Мустафа Наем: Лукашэнка з'яўляецца нашым сітуацыйным партнёрам

4

Аляксандар Лукашэнка з’яўляецца «сітуацыйным партнёрам» Украіны, бо ён таксама не любіць Уладзіміра Пуціна. Аднак ніякіх размоваў пра супольную будучыню з ім быць не можа. Пра гэта заявіў у інтэрвію Польскаму радыё дэпутат Вярхоўнай рады Ўкраіны, а ў нядаўнім мінулым папулярны журналіст Мустафа Наем. Ён, разам з групай іншых дэпутатаў, прыляцеў у Варшаву, каб пазнаёміцца з досведам польскіх рэформаў. Пасля сустрэчы з украінцамі Варшавы Мустафа Наем адказаў на пытанні Аляксандра Папко.

Спадар Мустафа, украінскія і міжнародныя СМІ прадказваюць, што перамір’е ў Данбасе не пратрымаецца доўга і што прарасійскія сілы хутка пачнуць наступ. Наколькі Ўкраіна падрыхтаваная да вайны? Ці ёсць у яе сілы і грошы на гэта?

М. Наем: Паводле інфармацыі якая афіцыйна распаўсюджана, небяспека наступу сапраўды ёсць. Нягледзячы на мінскія дамоўленасці, абстрэлы не спыняюцца. Ідзе падрыхтоўка да больш сур’ёзных дзеянняў. Але ўкраінская армія таксама рыхтуецца. Адбываецца кансалідацыя кіраўніцтва, нам пастаўляюць тэхналогіі ды абсталяванне нашы партнёры. Таму нападаць сёння на ўкраінскую армію нашмат больш небяспечна, чым яшчэ 5 ці нават 2 месяцы таму. Зразумела, кожны дзень мы выдаем велізарныя грошы на падтрымку абароназдольнасці. І гэта вялікая праблема, бо мы не можам на гэтыя грошы праводзіць рэформаў. Але ў Еўрапейскага звязу ёсць разуменне таго, што параза Ўкраіны – гэта параза Еўропы. Таму ў мяне няма сумненняў, што нам дапамогуць.

Падчас сённяшняй сустрэчы з суайчыннікамі ў Варшаве, Вы сказалі, што ва Ўкраіне пакуль не з’явіліся свае Саакашвілі і Бальцэровічы. Калі такія рэфарматары з’явяцца? Што за апошнія месяцы зрабіў украінскі парламент, каб правесці эканамічныя рэформы?

М. Наем: Той урад і той парламент, якія ў нас ёсць – гэта, насамрэч, парламент і ўрад пераходнага перыяду. Яны працуюць нядоўга, таму вельмі цяжка ацаніць іх эфектыўнасць. Асноўная змена пакуль – гэта змена складу людзей, якія робяць палітыку. Прыйшло шмат новых асобаў. Магчыма, сярод гэтых маладых людзей і ёсць наш Бальцэровіч, наш Саакашвілі. Давайце чакаць, калі яны саспеюць як палітыкі. Мы цяпер з’яўляемся, па большай частцы, выканаўцамі праграмы рэформаў, падрыхтаванай замежнымі экспертамі – у тым ліку Міжнародным валютным фондам. Яны выдзелілі сродкі пад гэтыя рэформы. Урад стараецца ўсімі спосабамі пераадолець галоўную праблему – спад вытворчасці. Парламент прыняў новы бюджэт, у нас ёсць шмат ініцыятыў па спрашчэнні ўмоў вядзення бізнэсу. Гэта велізарная праца, якую яшчэ трэба зрабіць.

Ці бачна нейкая падтрымка з боку Еўразьвязу? Ці адчуваюцца хоць нейкія пазітыўныя эфекты ад уступлення ў дзеянне дамовы аб асацыяцыі з ЕЗ.

Бачнаа, без падтрымкі Еўразвязу і еўрапейскіх палітыкаў мы не змаглі б выстаяць гэты год. Эканамічная інтэграцыя толькі пачынаецца. Дамова аб асацыяцыі была падпісаная толькі ў верасні мінулага году. Цяпер пачынаецца выкананне «дарожнай мапы», плану заканадаўчых ініцыятыў. Мы прайшлі мізэрную частку гэтага плану. Але гэта першыя крокі. І кропка незваротнасці ўжо пройдзена. Мы дакладна ідзем у кірунку Еўропы. Хуткасць не ўсіх задавальняе, але тое, што мы ідзем у еўрапейскім кірунку і гэтаму няма альтэрнатывы – гэта факт.

Нядаўна прама на паседжанні ўраду былі арыштаваныя кіраўнікі службы па надзвычайных сітуацыях Украіны. У адстаўку сышоў знакаміты алігарх Ігар Каламойскі. Ва Ўкраіне пачалася сур’ёзная барацьба з карупцыяй і барацьба з уплывамі алігархаў, ці гэта проста танны піяр новага ўраду?

М. Наем: Кожны гучны арышт і суд будзе выглядаць як піяр. Прычынаў, таго, што адбываецца, я думаю, дзьве. Паколькі мы з экранаў тэлевізараў доўга казалі, што ў краіне карупцыя, то за гэта нехта павінен быць пакараны. Па-другое, быў моцны ціск грамадзтва і ў справе барацьбы з карупцыяй, і ў справе абмежавання ўплываў Каламойскага. Ідзе комплексны працэс, які не мог іначай завяршыцца. Пры гэтым трэба падкрэсліць, што алігархат – гэта калі бізнэс выкарыстоўвае ўладу, каб узбагаціцца. Ён дрэнны паводле вызначэння. Аднак буйны капітал мае права існаваць.

Мы не камуністы, мы не збіраемся нацыяналізаваць прадпрыемствы. Калі бізнэсмен пацуе на законных падставах і плаціць падаткі – ён мае права гэта рабіць і надалей. Ён можа суіснаваць з дзяржавай так, як гэта робіцца ў шматлікіх краінах. Мы не збіраемся праводзіць барацьбу супраць вялікіх фірмаў. Мы не Лукашэнкі. У нас лібэральная эканоміка.

Беларусь з’яўляецца паўночным суседам Украіны. Ці давяраюць украінскія палітыкі Аляксандру Лукашэнку? Гэта партнёр, ці чалавек які здольны ўдарыць у спіну?

М. Наем: Я быў у Беларусі і бачыў, як спадар Лукашэнка праводзіў свае апошнія выбары. Гэта чалавек, які не мае нічога супольнага з еўрапейскімі каштоўнасцямі, з тымі каштоўнасцямі, да якіх мы імкнемся. Гэта факт. Лукашэнкагэта вельмі хітры палітык, які выкарыстоўвае любую слабасць Пуціна, каб узмацніць свой рэжым. Ён з’яўляецца нашым сітуацыйным партнёрам. Не больш, не менш.

Прычым нават цяжка сказаць, у чым ён з’яўляецца такім партнёрам. Магчыма ў тым, што ён не любіць Пуціна, хоць і крыху менш, чым мы. Аднак немагчыма казаць, што ён чалавек з нашага лагеру. Гэта іншы чалавек, з іншага пакалення, з іншай цывілізацыі, з іншымі каштоўнасцямі. Ніякай размовы пра супольную будучыню з ім у нас быць не можа.

Фота: twitter Мустафы Наема

Поделиться ссылкой: