На сераду, 11 лютага, у Мінску запланавана сустрэча лідараў дзяржаў “нармандскага фармату” па ўкраінскім пытанні з удзелам прэзідэнтаў Расіі, Украіны і Францыі, а таксама канцлера Германіі.
Як паведамлялася раней, дамоўленасць аб правядзенні ў Мінску 11 лютага сустрэчы была дасягнута кіраўнікамі краін “нармандскай чацвёркі” падчас тэлефоннай канферэнцыі ў мінулую нядзелю. Суразмоўцы таксама дамовіліся, што папярэдне, 9 лютага, у Берліне пройдуць экспертныя кансультацыі прадстаўнікоў МЗС Украіны, Расіі, Германіі і Францыі, а 10 лютага — сустрэча трохбаковай кантактнай групы з удзелам бакоў, якія падпісалі мінскія дамоўленасці, паведаміла прэс-служба ўкраінскага прэзідэнта.
Пазней у той дзень Уладзімір Пуцін заявіў: сустрэча ў “нармандскім фармаце” 11 лютага адбудзецца, “калі да таго часу ўдасца ўзгадніць шэраг пазіцый.
Аналагічная заява прагучала вечарам 8 лютага і ад прадстаўніка Кіева. Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Украіны Валерый Чалы на сваёй старонцы ў Facebook удакладніў: сустрэча ў нармандскім фармаце ў Мінску магчымая толькі ў выпадку яе паспяховай падрыхтоўкі.
Прадстаўнікі краін так званай нармандскай чацвёркі сабраліся 9 лютага ў МЗС ФРГ на сустрэчу па Украіне. Сустрэча праходзіла за зачыненымі дзвярыма. Перад яе пачаткам афіцыйны прадстаўнік МЗС ФРГ Марцін Шэфер папярэдзіў журналістаў, што інфармацыя аб змесце сустрэчы распаўсюджвацца не будзе. “Гэта не толькі не прынята, але і, верагодна, можа нашкодзіць”, — патлумачыў Шэфер. Што да запланаванай на 11 лютага ў Мінску сустрэчы лідараў краін “нармандскай чацвёркі”, то, паводле слоў Шэфера, пытанне яе правядзення па-ранейшаму застаецца адкрытым. “Мы зробім усё для таго, каб гэта атрымалася”, — цытуе нямецкага дыпламата ТАСС.