Станіслаў Шушкевіч: Някляеў зразумеў, што яго выкарыстоўвалі…

3
Лідар грамадзянскай кампаніі „Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў заявіў пра свой выхад з апазіцыйных структур. У сваёй заяве кандыдат у прэзідэнты 2010 года патлумачыў прычыну тым, што за два гады беларуская апазіцыя не змагла дамовіцца пра адзінага кандыдата ў прэзідэнты на выбары 2015 года, піша Беларускае Радыё Рацыя.
 
„У сувязі з гэтым заяўляю пра свой выхад з апазіцыйных структур, у тым ліку з грамадзянскай кампаніі „Гавары праўду!”, актывістам якой я назаўжды ўдзячны за працу і падтрымку. Незалежнасць і дэмакратычная будучыня Беларусі застаюцца для мяне найважнейшай каштоўнасцю. Дзеля гэтага я буду працаваць і далей”, — перадае БелаПАН словы палітыка.
 
Станіслаў Шушкевіч: Перш за ўсё я вельмі цешуся, што Някляеў нарэшце зразумеў, хто выкарыстоўваў яго вядомасць і яго талент у сваіх дробных карысных мэтах. Куды толькі яго не ўцягвалі! Збіраліся ўсялякія групоўкі, якім патрэбен быў вядомы чалавек. І знайшлі такога – наіўнага Уладзіміра Някляева. Дарэчы, у мяне з ім на гэты конт не аднойчы была размова, але зараз лічу, што Някляеў здзейсніў мужны ўчынак. Ён сказаў: я дзейнічаю самастойна, і не патрэбна мне вашай падтрымкі, і не трэба, каб вы мяне лічылі лідарам. Я так трактую яго словы…
 
РР: Адной з прычын сыходу з палітыкі Някляеў назваў няздольнасць апазіцыі дамовіцца пра адзінага кандыдата.
 
Станіслаў Шушкевіч: Удзельнічаць у выбарах, якія не маюць ніводнага шанца быць выбарамі, могуць толькі маласвядомыя палітыкі. А такіх у нас – цэлая плойма. Яны будуць рабіць усё, што хочаце, але не могуць катэгарычна сказаць: “Мы не будзем гуляць у гульні ўлады”. Мне здаецца, што Някляеў даў добры штуршок у гэтым накірунку, таму што ў іх няма другой прыстойнай постаці, на якую можна было б рабіць стаўку. Ён іх пазбавіў свайго імя, і я Някляева з гэтым проста віншую! Карэктны, спакойны і дастойны ўчынак. Так павінны дзейнічаць людзі, якія ўсвядомілі, што такое палітыка і што трэба рабіць у гэтых агідных умовах, у якіх мы знаходзімся. Сёння ў апазіцыі няма на каго стаўку рабіць, няхай думаюць, як дзейнічаць інакш. Бо ўсе гэтыя вялікія аб’яднанні зроблены толькі для таго, каб атрымаць адчувальную падтрымку ад некага.
 
РР: Як увогуле вы ацэньваеце дзейнасць Уладзіміра Някляева, як палітыка? Станіслаў Шушкевіч: Вельмі няпроста ацэньваю. Паўтаруся, Някляеў служыў шчытом для нялепшых сілаў з нялепшымі перакананнямі, у якіх быў уласны інтарэс. І сказаць яму прама: “Валодзя, цябе выкарыстоўваюць,” – было не зусім зручна. Някляеў пазнавата, але сам зразумеў гэта.
 
Фота: svaboda.org

Поделиться ссылкой: