У Мінску адбудзецца сустрэча Парашэнкі, Пуціна, Меркель і Аланда

0

Кіраўнікі Украіны, Расіі, ФРГ і Францыі 8 лютага абмеркавалі падчас тэлефоннай канферэнцыі ў нармандскім фармаце шляхі дасягнення мірнага ўрэгулявання сітуацыі ў Данбасе. “Суразмоўцы дасягнулі прагрэсу ў абмеркаванні комплексу мер па імплементацыі мінскіх дамоўленасцяў”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Парашэнкі.

 
Суразмоўцы дамовіліся правесці экспертныя кансультацыі ў Берліне прадстаўнікоў МЗС у панядзелак, 9 лютага, і сустрэчу трохбаковай кантактнай групы па Украіне ў аўторак, 10 лютага, з удзелам падпісантаў мінскіх дамоўленасцяў.

“Пётр Парашэнка, Франсуа Аланд, Ангела Меркель і Уладзімір Пуцін дамовіліся правесці сустрэчу ў нармандскім фармаце ў сераду, 11 лютага, у Мінску, — паведамляе прэс-служба. — Яны таксама чакаюць, што іх намаганні падчас сустрэчы ў Мінску прывядуць да неадкладнага і безумоўнага двухбаковага спынення агню”.

Пра сустрэчу, якая рыхтуецца ў Мінску, паведаміў 8 лютага і афіцыйны прадстаўнік урада ФРГ Штэфан Зайберт. Паводле яго слоў, 8 лютага лідары чатырох краін падчас тэлефоннай канферэнцыі “працягнулі працаваць над пакетам мер у кантэксце іх намаганняў па ўсёабдымным урэгуляванні канфлікту ва ўсходняй Украіне”, перадае Рэйтэр.

Паводле слоў Зайберта, “гэтая праца будзе працягвацца заўтра ў Берліне з мэтай правядзення саміту ў нармандскім фармаце ў сераду ў Мінску”.

Фота: dialog.ua

Поделиться ссылкой: