Нагадаем, лідар грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў заявіў пра свой выхад з апазіцыйных структур. У сваёй заяве кандыдат у прэзідэнты 2010 года патлумачыў прычыну тым, што за два гады беларуская апазіцыя не змагла дамовіцца пра адзінага кандыдата ў прэзідэнты на выбары 2015 года.
“У сувязі з гэтым заяўляю аб сваім выхадзе з апазіцыйных структур, у тым ліку з грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!”, актывістам якой я назаўжды ўдзячны за працу і падтрымку. Незалежнасць і дэмакратычная будучыня Беларусі застаюцца для мяне найважнейшай каштоўнасцю. Дзеля гэтага я буду працаваць і далей”, — перадае БелаПАН словы палітыка.
– Не хочацца нічога казаць, усё сказана ў заяве, – з нейкай стомленасцю ў голасе кажа Уладзімір Някляеў. – Няма ў мяне ніякага жадання ізноў у гэта лезці…
– І ўсё ж-такі: як вы прыйшлі да гэтага рашэння?
– Я два гады з усім гэтым стараўся неяк разабрацца, хацеў давесці, каб людзі задумаліся, прынялі ўзважанае рашэнне. Не выйшла. Вынікам гэтага і стала мая заява. Всоь і ўсё, што я магу на сёняшні дзень сказаць. І дадаць тут няма чаго.
– Ёсць нейкі сум ад таго, што адыходзіце ад палітыкі?
– Я нікуды не адыходжу… Як змагаўся за незалежную і дэмакратычную Беларусь, так і буду змагацца. Гэта мэта не сёняшняга дня і не заўтрашняга, а ўсяго жыцця. І я ніколі ад яе не адыйду.
– Зараз у вас з’явіцца больш вольнага часу…
– Не сказаў бы.
– Чым зараз будзеце займацца?
– Усё сказана ў заяве…