтамі якія навучацца ў адной з найлепшых вучэльняў Еўропы – Еўрапейскім коледжы. Я ведаю шматлікіх украінцаў, якія атрымалі бліскучую заходнюю адукацыю, але ніводны з іх не працуе ва ўкраінскіх дзяржаўных ўстановах. Чаму ўкраінскія чыноўнікі не бяруць на працу суайчыннікаў з заходняй адукацыяй?

А. Дэшчыца: Сапраўды, студэнты, якія навучаліся за мяжой, не знаходзілі працы на Радзіме, асабліва ва ўрадавых установах. Аднак на працягу апошняга году сітуацыя моцна змянілася. Урад Арсенія Яцэнюка праводзіць кардынальныя кадравыя змены. У міністэрствах працуюць усё больш людзей, якія маюць заходнюю асвету. Намеснікам міністра моладзі і спорту, намеснікам міністра кабінету міністраў з’яўляюцца людзі, якія скончылі такую вядомую вучэльню, як Еўрапейскі коледж. Намеснік міністра культуры таксама навучаўся ў заходнееўрапейскім ВНУ, затым працаваў у Еўрапарламенце, а цяпер прыйшоў ва ўрад. Так што людзі, якія атрымалі заходнюю адукацыю, паступова вяртаюцца і працуюць на ўплывовых урадавых пасадах ва Ўкраіне.

Спадар амбасадар, ці адчуваецца эфект ад спрашчэння ўмоваў гандлю з Еўрапейскім звязам? Расія блакуе імпарт украінскіх тавараў. Ці здольны рынак Езьвязу замяніць Украіне расійскі рынак?

А. Дэшчыца: Еўрапейскі рынак можа быць альтэрнатывай для расійскага. Шмат нашых кампаніяў пераключаюцца сёння на рынак Еўразьвязу. Я толькі што пабываў на адкрыцьці выставы WorldFood Warsaw. Там прадстаўлены 29 украінскіх кампаній, з якіх палавіна ўжо прадае свае тавары на еўрапейскім рынку. І яны сказалі, што для іх пераарыентавацца не было вялікай цяжкасцю. Іншыя прадпрыемствы, перадусім з з-за нашай ментальнасці, пераарыентоўваюцца павольна. Ім цяжка дастасавацца да неабходных нормаў. Аднак мы пераконваем іх, што калі яны зменяць стандарты сваёй вытворчасці, яны змогуць прадаваць свае тавары ва ўсёй Еўропе і па ўсім свеце. Некалі падобнае адбылося з грузінскім віном. Расія зачыніла для яго рынак. Грузіны паднялі якасць і пачалі прадаваць яго па ўсім свеце, у тым ліку і ў Расіі, якая зноў захацела купляць гэтае віно.

Галава «Газпрома» заявіў, што менш чым праз 4 гады Расія перастане перасылаць газ праз Украіну. Ці можа Украіна замяніць нечым расійскі газ?

А. Дэшчыца: Па-першае, я лічу што Расія не павінна выкарыстоўваць газ у палітычных мэтах. Пастаўкі газу павінны быць пераведзеныя на рынкавыя прынцыпы. Калі Расія зацікаўлена прадаваць нам газ – то мы гатовыя яго купляць – па рынкавай цане. Але калі Расія будзе працягваць выкарыстоўваць гэтае пытанне ў палітычных мэтах – то мы будзем рыхтавацца і да негатыўнага развіцця падзей. Мы займаемся дыверсыфікацыяй шляхоў паставак газу, у першую чаргу – наладжваннем рэверсных паставак газу з Еўрапейскага звязу.

Пасля перамогі рэвалюцыі ва Украіне шмат людзей спадзявалася, што хутка паміж Украінай і З будзе ўведзены бязьвізавы рэжым і пачнуцца перамовы аб уступленьні Ўкраіны ў Эўразьвяз. Ці сёньня падчас перамоваў тэма ўступленьня ў ЕЗ яшчэ гучыць? Як на фоне канфлікту ў Данбасе ды хвалі мігрантаў выглядае пытанне адмены візаў?

А. Дэшчыца: Падчас перамоваў пытанне бязвізавага рэжыму абмяркоўваецца. Экспэрты Еўрапейскай камісіі ацэньваюць стан выканання Украінай другой фазы «бязвізавага дыялогу». Мы не ўпэўненыя, што дату адмены візаў для ўкраінцаў назавуць падчас саміту «Усходняга партнёрства» ў Рызе. Але мы спадзяемся, што будзе дадзены выразны сігнал пра тое, што бязвізавы рэжым будзе ўведзены.

Што ж тычыцца сяброўства Украіне ў Еўразвязе – то такога выразнага сігналу мы пакуль не атрымалі. Мы пераконваем Еўропу ў тым, што такі сігнал дапаможа нам мабілізаваць грамадзтва – як на правядзенне рэформаў, так і на барацьбу з расійскай агрэсіяй.

Былы міністар замежных справаў Украіны даў інтэрвію Польскаму радыё.

Размаўляў Аляксандар Папко

Поделиться ссылкой: