Лябедзька ідзе ў прэзыдэнты. Ён стаміўся чакаць «Народнага рэфэрэндуму»

3

«АГП стамілася чакаць, калі ўжо з’явіцца кандыдат ад «Народнага рэфэрэндуму», — адзначыў Анатоль Лябедзькаў размове з Радыё Свабода.

«Сёння задача нумар адзін — гэта супольны сцэнар. Нават не адзіны кандыдат. Калі мы кажам пра прэтэндэнтаў, то на сённяшні дзень юрыдычна аформлена і палітычна акрэслена рашэнне Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Заявіў аб сваёй пазыцыі таксама Мікола Статкевіч. Усё астатняе — гэта: ці то вылучаем, ці то не вылучаем, ці ідзем, ці не ідзем. Вось у гэтым праблема. Сёння не шмат людзей, якія рэальна жадаюць удзельнічаць у выбарчай кампаніі. Таму патрэбен агульны сцэнар, агульныя мэты і задачы кампаніі, і сынхроннасць дзеянняў розных палітычных структураў. Таму, калі дойдзе да практычнай рэалізацыі чарговай заявы „Народнага рэфэрэндуму“, то я лічу, што гэта будзе крок наперад», — заявіў палітык.

Калі кандыдат у прэзідэнты ад «Народнага рэфэрэндуму» з’явіцца, то Лябедзька гатовы з ім размаўляць:

«Нам сёння не хапае матываванага чалавека, які мае волю і жаданне, за якім ёсць арганізаваныя структуры, для таго каб праз стол перамоваў дамаўляцца: або — што будзе адзін кандыдат, або — што гэта будзе адзін сцэнар з некалькімі спікерамі», — падкрэсліў ён.

Лябедзька нагадаў, што год таму зьезд Аб’яднанай грамадзянскай партыі вылучыў старшыню партыі як свайго прэтэндэнта на ўдзел у прэзыдэнцкай кампаніі.

«Мы адразу заявілі, што мы гатовыя з тымі, хто мае амбіцыі, тымі, хто мае за сабой арганізаваную структуру, супольна размаўляць на прадмет удзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі. З таго часу ніводная іншая структура, акрамя слоў, нічога на практыцы не зрабіла. Таму я спакойна стаўлюся да новых чарговых заяваў. Зразумела, было б добра, калі б „Народны рэфэрэндум“ меў свайго прэтэндэнта — гэта б дазволіла нам супольна пачаць працаваць па падрыхтоўцы прэзыдэнцкай кампаніі», — заявіў палітык.

Лябедзька адзначае, што частка ўдзелу АГП у выбарчай кампаніі — вылучэньне Статкевіча (які, зразумела, не атрымае юрыдычнай рэгістрацыі як кандыдат у прэзыдэнты) і актуалізацыя праблемы палітвязьняў.

«Для нас выбараў няма, мы называем гэта кампаніяй. Мы лічым, што ў гэтай кампаніі павінна быць некалькі спікераў — адным з іх павінен быць Мікола Статкевіч», — адзначыў палітык.

Адказваючы на ўдакладняльнае пытаньне Радыё Свабода, ці збіраецца ўсё ж такі Лябедзька вылучаць сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах, ён заявіў:

«Ніхто ў нас рашэння з’езду не адмяняў. Безумоўна, мы будзем улічваць усе нюансы: напрыклад, калі пачнецца зачыстка палітычнай прасторы, сітуацыя будзе іншая. На сённяшні дзень мы планамерна вядзем падрыхтоўку і працуем па некалькіх галоўных кірунках. Мы маем намер выкарыстаць гэтую кампанію для таго, каб напрыканцы яе з’явіўся новы палітычны рух, вельмі шырокі, каб альтэрнатыва, перш за ўсё эканамічная, была прыцягальная для людзей. Наша задача — істотна павялічыць колькасць удзельнікаў палітычнага працэсу».

Магчымасці правядзення масавых акцый пратэсту падчас прэзідэнцкай кампаніі Лябедзька не выключае.

«Аб’яднаная грамадзянская партыя — не прыхільніца рэвалюцыі, мы за эвалюцыйны шлях развіцьця, але ў грамадзян ёсць права на пратэст», — кажа ён.

Лябедзька ідзе ў прэзыдэнты. Ён стаміўся чакаць «Народнага рэфэрэндуму»

Пра Плошчу і ня думаем, — Калякін

Сяргей Калякін

«Істотнае павелічэньне колькасці ўдзельнікаў палітычнага працэсу», пра што кажа Лябедзька, было адной з галоўных задач Грамадзянскага альянсу за справядлівыя і сумленныя выбары для лепшага жыцьця «Талака», які быў створаны яшчэ напрыканцы 2013 году. У «Талаку», акрамя АГП, уваходзіць Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» і яшчэ 5 невялікіх дэмакратычных арганізацый, ніводная з якіх ня мае афіцыйнай рэгістрацыі. «Талака» стваралася як кааліцыя, якая будзе альтэрнатывай кааліцыі «Народнага рэфэрэндуму», але пра агульнага кандыдата ад гэтага аб’яднаньня гаворка ніколі не ішла.

Старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін у размове з карэспандэнтам Радыё Свабода не даў адназначнага адказу на пытанне, ці падтрымае партыя кандыдата ад «Народнага рэфэрэндуму».

«Мы пакуль пачакаем, калі яны прымуць рашэнне. Мы пра гэты чуем ужо даўно, і ніякай навіны тут няма. У іх будзе свой кандыдат? Вось калі будзе кандыдат, тады мы будзем прымаць рашэнне, як да яго ставіцца і як з ім працаваць», — падкрэсліў Калякін.

Палітык таксама не змог распавесці пра планы «Справядлівага свету» на гэтую прэзідэнцкую кампанію. Паводле ягоных слоў, гэтае пытанне будзе вырашацца на зьездзе партыі 16–17 траўня.

Што тычыцца пытання сцэнару масавых акцый пратэсту падчас выбараў, то Калякін лічыць сёння гэтае пытанне трэцярадным.

«Гэтае пытанне з’яўляецца трэцярадным, і мы пакуль нават не думалі пра гэта. Плошча не з’яўляецца інструмэнтам змены ўлады», — заявіў старшыня «Справядлівага свету».

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч паведаміў у панядзелак, што агульны кандыдат у прэзідэнты ад кампаніі «Народны рэфэрэндум» павінен быць вылучаны ў сярэдзіне красавіка. Рашэньне наконт агульнага кандыдата ў прэзідэнты будзе прымацца кіраўнікамі арганізацыяў-удзельнікаў «Народнага рэфэрэндуму» (Партыя БНФ, рух «За свабоду», кампанія «Гавары праўду» і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада») паводле прынцыпу кансэнсусу.

У сваю чаргу, сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрыьціянская дэмакратыя» Павел Севярынец заявіў у інтэрвію Радыё Свабода, што БХД не збіраецца ні вылучаць уласнага кандыдата ў прэзідэнты, ні падтрымліваць кандыдата ад «Народнага рэфэрэндуму».

Поделиться ссылкой: